Сусьветная арганізацыя аховы здароўя паведаміла, што штодзённая колькасьць выпадкаў заражэньня каранавірусам у сьвеце перавысіла 66 тысяч за дзень. У ЗША ў выходныя быў пастаўлены новы антырэкорд.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Паводле дадзеных Унівэрсітэту Джонза Гопкінза, колькасьць хворых на COVID-19 у сьвеце перавысіла 13 млн чалавек, памерлі больш як 571 тысяча. На першым месцы ў колькасьці сьмерцяў па-ранейшаму знаходзяцца ЗША — там ахвярамі каранавірусу сталі ўжо амаль 138 тысяч чалавек. Найбольш новых інфікаваных прыпадае на Мэксыку (4428, 276 чалавек памерла), Пакістан (2573 і 69 адпаведна) і Філіпіны (2037 і 162 адпаведна).
ЗША
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зьявіўся перад камэрамі ў масцы — упершыню за ўвесь час пандэміі — калі адправіўся ў вайсковы шпіталь імя Ўолтара Рыда ў прыгарадзе Вашынгтону, каб сустрэцца з параненымі вайскоўцамі і мэдычнымі работнікамі, што даглядаюць пацыентаў з COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Трамп упершыню зьявіўся на публіцы ў масцыКіраўнік Белага дому выказваўся пра маскі неадназначна. Ён прызнаваў, што было б дарэчна надзяваць маскі ў памяшканьнях, дзе людзі знаходзяцца блізка адзін да аднаго. Але ў той жа час абвінавачваў журналістаў у тым, што яны носяць маскі толькі для таго, каб выглядаць паліткарэктнымі.
ЗША — сусьветныя лідары ў колькасьці хворых і памерлых ад каранавіусу. На думку эпідэміёлягаў, гэта зьвязана з тым, што ня выпрацаваны адзіны мэханізм стрымліваньня эпідэміі. Улады асобных штатаў робяць намаганьні на мясцовым узроўні, але стратэгіі фэдэральнага маштабу няма.
Расея
У Расеі за мінулыя суткі каранавірус выявілі ў 6615 чалавек, 130 пацыентаў памерлі, паведамляе апэратыўны штаб барацьбы з эпідэміяй. Усяго ў Расеі ад пачатку распаўсюджваньня вірусу захварэлі 727 тысяч чалавек (4-е месца ў сьвеце), памерлі 11335 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэйчанка просіць Расею як мага хутчэй зьняць памежныя бар’ерыУ Сечанаўскім унівэрсытэце ў нядзелю абвясьцілі аб завяршэньні клінічных выпрабаваньняў вакцыны супраць каранавірусу на добраахвотніках. Усяго ў сьвеце каля 200 арганізацый вядуць распрацоўкі вакцыны, 18 прэпаратаў выпрабоўваюць на людзях.
Беларусь
Міністэрства здароўя Беларусі увесь травень і пачатак чэрвеня штодня давала практычна аднолькавую статыстыку: плюс восем-дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за суткі. У другой палове чэрвеня афіцыйная статыстыка пачала паказваць спад колькасьці «актыўных выпадкаў» (за кошт вялікай колькасьці выпісаных) і меншую колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень. На 12 ліпеня афіцыйная статыстыка выглядала так: 64 932 інфікаваныя і 464 сьмерці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 165 новых выпадкаў і 5 прызнаных сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 12 ліпеняУкраіна
Ва Ўкраіне за суткі каранавірусам заразіліся 612 чалавек. Памерлі — 15, а ачунялі 385 пацыентаў.
Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны заявіла, што пакуль не гатовыя аслабляць карантын у каранавірусе 7 абласьцей: Віньніцкая, Валынская, Данецкая, Закарпацкая, Ровенская, Харкаўская і Чарнігаўская.
Вялікая Брытанія
У Вялікай Брытаніі ў суботу адкрыліся басэйны і тэатры пад адкрытым небам, а таксама палі для гульні ў крыкет. У краіне працягваюцца спрэчкі наконт абавязковага нашэньня масак у грамадзкіх месцах. Пакуль што ўлады заяўлялі, што разьлічваюць на здаровы сэнс грамадзянаў і не зьбіраюцца ўводзіць абавязковых захадаў. Вялікая Брытания займае 7-е месца ў сьвеце ў колькасьці заражаных людзей. Апошнім часам там фіксуецца нізкі прырост сьмяротнасьці; для ўсіх, хто ўяжджае ў краіну, абавязковы 14-дзённы карантын.
Сэрбія
Вечарам 10 ліпеня ў сталіцы Сэрбіі адбыліся жорсткія сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй пад будынкам парлямэнту. Нагодай да пратэсту стала ўвядзеньне камэнданцкага часу ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.
Дэманстрацыі пачаліся на мінулым тыдні, калі ўлады краіны абвясьцілі аб паўторным увядзеньні карантыну. Пратэсты распаўсюдзіліся зь Бялграду на іншыя буйныя гарады: Ніш, Крагуевац, Нові-Сад. Поліцыя кажа пра арышт 70 пратэстоўцаў, 19 чалавек паведамілі пра траўмы.
Харватыя
Харватыя ў суботу паведаміла пра самае высокае штодзённае павелічэньне колькасьці пацьверджаных выпадкаў каранавірусу. Паводле харвацкага крызіснага штабу, на працягу 24 гадзін заразіліся 140 чалавек, усяго ў Харватыі цяпер 1088 хворых на COVID-19. Ад 13 ліпеня тут зноў зрабілі абавязковым нашэньне масак у крамах.
Баўгарыя
У Баўгарыі ўлады вярнулі абмежавальныя захады, зьнятыя некалькі тыдняў таму. Памяшканьні ў начных клюбах і на дыскатэках было загадана закрыць у пятніцу, а адкрытыя пляцоўкі абмежавалі да 50 адсоткаў умяшчальнасьці. Вясельлі і хрышчэньні абмежаваныя да 30 чалавек, а спартовыя мерапрыемствы могуць праводзіцца толькі без гледачоў. Пасьля пацверджаньня рэкордных 330 новых выпадкаў у пятніцу Баўгарыя паведаміла пра 208 выпадкаў як у суботу, так і ў нядзелю. На сёньня ў краіне зарэгістравана 3597 выпадкаў і 267 сьмерцяў ад каранавірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз адкрые ад 1 ліпеня межы для 14 краін. Беларусі сярод іх нямаЧэхія
Першыя чэскія турысты, якія вяртаюцца з-за мяжы, прывозяць каранавірус. Гэта пацьвердзіў міністар аховы здароўя Адам Войцех. «Так, мы ўжо зарэгістравалі першыя выпадкі заражэньня людзей, якія вярнуліся з адпачынку. Але пакуль гэта сапраўды адзінкі, а не дзясяткі выпадкаў», — сказаў Войцех.
Улады неахвотна кажуць пра тое, якія гэта краіны. Міністар аховы здароўя заявіў, што ў асноўным іх тры — Харватыя, Баўгарыя і Грэцыя. Гэта месцы, куды чэхі часьцей за ўсё едуць адпачываць на мора.
Альбанія
У Альбаніі таксама назіраецца значны рост колькасьці інфікаваных ад сярэдзіны траўня, калі гэтая краіна аслабіла захады дзеля лякалізацыі пандэміі. «Не зьніжайце пільнасьці і выконвайце правілы гігіены», – заклікалі органы аховы здароўя Альбаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На першы самалёт у Альбанію раскупілі усе квіткі. У якія яшчэ краіны могуць трапіць беларусы?Гішпанія
Урад Гішпаніі накіруе ў курортныя рэгіёны краіны 40 тысяч паліцыянтаў, якія будуць кантраляваць захаваньне санітарных захадаў бясьпекі. Пра гэта паведамляе The Local.
«Каб забясьпечыць выкананьне захадаў бясьпекі, 40 тысяч афіцэраў Нацыянальнай паліцыі і Цывільнай гвардыі будуць дадаткова разьмешчаныя ў самых папулярных турыстычных рэгіёнах Гішпаніі, у тым ліку на Балеарскіх і Канарскіх астравах, у Валэнсіі і Мадрыдзе», — гаворыцца ў паведамленьні.
Прайшло больш за два тыдні, як Гішпанія зноў адкрыла межы для турыстаў з краін шэнгенскай зоны. Аднак шмат курортаў па ўсёй краіне запоўненыя менш як напалову.
Гэта падштурхнула ўрад да запуску дзьвюх кампаній — Апэрацыя «Лета» і «Плян бясьпечнага турызму». Яны закліканыя прадставіць Гішпанію як «адзін з самых бясьпечных турыстычных кірункаў на плянэце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гішпанія адкрыла межы для турыстаў з Эўропы, у штабе Трампа захварэлі шэсьць супрацоўнікаўІзраіль
У Ізраілі тысячы людзей выйшлі на акцыю пратэсту ў суботу. Яны не задаволеныя тым, як урад дае рады крызісу, справакаванаму каранавірусам.
Дэманстрацыя ў Тэль-Авіве была арганізаваная тымі, хто больш за ўсё пацярпеў фінансава — уладальнікамі невялікіх кампаній, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і прадстаўнікамі сфэры мастацтва. Яны абураныя тым, што ўрадавыя выплаты прыходзяць са спазьненьнем, некаторым давялося чакаць фінансавай дапамогі месяцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль зноў уводзіць абмежаваньні пасьля новага ўсплёску COVID-19Індыя
У Індыі чарговы выбух колькасьці заражаных — іх ужо 820 тысяч. У нядзелю стала вядома, што каранавірусам заразілася адна з самых вядомых індыйскіх акторак Айшвар’я Рай, а таксама яе муж і дачка.
Індыя займае 3-е месца ў сьвеце ў колькасьці хваробаў ад COVID-19 пасьля ЗША і Бразыліі (за 1,8 млн) і 8-е ў колькасьці памерлых.
Лацінская Амэрыка
Сытуацыя ў Лацінскай Амэрыцы ў цэлым працягвае пагаршацца. У першую дзясятку краін свету з самымі дрэннымі паказьнікамі захворваньня ўваходзяць чатыры лацінаамэрыканскія дзяржавы — Бразылія, Пэру, Чылі і Мэксыка.
У Бразыліі ў нядзелю адмянілі матч адноўленага некалькі дзён таму чэмпіянату штату Катарына ў футболе, пасьля таго як станоўчы аналіз на каранавірус быў выяўлены адразу ў 14 гульцоў адной з камандаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: COVID-19 у сьвеце: Казахстан ізноў увёў карантын, у Індыі адклалі адкрыцьцё Тадж-МагалуАфрыка
Тэмпы распаўсюду каранавірусу ў Афрыцы паскорыліся. Пра гэта заявіла дырэктар афрыканскага рэгіянальнага бюро Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) Матшыдыса Моэці.
Прадстаўніца арганізацыі расказала, што эпідэмія шырока выйшла за межы сталіц краін кантынэнту. Сур’ёзнай праблемай можа стаць недахоп тэстаў і іншага мэдычнага абсталяваньня. Пры гэтым адзначаецца, што мясцовыя ўлады імкнуцца стрымліваць распаўсюджваньне вірусу.
Reuters перадае словы Моэці аб 200 000 выпадкаў заражэньня ў Афрыцы і каля 5 000 сьмерцяў. Пры гэтым дзесяць краін — так званыя рухавікі эпідэміі, на іх прыпадае 75 адсоткаў ад усіх выпадкаў.
Экспэрты зьвяртаюць увагу на рэзкае павелічэньне колькасьці хворых у ПАР, на якую прыпадае больш за 40% усіх зарэгістраваных выпадкаў каранавірусу на афрыканскім кантынэнце.