Былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала сьцьвярджаў, што за яго вылучэньне сабралі каля 200 тысяч подпісаў, пасьля праверкі ў выбаркамы здалі 160 тысяч. Аднак Цэнтарвыбаркам прызнаў толькі 75 тысяч, што недастаткова для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыку і Цапкалу не зарэгістравалі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Лукашэнку, Ціханоўскую, Канапацкую, Дзьмітрыева, Чэрачня — такПрадстаўніца ЦВК агучвае вынікі праверкі падпісных лістоў: ЦВК адхіліла больш за палову подпісаў, засталося менш за 100 тысяч подпісаў. У дэклярацыі жонкі Цапкалы заўважылі непазначаныя акцыі «Приорбанка», а гэта парушэньне істотнага характару.
Кіраўнік ініцыятыўнай групы Цапкалы Андрэй Ланкін заявіў, што экспэртызы подпісаў ня маюць юрыдычнай моцы. ЦВК ж заяўляе, што паўсюль былі пацьвярджальныя дакумэнты аб экспэртызах подпісаў і праверках іншых зьвестак пра падпісантаў.
Таксама не адпавядае пададзеная сума гадавога даходу Веранікі Цапкалы, жонкі прэтэндэнта. Але з улікам, што сума меншая за 20%, парушэньне прызналі неістотным.
Аднак пры гэтым Вераніка Цапкала не адлюстравала ў дэклярацыі акцыі «Приорбанка», што зьяўляецца сур’ёзнай хібай.
Ярмошына прапанавала не рэгістраваць Цапкалу праз подпісы і недакладныя зьвесткі з дэклярацыі жонкі. За адхіленьне Цапкалы прагаласавалі адзінагалосна.
Цэнтральная выбарчая камісія на паседжаньні 14 ліпеня адмовіла ў рэгістрацыі Валера Цапкалы кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі на падставе недастатковай колькасьці прызнаных подпісаў за яго вылучэньне.
Штаб Цапкалы адзначаў, што 94,36% подпісаў забракавалі ў выбарчых камісіях за тое, што дата каля подпісу была пастаўленая нібыта ня тым жа чалавекам, які падпісаўся. Зь ліставаньня, паказанага штабу, вынікае, што запыт на экспэртызу з выбаркаму ў Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў падалі на наступны дзень па завяршэньні праверкі подпісаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Цапкалы: 94,36% подпісаў забракавалі, бо дату «паставіў ня той чалавек», але экспэртызаў не праводзіліНезадоўга да паседжаньня ЦВК у ананімных Telegram-каналах зьявілася «сэкс-відэа» нібыта з удзелам Цапкалы і дзьвюх жанчын. У штабе перакананыя, што на відэа падстаўны актор, сам Цапкала не камэнтаваў зьяўленьня роліка.
Што адбываецца каля ЦВК. Жывая трансьляцыя
Хто прэтэндуе, а хто ўжо не
Раней ЦВК прызнала, што больш за 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата, сабралі ініцыятыўныя групы:
- Аляксандра Лукашэнкі, дзейнага кіраўніка дзяржавы;
- Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанку»;
- Андрэя Дзьмітрыева, старшыні кампаніі «Гавары праўду»;
- Ганны Канапацкай, былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў;
- Сьвятланы Ціханоўскай, жонкі зьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага;
- Сяргея Чэрачня, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.
Не здавалі подпісаў ініцыятыўныя групы Алега Гайдукевіча, Юрыя Ганцэвіча, Юрася Губарэвіча, Вольгі Кавальковай, Мікалая Казлова, Натальлі Кісель, Уладзімера Няпомняшчых, Алеся Таболіча.
Хто за кратамі
У зьняволеньні цяпер знаходзяцца прызнаныя палітвязьнямі Віктар Бабарыка, ягоны сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка, чальцы ініцыятыўнай групы Бабарыкі Ўладзімер Дудараў, Алена Карагачава, Дзьмітры Карака і Сьвятлана Купрэева; чальцы ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Аляксандар Кабанаў, Зьміцер Фурманаў, Арцём Сакаў і Андрэй Новікаў.
Акрамя таго, палітвязьнямі прызнаныя зьняволеныя блогер Сяргей Ціханоўскі і палітык Мікалай Статкевіч (якім адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў), а таксама Павал Севярынец (зьбіраўся ў кандыдаты праз праймэрыз апазыцыі, зьняў кандыдатуру і заклікаў да байкоту) і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкорд Бабарыкі, подпісы Канапацкай і дом Цапкалы: Чым запомніліся прэтэндэнты ў прэзыдэнтыПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.