58-гадовы жыхар Горадні Раман расказаў Tut.by пра звальненьне з працы за прагулы — ён быў на самаізаляцыі як «кантакт І узроўню» з хворай на COVID-19, але ў бальнічным «згубіліся» два дні.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле Рамана, 22 траўня ягоная цывільная жонка Натальля трапіла ў лякарню — там у яе дыягназавалі COVID-19. Натальля расказвае, што адчула сябе блага яшчэ 20 траўня, выклікала лекара, ёй паставілі дыягназ «бранхіт», зь якім 22-га яна пайшла ў паліклініку. Ужо ў паліклініцы яе ўважліва агледзелі, рэнтгенаўскі здымак паказаў паражэньне 50% лёгкіх — яе накіравалі ў лякарню, дзе і выявілі каранавірус.
У лякарні яна расказала, што жыве з Раманам. Ёй паабяцалі, што ў на наступны дзень — у суботу, 23 траўня — да іх дамоў прыедзе санстанцыя і лекары. У той жа дзень Раману патэлефанавалі з гарадзкой паліклінікі і сказалі быць на самаізаляцыі. Але толькі 27-га яму зрабілі тэст і прывезьлі дакумэнты аб рэжыме самаізаляцыі. Бальнічны ліст выпісалі толькі з моманту, калі ўзялі тэст (які аказаўся адмоўным), а ня з моманту пачатку самаізаляцыі, і да 9 чэрвеня. Паўторны тэст прыйшлі браць толькі позна ўвечары 9 чэрвеня — у гэты дзень Раман не хадзіў на працу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанец, які прыяжджаў у Менск на парад, захварэў на COVID-19 і ледзь не памёрРаман сьцьвярджае, што папярэдзіў працадаўцу — кампанію «Колерліт» — пра самаізаляцыю. Але на працы яму паставілі прагулы за 25 і 26 траўня, а таксама 9 чэрвеня, згодна бальнічнаму. За гэтыя прагулы мужчыну звольнілі 29 чэрвеня.
На прадпрыемстве Tut.by заявілі, што дзейнічалі згодна з законам і «проста так супрацоўнікаў не звальняюць». У прафсаюзе заявілі, што вядуць перамовы з адміністрацыяй, але «і самому супрацоўніку нельга пускаць на самацёк важныя моманты працоўнай дзейнасьці». У паліклініцы сказалі, што дзейнічалі згодна з інструкцыяй: бальнічны адкрываюць з моманту, калі паступае інфармацыя пра «кантакта І узроўню» ад санстанцыі або ад хворага, які выклікае тэрапэўта з паліклінікі. Пра тое, што мужчыну тэлефанавалі з паліклінікі, там зьвестак ня маюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: праз тыдзень-два мы забудзем пра каранавірусШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.