Пяцёра ўжо за кратамі. Што стала з блогерамі і палітыкамі, якіх Ціханоўскі пахваліў за дзень да арышту

Блогер Сяргей Ціханоўскі на адным зь перадвыбарчых пікетаў

28 траўня Сяргей Ціханоўскі ўдзельнічаў у выбарчым пікеце ў Гомлі. Падчас размоваў зь людзьмі ён расказаў, каго зь беларускіх палітыкаў шануе найбольш. А таксама якіх блогераў лічыць самымі цікавымі. Што зь імі стала?

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Што сказаў Ціханоўскі

«Сабраць 100 тысяч подпісаў — гэта сур’ёзны крок, — гаварыў тады Сяргей Ціханоўскі. — Мікола Статкевіч казаў, што гэта раней нікому не ўдавалася. Калегі мае — „Народны рэпартэр“ (берасьцейскія блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін. — РС) такой думкі прытрымліваюцца. Паглядзім, зьбяром ці не зьбяром — тады будзем вырашаць.

Апазыцыя ў нас так доўга ваявала, ваявала патроху. Людзі многія расчараваліся, ня верылі ў апазыцыю, хацелі бачыць там моцных лідэраў, якія могуць павесьці за сабой. Я магу адзначыць, што Павал Севярынец і Мікалай Статкевіч для мяне асабіста тыя, на каго можна раўняцца. Але так атрымалася, што Павел пакінуў праймэрыз, Міколу не зарэгістравалі...

Добра, што мы пачалі аб’ядноўвацца зь беларускімі блогерамі. Раней у нас дастаткова халаднаватыя адносіны былі са Сьцяпанам Nexta, цяпер у нас нармальныя стасункі. Разуменьне ёсьць з Паўлам Сьпірыным, Уладзімерам Цыгановічам, „Народным рэпартэрам“, тэлеграм-каналы пачалі аб’ядноўвацца — вакол нас. „Беларусь галаўнога мозгу“, „Мая краіна Беларусь“ і так далей. Марат Мінскі. Нармальныя адносіны. Раней была рэўнасьць у многіх, пытаньні — адкуль гэты Ціханоўскі ўзяўся?».

Празь дзень пасьля гэтай прамовы Сяргея Ціханоўскага арыштавалі ў Горадні і абвінавацілі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Цяпер Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго зьмясьцілі ў карцэр за невыкананьне патрабаваньняў адміністрацыі. Свабода прасачыла, што стала з тымі людзьмі, каго Ціханоўскі пахваліў падчас стрыму ў Гомлі.

Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч на супольнай акцыі зь Сяргеем Ціханоўскім каля Камароўскага рынку ў Менску. 24 траўня 2020 году

Затрыманы 31 траўня па дарозе на Камароўскі рынак у Менску, дзе зьбіраўся наведаць выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Пазьней ягонай жонцы Марыне Адамовіч паведамілі, што Статкевіч знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна, яму прысудзілі «суткі». 15 чэрвеня прайшоў яшчэ адзін суд, які дадаў палітыку яшчэ 15 сутак. На Акрэсьціна палітык знаходзіцца дагэтуль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Статкевіча, які адбывае адміністрацыйны арышт, склалі новы пратакол 

Павал Севярынец

Павал Севярынец на пікеце ля Камароўкі 7 чэрвеня 2020 году

Затрыманы ля свайго дома 7 чэрвеня. За некалькі гадзін да гэтага Севярынец удзельнічаў у выбарчым пікеце ля Камароўкі. 8 чэрвеня Паўлу прысудзілі 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі. 15 і 18 чэрвеня палітыка дадаткова асудзілі яшчэ, агульны тэрмін зьняволеньня амаль дасягнуў 100 сутак. Празь відэасувязь падчас аднаго з працэсаў Севярынец паведаміў, што яго ўтрымліваюць у невыносных умовах і на знак пратэсту ён быў вымушаны пашкодзіць сабе руку. Цяпер Павал Севярынец, як і Мікола Статкевіч, знаходзіцца на Акрэсьціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынец быў 10 дзён у карцэры, на знак пратэсту парэзаў сабе руку перад чарговым судом

Уладзімер Цыгановіч

Уладзімер Цыгановіч (справа) падчас сустрэчы зь Сяргеем Ціханоўскім, кастрычнік 2019 году

Ён жа блогер «МозгON». Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня і спачатку накіравалі ў ізалятар на Акрэсьціна адбываць «суткі». 15 сутак ён атрымаў яшчэ ў сакавіку за стрым ля будынку «Белнафтахіму». 26 чэрвеня стала вядома, што Цыгановіча перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага, а супраць яго завялі крымінальную справу. Паводле якога артыкулу, пакуль невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На блогера MozgOn завялі крымінальную справу. За што, невядома

«Народны рэпартэр»

Аляксандар Кабанаў (зьлева) і Сяргей Пятрухін

Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў. Іх затрымалі ў сярэдзіне чэрвеня з розьніцай у адзін дзень. Кабанава пасьля наведваньня паліклінікі 15-га, Пятрухіна — 16 чэрвеня ў Пухавіцкім раёне, дзе ён быў у гасьцях. Абодвух спачатку асудзілі на «суткі».

25 чэрвеня Сяргея Пятрухіна перавезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна ў Менск. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (342-ы артыкул КК).

Дзе знаходзіцца Аляксандар Кабанаў і ці прад’явілі яму абвінавачаньні паводле гэтага ж артыкулу, па стане на раніцу 26 чэрвеня невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышты берасьцейскіх блогераў Пятрухіна і Кабанава. Што вядома на гэты час?

«Беларусь галаўнога мозгу»

Ігар Лосік

Да адміністратара гэтага тэлеграм-канала Ігара Лосіка праваахоўнікі прыйшлі раніцай 25 чэрвеня. Як расказала жонка блогера Дар’я, сілавікі зрабілі невялікі ператрус, забралі кампутары і мабільныя тэлефоны, а таксама самога блогера. Да вечара інфармацыі пра яго не было. Пазьней стала вядома, што Ігар Лосік знаходзіцца ў Менску на Акрэсьціна, яго падазраюць паводле таго ж 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На блогера Ігара Лосіка завялі крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў

Nexta

Сьцяпан Пуціла

Ён жа Сьцяпан Пуціла. Пасьля звальненьня з тэлеканалу «Белсат» Сьцяпан працягвае працу над сваімі тэлеграм-каналамі і каналам на YouTube. Блогер жыве ў Польшчы і пакуль не паведамляў пра ціск з боку беларускіх праваахоўнікаў. Уладзімер Чудзянцоў, які дапамагаў Сьцяпану ў падрыхтоўцы дакумэнтальнага фільма, прысьвечанага Аляксандру Лукашэнку, за кратамі знаходзіцца з 21 лістапада 2019 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштаваны журналіст Чудзянцоў просіць дапытаць яго на паліграфе

19 чэрвеня стала вядома пра ператрус дома ў бацькі Сьцяпана Пуцілы Аляксандра (спартовы аглядальнік «Белсату»), які жыве ў Менску. Праваахоўнікі забралі з сабой кампутар і мабільны тэлефон, самога Аляксандра Пуцілу пакінулі ў кватэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У доме бацькі заснавальніка блогу Nexta адбыўся ператрус

Пра інтарэс праваахоўнікаў да блогераў Паўла Сьпірына і Марата Мінскага інфармацыі пакуль не было.