Сёньня бізнэсовец Павал Белавус абвясьціў пра закрыцьцё менскай крамы Symbal.by з 29 чэрвеня пад ціскам уладных праверак. Раней прыпыніла сваю працу онлайн-крама.
Пасьля абвесткі пра закрыцьцё крамы ля яе ўтварылася чарга зь некалькіх дзясяткаў пакупнікоў. У эфіры відэастрыму, які вялі прадстаўнікі Symbal.by, паміж кіроўцам аўтамабіля, якія выяжджаў з двара, і людзьмі ў чарзе адбыўся канфлікт. Паводле сузаснавальніка крамы Паўла Белавуса, за стырном машыны быў мясцовы жыхар.
У 19:40 да крамы падʼехаў аўтазак. Сузаснавальнік Symbal.by Мікіта Броўка ў жывым эфіры паведаміў пра затрыманьні пакупнікоў з чаргі і прыпыніў трансьляцыю.
Паводле Броўкі, да крамы падʼехалі два аўтазакі, у іх зьмясьцілі каля 20 чалавек.
«Выяжджаў аўтамабіль, а людзі, якая стаялі побач з крамай, не давалі яму праехаць, — паведаміла Радыё Свабода прадстаўніца МУС Натальля Ганусевіч. — У мэтах спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў, якія выразіліся ў блякаваньні аўтамабіля, выехаў нарад міліцыі. Некаторыя асобы дастаўленыя для разьбіральніцтва».
У той жа час з розных відэа з сацыяльных сетак відаць, што супрацоўнікі АМАП затрымлівалі людзей з чаргі, якія не прысутнічалі падчас канфлікту. АМАП таксама даганяў людзей у дварах і зьмяшчаў у аўтазак. Сьведкі кажуць пра жорсткія затрыманьні.
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», былі затрыманыя Ільля Дземчанка, Аляксандар Кузьняцоў, Аляксандар Паплаўскі, Аляксандар Райчонак і яшчэ больш за дзесяць чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы вядучы БТ і АНТ абурыўся затрыманьнямі ля крамы Symbal.byШто адбываецца з Symbal.by
12 чэрвеня ў Менску супрацоўнікі ДАІ спынілі кур’ера Максіма Блізьнюковіча, які вёз у краму 419 маек з надпісам «Псіхо3%». Паводле Паўла Белавуса, такія майкі — дызайнэрская прадукцыя іх кампаніі. Усе дакумэнты на гэтыя тавары спраўныя, забралі тавар цалкам незаконна, мяркуе Белавус.
Паводле Белавуса, на гэтым тыдні кампанія атрымала ліст ад Менгарвыканкама з патрабаваньнем прыбраць цягам трох дзён з будынка шыльды крамы, а сёньня, 23 чэрвеня, прыйшоў прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сытуацыях разьбірацца па ананімнай скарзе, што «нібыта з памяшканьня ідуць непрыемныя пахі і жыхары скардзяцца, што апазыцыйная крама займаецца незразумелай вытворчасьцю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Псіхо3%». На краму Symbal.by наступ міліцыі, падатковай, АБЭП. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краме symbal.by загадалі прыпыніць вытворчасьць