Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«​Актору можна толькі пазайздросьціць». Прадстаўнік штабу Цапкалы пракамэнтаваў сэкс-відэа «​з чалавекам, падобным да Цапкалы»


Валер Цапкала, архіўнае фота
Валер Цапкала, архіўнае фота

Кіраўнік прэс-службы прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Валера Цапкалы Аляксей Урбан пракамэнтаваў відэаролік, на якім мужчына, «​падобны да Валера Цапкалы», мае зносіны з дзьвюма жанчынамі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

9 ліпеня ў адным з ананімных Telegram-каналаў зьявілася відэа, на якім мужчына, як сьцьвярджаецца, падобны да Валера Цапкалы, камунікуе за сталом з дзьвюма жанчынамі, а пазьней на кадрах мужчына і дзьве жанчыны займаюцца каханьнем у ложку.

Аляксей Урбан адзначыў, што сам Валер не камэнтуе згаданае відэа. Урбан мяркуе, што ролік сваёй нізкай якасьцю пацьвярджае сваю недакладнасьць.

«​Ён складаецца з двух фрагмэнтаў​, — адзначыў Урбан. — На адным няма нічога дзіўнага ці нечага, што прадугледжвае грамадзкае ганьбаваньне. Другі фрагмэнт зьлеплены няўмела, і ні пра што ня кажа ў дачыненьні да нашага прэтэндэнта. Там нічога нельга распазнаць. Складана дакладна сьцьвярджаць, што там ёсьць дачыненьне, у другім фрагмэнце, да нашай палітычнай кампаніі».

Кіраўнік прэс-службы штабу Цапкалы мяркуе, што зьяўленьне гэтага роліка можа сьведчыць пра лінію дыскрэдытацыі палітычнай кампаніі Цапкалы.

«​У каго яна магла зьявіцца і як яна магла зьявіцца, дадумвайце самі»​, — пракамэнтаваў Урбан.

Прадстаўнік штабу таксама адзначыў, што дзеяньні чалавека ў роліку, на ягоны погляд, не зьяўляюцца супрацьзаконнымі.

«​Паколькі мы гэта да сябе не адносім, то і асуджэньня з гэтай нагоды не выказваем... Мужчына, які зьняўся ў роліку, на наш погляд, ня робіць нічога страшнага​, — дадаў Урбан. — Гэтаму актору, падобнаму да Цапкалы, можна толькі пазайздросьціць».

Ён таксама расказаў, што ніхто ў штабе не дазволіў сабе задаць Цапкалу пытаньне, ці гэта менавіта ён фігуруе ў гэтым роліку, «што сьведчыць пра павагу і такт у штабе да прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта».

«​Празь ягоны спакой і непарушнасьць я разумею, што гэта ня ён. Інакш ён пачаў бы злавацца, нэрвавацца. Ён быў толькі непрыемна зьдзіўлены нізкай якасьцю інфармацыі пра сябе»​, — адказаў Урбан.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG