Ксёндз Завальнюк адмовіўся ад пілігрымкі па Беларусі на монаколе пасьля крытыкі з боку мітрапаліта Кандрусевіча

Настаяцель Чырвонага касьцёла, менскі ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк 29 чэрвеня выправіўся ў паломніцтва на монаколе

Пробашч Чырвонага касьцёла ў Менску, 70-гадовы​ Ўладзіслаў Завальнюк ад 29 чэрвеня да 2 ліпеня праехаў як пільгрым зь Менску ў Будслаў на монаколе. Але ад ідэі пільгрымкі вакол Беларусі мусіў адмовіцца.

Уладзіслаў Завальнюк паведаміў на Facebook, што адмовіўся ад пільгрымкі «зь незалежных ад яго прычын». Ён падзякаваў вернікам, якія яго «духоўна суправаджалі і былі гатовыя далучыцца ў малітве і пастах цягам плянаванай 20-дзённай пільгрымкі». Ён дадаў, што ва ўсе гэтыя дні будзе служыцца Сьвятая імша аб пазбаўленьні Беларусі ад каранавірусу.

Пільгрымка на Будслаў прайшла пасьпяхова, нягледзячы на моцны дождж 30 чэрвеня. 2 ліпеня ў Будславе адслужылі імшу з удзелам айца Ўладзіслава Завальнюка і мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Пробашч рухаўся з хуткасьцю прыкладна 25 км/гдз, праз кожныя 5–7 км рабіў прыпынак, адпачываў 15–20 хвілін і ехаў далей. У дарозе служыў імшу і праводзіў абрад адарацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 70-гадовы ксёндз Уладзіслаў Завальнюк даехаў на фэст у Будслаў на монаколе

Кіраўнік Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч 14 ліпеня жорстка выказаўся пра новую ініцыятыву пробашча Чырвонага касьцёла ў Менску ксяндза Ўладзіслава Завальнюка.

У заяве кіраўніка Каталіцкай царквы Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча чатыры пункты:

1. Каталіцкая царква зь першых дзён распаўсюджваньня гэтай заразнай і вельмі небясьпечнай эпідэміі заклікала і далей заклікае маліцца ў інтэнцыі выбаўленьня ад яе і пераадоленьня выкліканых ёю наступстваў. Для гэтага было арганізавана шмат пастырскіх акцый як на агульнабеларускім, так і на дыяцэзіяльным узроўні.

2. Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк не зьвяртаўся да Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі з прапановай арганізаваць яго аднаасобную пільгрымку па пэрымэтры Беларусі. Таму яму ніхто не даваў дабраслаўленьня на гэтую акцыю.

3. Пільгрымка, якую арганізаваў Уладзіслаў Завальнюк, носіць прыватны характар і ажыцьцяўляецца ў межах належнага кожнаму сьвятару штогадовага адпачынку.

4. Кананічнае права Каталіцкай царквы (канон 935) забараняе нашэньне пры сабе Найсьвяцейшага Сакрамэнту, таму Ўладзіслаў Завальнюк ня можа браць яго з сабой у пільгрымку, гаворыцца ў заяве арцыбіскупа Кандрусевіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бог нас абараняе, але даў нам розум». Мітрапаліт Кандрусевіч распавёў пра меры Касьцёлу падчас пандэміі

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ