На Мікалая Статкевіча, які адбывае 15 дзён адміністрацыйнага арышту, склалі новы пратакол, паведамляе ягоны тэлеграм-канал.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Абноўлена: Статкевічу прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту.
Пратакол складзены на падставе ч. 3 арт. 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Палітыку інкрымінуюць разьмяшчэньне 8 траўня ў тэлеграм-канале STATKEVICH інфармацыі пра час і месца «масавага мерапрыемства» да атрыманьня дазволу Менгарвыканкаму. Тады ён праінфармаваў, што 14 траўня адбудзецца падача ў Цэнтравыбаркам сьпісаў яго ініцыятыўнай групы і камандаў «кандыдатаў пратэсту».
Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня людзі ў цывільным, калі ён накіроўваўся на пікет да менскага Камароўскага рынку. Суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 содняў. Статкевіч прызнаны вінаватым паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
Згоднай з судовай пастановай, 24 траўня Статкевіч удзельнічаў у мітынгу без дазволу Менгарвыканкаму, парушыўшы закон аб масавых мерапрыемствах, а таксама «публічна выказваў сваю незадаволенасьць і нэгатыўнае стаўленьне да дзейнай улады».
Прыхільнікі палітыка марна спрабавалі аспрэчыць, што ў той дзень ён браў удзел у легальных перадвыбарных пікетах удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.