Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут ёсьць адчуваньне свабоды». Чаму беларусы зьяжджаюць ва Ўкраіну


©Shutterstock
©Shutterstock

За апошнія 26 гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася на 764 тысячы чалавек. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2019 годзе з краіны зьехалі 20 976 беларусаў, гэта на 5 тысяч больш, чым у 2018-м. Але афіцыйныя зьвесткі Менску і эўрапейскіх статыстычных органаў адрозьніваюцца.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Беларусы зьяжджаюць у тым ліку ва Ўкраіну — працаваць, рэалізаваць свае творчыя пляны, пазьбегнуць палітычнага перасьледу, расказвае тэлеканал «Настоящее время».

Вячаслаў Сіўчык — заснавальнік руху «Разам». Жывучы ў Беларусі, ён праводзіў акцыі пратэсту супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. На радзіме за крытыку ўладаў яго неаднаразова прыцягвалі да адказнасьці.

«Пакуль я езьдзіў, пачаліся новыя пасадкі, незаконныя »суткі«. Мяне гэта абышло, мяне не ўзялі, бо нікога ня бралі на саміх акцыях, каб паказаць прыстойную карцінку», — апавядае актывіст пра акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі ў сьнежні 2019 году.

Перад самым карантынам Вячаслаў прыехаў у Кіеў і затрымаўся тут, бо ўрад закрыў межы. За гэты час суд Беларусі завочна прысудзіў яму 1,5 месяца арышту. Цяпер практычна ўсе ягоныя паплечнікі сядзяць у турмах ці ізалятарах.

«Ім ноччу не даюць спаць, таму што ўрываюцца ў камэры. Сьпяць яны толькі на падлозе, удзень у іх забіраюць усё матрацы, я ўжо не кажу, у якім стане ўсе гэтыя матрацы, гэтая антысанітарыя была і ёсьць, так. Заліваюць хлёркай гэтыя ўсе камэры», — пераказвае Вячаслаў Сіўчык умовы зьняволеньня сваіх паплечнікаў.

Жонка Вячаслава жыве ў Менску, але абодва сыны выехалі за мяжу. Сам ён кажа, што будзе і далей весьці барацьбу супраць Лукашэнкі.

«Вось гэтыя два атавізмы — абсалютна антыбеларуская зьвярыная, нечалавечая дыктатура Аляксандра Лукашэнкі, якога падтрымлівае Масква, і ня менш зьвярыная пуцінская палітыка, якая ня бачыць незалежнай Беларусі, — яны могуць прывесьці да катастрафічных падзей у Менску і ў Беларусі», — лічыць актывіст.

Палітык лічыць, у Беларусі ёсьць альтэрнатыва Аляксандру Лукашэнку. Толькі важней не зьмяніць лідэра, а вярнуць беларускаму народу правы і свабоды.

Дзяніс і Вікторыя Лаўнікевічы заканчваюць рамонт у сваёй новай кіеўскай кватэры. Зь Менску яны пераехалі ва Ўкраіну два гады таму. Расказваюць, што тут могуць пісаць на тэмы, якія на радзіме табу.

«Калі я пераехаў, для мяне быў абсалютны шок, што на мае пытаньні ў міністэрствах наогул адказваюць, што я магу патэлефанаваць цэлай кучы прэс-сакратароў — і мне адразу адказваюць на нейкія пытаньні. У Беларусі ты нават калі дазвонісься да кагосьці : „Адпраўляйце пісьмовы запыт, можа, праз два тыдні мы адкажам“. Але, хутчэй за ўсё, не адкажуць», — расказвае журналіст.

Дзяніс вядзе ўласны падкаст, Вікторыя ў асноўным піша на сацыяльныя тэмы. Яны абое пільна сочаць за падзеямі ў Беларусі. У тое, што сытуацыя ў краіне зьменіцца пасьля выбараў, ня вераць.

«Тое, што адбываецца цяпер, больш падобна на падзеі 2010 году, калі дапусьцілі да выбараў усіх ахвотных, там дзесяць кандыдатаў было, якія пасьпяхова рвалі адзін аднаго. У выніку ўсё скончылася пабоішчам у цэнтры Менску», — успамінае Дзяніс Лаўнікевіч.

На радзіме ў сужэнцаў застаўся адзінаццацігадовы сын, які цяпер жыве з бабай і дзедам. Ён прафэсійна займаецца спортам, таму да бацькоў у Кіеў можа прыехаць пакуль толькі на вакацыі.

Ян Мельнікаў ва Ўкраіне зь верасьня 2018 году, кажа, што нелегальна: «Так, я нелегал, які наогул тут ня мае ніякіх правоў».

Ян ужо свабодна размаўляе па-ўкраінску. У Кіеў прыехаў у разгар Майдану, у студзені 2014 году, калі забілі актывіста зь Беларусі Міхаіла Жызьнеўскага. Тады Яну было 20. Пасьля Майдану ён паехаў ваяваць на Данбас, як ён сам кажа, абараняць Украіну.

«Як толькі я паехаў на вайну, у першыя месяцы пачалі цікавіцца маёй пэрсонай спэцслужбы: прыходзілі да мяне дадому, афіцыйна была адкрыта крымінальная справа ў лютым 2016 году паводле артыкулу 361 КК Рэспублікі Беларусь («Удзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі іншай дзяржавы»).

Цяпер Ян Мельнікаў лічыць, што ў яго дзьве радзімы. У Кіеве яго часта наведваюць сваякі і беларускія сябры. Сам жа ён хоча абзавесьціся сям'ёй, хоць, прызнаецца, дзяўчыны пакуль не знайшоў.

Дзьмітры Танковіч жыве ў Кіеве з 2006 году. Былы КВЗшнік, цяпер папулярны ўкраінскі тэлевядоўца і шоўмэн. Пераехаў ва Ўкраіну, шукаючы творчай свабоды.

«Як бы гэта банальна ні прагучала, ва Ўкраіне ёсьць адчуваньне нейкай свабоды, ці што. Яе няма ні ў Менску, ні ў Маскве», — прызнаецца Дзьмітры Танковіч.

Тут ён змог рэалізаваць свае творчыя амбіцыі.

«Я вельмі марыў быць тэлевізійным вядоўцам. Вельмі марыў, вось праўда, яшчэ зь дзіцячых часоў. Праўда, калі я прыехаў сюды, мне адзін з топ-мэнэджараў аднаго з украінскіх тэлеканалаў сказаў: „Ты ніколі ня станеш вядоўцам“, – успамінае шоўмэн.

Усе беларусы, зь якімі сустрэлася здымачная група «Настоящего времени», кажуць, што сумуюць па радзіме.

Дзьмітры Танковіч плянуе і далей жыць і працаваць ва Ўкраіне. Актывіст Вячаслаў Сіўчык упэўнены, што вернецца ў Беларусь.

«Я ня створаны для эміграцыі. І нават у больш жорсткіх сытуацыях ніколі не прасіў палітычнага прыстанішча і не зьбіраюся гэтага рабіць», — кажа ён.

Ян Мельнікаў лічыць, што на радзіму яму дарога закрытая. А журналіст Дзяніс Лаўнікевіч называе Ўкраіну другім домам.

Пры гэтым кожны зь іх марыць, каб у Беларусі зьявілася свабода, якую пакуль ім даводзіцца шукаць за мяжой.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG