Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герой Украіны Надзея Саўчанка зьвярнулася да Лукашэнкі: «Лепш мець адкрытую апазыцыю, чым нож у сьпіну ад суседзяў»


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Герой Украіны, колішняя дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны, былая палітзьняволеная Надзея Саўчанка зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом, у якім заклікае яго вызваліць усіх зьняволеных у часе выбарчай кампаніі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Зварот, напісаны адразу на трох мовах — украінскай, беларускай і расейскай, Надзея Саўчанка абнародавала яго на сваёй старонцы ў Facebook.


Экс-дэпутатка спачатку павіншавала Аляксандра Лукашэнку і беларускі народ зь афіцыйным днём незалежнасьці і зьвярнулася да кіраўніка Беларусі «як украінка, Герой Украіны, патрыёт сваёй краіны, і як добрая суседка Беларусі».

«Аляксандр Рыгоравіч, вы, як лідэр сваёй краіны, не аднойчы дэманстравалі мудрасьць у зьнешняй палітыцы і ўменьне ў кіраваньні сваёй краінай. Але зараз набліжаецца новы час. Мудрасьць і сіла палітыка яшчэ і ў тым, каб умець адпавядаць сваімі рашэньнямі новым выклікам часу. ... Найвышэйшае дасягненьне лідэра — умець выгадаваць сабе годную замену і своечасова перадаць уладу, каб яшчэ пасьпець пракантраляваць вернасьць шляху ў будучыню сваёй дзяржавы».

Надзея Саўчанка перакананая, што Аляксандар Лукашэнка здольны прайсьці такім асьцярожным і верным шляхам, каб не разбурыць і ня ўтапіць сваю краіну ў крыві:

«Я зьвяртаюся да вас, Аляксандр Рыгоравіч, як палітвязень у Расеі і ва Ўкраіне. Мне давялося двойчы прайсьці гэты шлях. І я ведаю аб парушэньнях правоў чалавека не па чутках. Я прашу вас, Аляксандр Рыгоравіч, вызваліць з-за кратаў людзей, якія прызнаныя беларускімі праваабаронцамі і сусьветнай супольнасьцю вязьнямі сумленьня».

У прыватнасьці, Надзея Саўчанка заклікала вызваліць Мікалая Статкевіча, Вольгу Мікалайчык, Уладзімера Дударава, Сьвятлану Купрэеву, Сяргея Ціханоўскага, Дзьмітрыя Фурманава, Вяргілія Ўшака, Аляксандра Арановіча, Арцём Сакава, Васіля Баброўскага, Уладзімера Навуміка, Андрэя Новікава, Сяргея Пятрухіна, Уладзімера Няронскага, Аляксандра Кабанава, Уладзімера Цыгановіча, Дзьмітрыя Казлова, Ігара Лосіка, Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, Івана Комара, Мікіту Емяльянава, Міхаіла Жамчужнага і Паўла Севярынца.


«Гэтыя людзі ніколі ня будуць згодныя з вашым меркаваньнем і яны будуць не самотныя, іх падтрымаюць многія ў вашай краіне. Але пакінуць людзям прастору ў краіне на іх меркаваньне трэба. Лепш мець адкрытую апазыцыю, чым пазакулюарныя інтрыгі і нож у сьпіну ад суседзяў. Я шчыра жадаю вам мудрасьці, Аляксандр Рыгоравіч, у прыняцьці рашэньняў. Я веру ў тое, што ў мірнай Беларусі будзе дыхацца свабодна і лёгка! За нашу і вашу свабоду! Слава Беларусі! Слава Украіне!», — напісала Надзея Саўчанка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG