Тэле- і радыёвядоўца, фронтвумэн гурту «Кландайк» Кацярына Пытлева выказалася адносна міліцэйскага гвалту супраць мірных людзей. На здымку пад допісам у Facebook яна ў майцы з надпісам «гамон» у стылі нашывак АМАП.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Тое, што адбываецца, — поўны гамон. Проста як на гэтай майцы, якую я купіла ў Symbal.by. Хацела выказацца пазьней, ня тэкстам, песьняй. Але не стрымалася. Таму што накіпела. Я глядзела, як маіх калегаў, журналістаў затрымліваюць у жывым эфіры, нягледзячы на тое, што ў іх ёсьць дазвол на працу, перажывала за тых, хто выйшаў на мірныя прагулкі, каб праявіць салідарнасьць, і апынуўся ў СІЗА.
Абуралася, калі маці пачалі пагражаць адабраньнем дзяцей за тое, што яна вырашыла падтрымаць свайго мужа і скарыстацца свабодай слова, гарантаванай Канстытуцыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сунулі пратакол, што я хуліган страшэнны». У чарзе да Symbal.by затрымалі кандыдата гістарычных навукАпошняй кропляй, па яе словах, стаў брутальны захоп маладых людзей, якія вырашылі падтрымаць любімую краму Symbal.by і мірна стаялі ў чарзе.
«Больш маўчаць не магу. Я не хачу такой сучаснасьці і будучыні для маіх дзяцей. Я 23 гады працавала на дзяржаўных каналах і радыё, на шчасьце, мне ніколі не давялося ісьці на ўгоду з сумленьнем, я працую ў забаўляльным фармаце. Але зараз быць абыякавым — раўнасільна здрадзе сваёй краіне, свайму народу.
Зьвяртаюся да ўсіх, хто мяне чытае, глядзіць і слухае. Мы не народзец. Мы — беларусы, выдатная нацыя, вартая лепшага: павагі, свабоды слова, бясьпекі. Але не абразаў і затрыманьняў усіх, хто хоча выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. Няхай кожны пройдзе праз усё з годнасьцю».
«Я люблю цябе, Беларусь!» — так падсумоўвае свой допіс Каця Пытлева.
На аватарах у сацыяльных сетках Пытлевай зьмешчанае ружовае сэрцайка — сымбаль прэзыдэнцкай кампаніі Віктара Бабарыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядоўца «Славянскага базару» напісаў пост з чаргі ў Symbal.by: «Нельга біць дубінкамі людзей»* * *
Кацярына Пытлева на тэлевізіі з 1997 году, працавала на тэлеканалах сеткі БТ, каналах АНТ, СТВ і «Первый музыкальный», «БелМузТВ» і A-One (Украіна), радыёстанцыях «Аўтарадыё», «Мир» і «Радыюс FM», робіць рэпартажы для парталу Tut.by. На момант публікацыі значыцца на сайце Белтэлерадыёкампаніі як вядоўца перадачы «День в большом городе».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.