Лінкі ўнівэрсальнага доступу

165 новых выпадкаў і 5 прызнаных сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 12 ліпеня


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства здароўя Беларусі апублікавала 12 ліпеня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку пашырэньня COVID-19.

Увесь травень і пачатак чэрвеня штодня давалі практычна аднолькавую статыстыку: плюс восем-дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за суткі. У другой палове чэрвеня афіцыйная статыстыка пачала паказваць спад колькасьці «актыўных выпадкаў» (за кошт вялікай колькасьці выпісаных) і меншую колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень. Гэтым лічбам выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі, лічбы зьдзіўляюць знаёмых з законамі матэматычнай статыстыкі.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 12 ліпеня ў Беларусі:

  • агулам 64 932 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 464 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікіяродзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 55 380 пацыентыпаправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 165 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 461 чалавека;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» 9088;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 134 653 тэсты;
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.

Днём раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра пацьверджаныя 64 604 выпадкі COVID-19 (плюс 193 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 454 чалавек (плюс 5 за дзень), выпісалі 54 254 чалавек (645 ​за дзень).

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.

На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» наконт выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка не скасаваў вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, цісьне рукі пры сустрэчах. Прэзыдэнцкія выбары праз каранавірус ня сталі пераносіць, адмовіліся рабіць дыстанцыйнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG