Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваны журналіст Чудзянцоў просіць дапытаць яго на паліграфе


Уладзімер Чудзянцоў, архіўнае фота
Уладзімер Чудзянцоў, архіўнае фота

Уладзімер Чудзянцоў знаходзіцца за кратамі ўжо амаль 50 дзён. 21 студзеня тэрмін утрыманьня пад вартай можа быць працягнуты.

«Радыкальных навінаў у справе Ўладзімера Чудзянцова пакуль няма, — сказаў Свабодзе яго адвакат Аляксандар Галіеў. — Праводзяцца экспэртызы. Магчыма, тэрмін сьледзтва будзе працягнуты».

Паводле адваката, Уладзімер Чудзянцоў па-ранейшаму не дае паказаньняў і не прызнае сваёй віны. У сьнежні журналіст падаў скаргу ў пракуратуру, а таксама зьвярнуўся з хадайніцтвам даць паказаньні з дапамогай паліграфа. Адказу на гэтыя звароты пакуль няма.

Сьледчы камітэт таксама праводзіць праверку па факце публікацыі «Нашай нівы», герой якой абвінаваціў «журналіста Ч.» у згвалтаваньні. Яе вынікі пакуль невядомыя. Свабода мае зьвесткі, што сьледчыя ўжо дапыталі героя публікацыі, ён знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні і ня можа кантактаваць са СМІ.

У справе Ўладзімера Чудзянцова дапыталі ягоную маці Ніну Зуеву, якая жыве разам зь ім у Менску і была сьведкай ператрусу на кватэры ў журналіста. Яна гаворыць, што пакуль ня можа сустрэцца з сынам: да яго не пускаюць наведнікаў. Як расказала Зуева Свабодзе, Уладзімер Чудзянцоў знаходзіцца ў адной камэры з шасьцю арыштантамі, пачуваецца адносна добра. Яму дазволлілі перадачы і ліставаньне. Жанчына настойвае на невінаватасьці сына.

Паслугі адваката Ўладзімера Чудзянцова аплочваюцца са сродкаў, сабраных з дапамогай блогера Nexta. Як расказаў Свабодзе сябра журналіста Раман Пратасевіч, іх павінна хапіць як мінімум да суду.

Што здарылася

Журналіста Ўладзімера Чудзянцова затрымалі на беларуска-польскай мяжы 21 лістапада падчас мытнага надгляду. Чудзянцоў ехаў цягніком у Варшаву, супрацоўнікі мытні знайшлі ў ягоных рэчах наркатычнае рэчыва — 0,87 грама марыхуаны. Празь дзень сьледчыя з СК правялі вобшук у менскай кватэры Чудзянцова. Там таксама знайшлі 6,02 грама марыхуаны.

30 лістапада Чудзянцову прадʼявілі абвінавачаньні паводле часткі 1 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі («незаконныя, бяз мэты збыту, выраб, перапрацоўка, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсараў або аналягаў», а таксама ч. 1 артыкулу 328-1 («незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсараў ці аналягаў»).

9 сьнежня 2019 году стала вядома, што ў дачыненьні да Ўладзімера Чудзянцова праводзяць праверку паводле артыкулу 167 Крымінальнага кодэксу (гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару). Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў адвакат Чудзянцова Аляксандар Галіеў. Прычынай праверкі стала публікацыя ў выданьні «Наша ніва», герой якой на ўмовах ананімнасьці расказаў, што стаў ахвярай сэксуальнага гвалту з боку «журналіста Ч.».

Хто такі Ўладзімер Чудзянцоў

У 1990-я Ўладзімер Чудзянцоў пад сваім тагачасным прозьвішчам Зуеў пісаў у дзяржаўных газэтах пра лідэраў апазыцыі. У «Народнай газеце» ён пад псэўданімам апублікаваў артыкул «Пятае вымярэньне Генадзя Карпенкі». Тады Генадзь Карпенка падаў у суд і запатрабаваў доказы «махінацый», пра якія гаварылася ў артыкуле.

На судзе высьветлілася, што матэрыял пісаў Уладзімер Зуеў на падставе дакладной запіскі «з грознага і буйнога ведамства».

Напрыканцы 1990-х Чудзянцоў (Зуеў) даў інтэрвію «Свабодным навінам», дзе расказаў, як спрычыніўся да фэйкавых улётак ад імя нібыта БНФ з заклікам запасацца камянямі і штурмаваць дзяржаўныя будынкі. Да 2010 году імя Зуева зьнікла з публічнай прасторы.

У 2010 годзе Ўладзімер Чудзянцоў стаў гарадзкім рэпартэрам Tut.by. Прозьвішча ён афіцыйна зьмяніў. Інфармацыя пра ягонае мінулае ўсплыла на фоне канфлікту Чудзянцова з кіраўніцтвам рэсурсу charter97.org. Яны ж раскапалі і апублікавалі факты пра ягонае мінулае. Чудзянцоў яшчэ некаторы час працаваў пасьля гэтага на Tut.by, хоць інтэрнэт-супольнасьць настойвала на яго звальненьні, што ў выніку і адбылося.

46-гадовы Ўладзімер Чудзянцоў апошнім часам займаўся сваім сайтам by24.org. Праект быў разьлічаны на клікбэйтныя загалоўкі. Пасьля канфлікту ва Ўкраіне ў 2014 годзе на сайце прасочвалася яўная антырасейская пазыцыя, Чудзянцоў не хаваў падтрымкі Ўкраіне, дапамагаў добраахвотным батальёнам.

Блогер NEXTA заявіў, што Чудзянцоў таксама дапамагаў яму з кантэнтам для ягонага тэлеграм-каналу.

21 лістапада 2019 году Ўладзімера Чудзянцова затрымалі на беларускай мяжы па дарозе ў Варшаву. Падчас мытнага кантролю ў рэчах журналіста знайшлі пакецік з наркатычным рэчывам. Яму выставілі абвінавачаньні паводле часткі 1 артыкулу 328 КК РБ — «незаконныя бяз мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналягаў», а таксама ч. 1 артыкула 328-1 «незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюза або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў».

10 студзеня 2020 году Сьледчы камітэт паведаміў, што супраць Чудзянцова пачалі крымінальную справу за «гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да заведама непаўналетняга» паводле ч. 2 арт. 167 Крымінальнага кодэксу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG