17 ліпеня суд Ленінскага раёну Горадні разгледзеў адміністрацыйныя справы гарадзенца Сяргея Калмыкова, які праходзіць у справе Ціханоўскага. Яго прызналі вінаватым у непадпарадкаваньні міліцыі, але апраўдалі ў дробным хуліганстве і пакаралі штрафам у памеры 810 рублёў.
20-гадовага гарадзенца Сяргея Калмыкова затрымалі на Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня. Ён прыйшоў на пікет, каб паставіць подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую. Яго затрымалі адразу пасьля штурханіны на плошчы, пасьля якой міліцыянт апынуўся на зямлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выпусьцілі маладзёна, якога затрымалі ў Горадні разам зь ЦіханоўскімСяргея выпусьцілі зь СІЗА на Валадарскага ў Менску 5 чэрвеня пад падпіску аб нявыезьдзе. Ён застаўся абвінавачаным у крымінальнай справе аб гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі.
Пасьля вызваленьня Калмыкова зь СІЗА стала вядома, што ў дачыненьні да яго вядзецца адміністрацыйны працэс за дробнае хуліганства і супраціў супрацоўніку міліцыі (арт. 17.1 і 23.4 КаАП Беларусі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фігурант «справы Ціханоўскага», які выйшаў на волю: «Я да ўсяго гатовы»Працэс вяла судзьдзя Ларыса Барэль. Суд пачаўся 17 чэрвеня, але справу накіравалі на дапрацоўку.
Паводле пратаколу, Калмыкоў увечары 29 траўня лаяўся ў грамадзкім месцы блізу Савецкай плошчы. Да таго ж, калі яго затрымлівалі за лаянку, ён супраціўляўся, адмаўляўся ісьці ў службовы аўтамабіль і спрабаваў уцячы. Малады чалавек сваёй віны не прызнаў па абодвух артыкулах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль тры месяцы арышту. Падсумоўваем маратон адміністрацыйных судоў па «справе Ціханоўскага»На судзе выступілі сьведкамі супрацоўнікі АМАП Алег Лычагін і Сяргей Клыжук. Падчас судовага паседжаньня стала вядома, што Калмыкоў пасьля вызваленьня зь СІЗА ажаніўся. Сьведкай таксама выступіла ў судзе ягоная жонка Ірына. Да таго ж на судзе выступіў сьведкам непаўналетні Я. у прысутнасьці маці, якога затрымалі разам з Калмыковым.
Суд пакараў Калмыкова за непадпарадкаваньне міліцыі 810 рублямі штрафу. Па дробным хуліганстве суд яго апраўдаў, бо не знайшлося доказаў віны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага блогера Ціханоўскага і яго паплечнікаў перавялі ў менскі сьледчы ізалятарНад дзевяцьцю фігурантамі «справы Ціханоўскага» ўжо прайшлі адміністрацыйныя суды за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. Прысуды — ад 5 да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.