Урад Украіны афіцыйна абвясьціў аб спыненьні антыдэмпінгавага расьсьледаваньня, распачатага ў жніўні 2019 году аб пастаўках азотных угнаеньняў на ўкраінскую тэрыторыю.
«Міжведамасная камісія ў пытаньнях міжнароднага гандлю ў выніку разгляду вырашыла, што прымяненьне спэцыяльных захадаў супярэчыць нацыянальным інтарэсам Украіны», — адзначаецца ў рашэньні камісіі.
Гісторыя пытаньня
Пастаўкі азотных угнаеньняў, нафтапрадуктаў і іншай мінэральнай прадукцыі складаюць аснову гандлёвых дачыненьняў Беларусі і Ўкраіны.
У траўні 2020-га прадстаўнікі ўраду Ўкраіны анансавалі ўвядзеньне квотаў на азотныя ўгнаеньні (нітрат амонію, вапна-аміячную салетру, карбамід і карбаміда-аміячныя сумесі) зь Беларусі, краін Эўразьвязу, Турэччыны, Казахстану, Грузіі, Кітаю і ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне фэрмэры выступілі супраць абмежаваньня ўвозу азотных угнаеньняў зь Беларусі і іншых краінЗанепакоеныя магчымымі абмежаваньнямі, украінскія аграрыі пачалі акцыі пратэсту — да іх далучыліся фэрмэры ў сямі рэгіёнах Украіны -- Адэскай, Запароскай, Харкаўскай, Хэрсонскай, Кіраваградзкай, Хмяльніцкай ды Чаркаскай абласьцях.
Аграрыі пераконвалі ў тым, што такія абмежаваньні прывядуць да стварэньня манаполіі на рынку азотных угнаеньняў двух прадпрыемстваў, якія належаць алігархам — «OstChem» Дзьмітрыя Фірташа і «ДніпроАзот» Ігара Каламойскага. Гэтыя кампаніі і ініцыявалі антыдэмпінгавае расьсьледаваньне, матывуючы тым, што імпарт, які адбываецца ў вялікіх аб’ёмах і па нізкіх цэнах, прычыняе шкоду нацыянальным вытворцам гэтай прадукцыі.
Што ўжо знаходзіцца пад украінскім антыдэмпінгам
- Сёлета ў траўні Ўкраіна абмежавала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам у памеры 21,32%.
- З 26 сакавіка набыло моц рашэньне Ўкраіны аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону ў памеры 34,19% ад мытнай вартасьці прадукцыі.
- 1 лютага 2019 году міжведамасная камісія міжнароднага гандлю канчаткова ўвяла абмежаваньні паставак прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу на пяць гадоў (да 2 сакавіка 2023 году).
- У траўні 2019 году Ўкраіна на пяць гадоў абмежавала мытам у 57,03% пастаўкі зь Беларусі цэмэнтных клінкераў і портляндцэмэнту.
- Кампрамісным стала рашэньне міжведамаснай камісіі наконт паставак ва Ўкраіну прадукцыі «Мазырсолі» — кампанія ня будзе выплачваць антыдэмпінгавага збору, але мусіць прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязаньняў.
- Сёлета ў чэрвені Міністэрства разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны ў інтарэсах пяці нацыянальных вытворцаў пачало антыдэмпінгавае расьсьледаваньне аб пастаўках фанэры зь Беларусі.