Праваабаронцы «Вясны» сьцьвярджаюць, што на Ўладзімера Цыгановіча, які вядзе каналы MozgOn, завялі крымінальную справу. Паводле якога артыкулу, невядома, але высьветлілася, што блогера ўтрымліваюць у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Дзед блогера Ўладзімер Уладзімеравіч расказаў Свабодзе, што ня можа наведаць унука з прычыны стану свайго здароўя, але ягоная жонка спрабавала — не пусьцілі. Яму вядома, што да блогера ў зьняволеньні змог трапіць адвакат, але кантакту з адвакатам дзед блогера ня мае.
Цыгановіча ўвечары 9 чэрвеня адправілі ў ізалятар на Акрэсьціна адбываць 15 сутак адміністрацыйнага арышту — ён меў ужо выйсьці на волю, калі не зьявілася новых прычынаў для затрыманьня.
Арышт блогеру прысудзілі яшчэ 12 сакавіка. Тады Ўладзімера Цыгановіча завочна судзілі ў Маскоўскім раённым судзе за арганізацыю пратэставай акцыі каля офіса «Белнафтахіму», але пакараньне засталося неадбытым.