Мэр Варшавы, прадстаўнік апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Рафал Тшаскоўскі зь невялікай перавагай можа атрымаць перамогу ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы. Такія вынікі апошняга апытаньня, якое 4 ліпеня правёў IBRiS (Інстытут рынкавых і грамадзкіх дасьледаваньняў), піша Rzeczpospolita.
Па выніках апытаньняў IBRiS, мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага гатовыя падтрымаць 47,2% апытаных, за ягонага суперніка, кандыдата ад кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць», дзейнага цяпер прэзыдэнта Анджэя Дуду зьбіраюцца галасаваць 45,9% польскіх выбарнікаў.
Улічваючы нязначную розьніцу ў падтрымцы галоўных кандыдатаў, важную ролю ў тым, хто стане 7-м прэзыдэнтам Рэспублікі Польшчы, будуць мець галасы тых грамадзян, якія ў першым туры аддалі перавагу іншым дзевяці кандыдатам на пасаду прэзыдэнта. У прыватнасьці, як адзначаюць СМІ, гаворка пра тых выбарнікаў, якія ў першым туры аддалі свае галасы беспартыйнаму журналісту Шыману Галоўні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынікі першага туру ў Польшчы: колькі галасоў атрымалі дзейны прэзыдэнт і яго супернік