«Акрамя раней забраных 419 маек „Псіхо3%“, нас прымусілі спыніць вытворчасьць, забралі з цэху 9 бел-чырвона-белых сьцягоў, і ўжо два дні як у краме зьнікла сьвятло», — паведаміў дырэктар крамы Symbal.by Павал Белавус.
Павал Белавус лічыць, што ўсё гэта «наўпрост зьвязана з выбарчай кампаніяй у Беларусі».
12 чэрвеня ў Менску супрацоўнікі ДАІ спынілі кур’ера Максіма Блізьнюковіча, які вёз у краму 419 маек з надпісам «Псіхо3%». Паводле Паўла Белавуса, такія майкі — дызайнэрская прадукцыя кампаніі «Сымбаль Бай». Усе дакумэнты на гэтыя тавары спраўныя, забралі тавар цалкам незаконна, мяркуе Белавус.
Канфіскацыя, падатковая, АБЭП
«У нас крама ў Савецкім раёне, а вытворчасьць — у Цэнтральным. Цераз дарогу, у памяшканьнях „Гарызонту“, але гэта розныя раёны. Дык вось першая падзея адбылася ў пятніцу, калі ў нас забралі партыю маек. І гэта было на мяжы раёнаў, — апавядае Павал Белавус. — Спынілі машыну літаральна каля крамы, сказалі, што нібыта яна зьехала зь месца дарожнага здарэньня ў Мядзельскім раёне, трэба праверыць, і таму едзьце ў Савецкае РУУС. Але там адразу забралі ўсе майкі, 419 штук, хоць у пратаколе напісалі „каля 460“, а пра ДТЗ увогуле забыліся».
Другі факт, які адзначае Павал Белавус, адбыўся ў панядзелак 15 чэрвеня.
«Да нас з праверкай прыйшлі падатковікі разам з прадстаўнікамі АБЭП Савецкага раёну. На гэты момант яны ня выставілі нам абвінавачаньня, не завялі адміністрацыйную справу. Як яны кажуць, ідзе працэс, правяраюць сытуацыю зь перавозам тых маек.
А ў сераду ўжо іншыя супрацоўнікі міліцыі, з Цэнтральнага РУУС, прыйшлі на нашую вытворчасьць. Гэтыя забралі 9 бел-чырвона-белых сьцягоў „на праверку“. Зь імі прыйшла санстанцыя — супрацоўнікі раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі. Тыя правялі праверку і выставілі патрабаваньне, каб ад сёньня мы спынілі вытворчасьць ува ўсіх памяшканьнях, якія арандуем на Машэрава, 18», — сказаў Павал Белавус.
«Вішанька на торце»
«Вішанькай на торце» стала нечаканае зьнікненьне электрычнасьці ў краме. Прытым у доме, дзе яны арандуюць памяшканьне на першым паверсе, сьвятло ёсьць. А потым выявілася, што ніхто не бярэ на сябе адказнасьць адрамантаваць няспраўнае.
«Другі дзень у краме няма сьвятла. Пры гэтым мы ня маем ніякіх запазычанасьцяў, а ва ўласьніка гэтага памяшканьня ёсьць дамова на абслугоўваньне. Перабоі пачаліся ў аўторак, а зь серады сьвятла ня стала ўвогуле. Уявіце — у цэнтры гораду крама безь сьвятла ўжо два дні. Нармальна?
У выніку мы праз нумар 115 выклікалі электрыка, разам зь ім знайшлі шчытавую, якая знаходзіцца ў гэтым доме ў сутарэньні, ключ узялі ў ЖЭУ. А ў шчытавой убачылі, што там, дзе замыкаецца наша сетка, зьнікла дэталь — нейкая „плаўкая ўстаўка“. Няма! Скралі, бо на ўсіх іншых сетках гэтыя дэталі засталіся, а на нашай няма! У ЖЭУ кажуць, што гэта не яны, гэта невядома хто, а ключы маюць розныя службы. І рамантаваць ня хочуць. Кажуць, што мы юрыдычная асоба, а яны працуюць толькі зь фізычнымі».
Што думае Павал Белавус аб прычыне, якая магла спарадзіць такія праблемы з крамай Symbal.by?
«Мы тлумачым гэта адным словам, якім ужо тлумачылі ў нашых вырабах, — гэта псыхоз. Хто канкрэтна зрабіў „замову“ на нас і пакрыўдзіўся на гэтае слова — ужо іншае пытаньне. 6 год мы працуем як брэнд symbal.by, і ніякіх нараканьняў на нас не было. Былі дробныя гісторыі, прыкладам, прыходзілі з прычыны продажу сьцягоў, якія ў кагосьці забралі, але заўсёды гэта нічым не заканчвалася, акрамя праверак. А тут, акрамя таго што з усіх бакоў пачалі справы, дык яшчэ і займаюцца такім дробным шкодніцтвам», — мяркуе дырэктар крамы.
«Ясна, што хочуць прыстрашыць і паказаць: вось глядзіце, калі будзеце рабіць далей прынты і дызайны ня вельмі апалітычныя, дык будзе вам бяда. Другая мэта — паставіць нас пад дадатковы кантроль, бо правяраюць нашу бухгальтэрыю, вытворчасьць. Шукаюць якія-хаця парушэньні, каб прычапіцца. У адказ мы падрыхтавалі скаргу ў пракуратуру, бо лічым, што майкі забралі абсалютна незаконна».
Чаму спынілі пашыў новых маек Псіхо3%?
Што цяпер адбываецца з прадукцыяй маек, масак ды іншых вырабаў, якімі адзначылася кампанія «Сымбаль Бай»?
Павал Белавус паведаміў, што на загад цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі вытворчасьць спынілі. Ён лічыць гэтае патрабаваньне незаконным, але аспрэчваць ня будзе, бо на гэта «няма часу і сілаў».
«Памяшканьні мы арандуем на заводзе „Гарызонт“, якому ў кожны момант могуць загадаць нас выкінуць на вуліцу. Такім чынам, патрацім шмат часу на выпраўленьне заўвагаў, а потым нас выкінуць. Дык які сэнс?
Што за заўвагі? Прыклад: вялізны стол для шыцьця, а санстанцыя кажа яго зазямліць. Але як і навошта? На ім жа ніякіх апэрацыяў з электрычнасьцю няма. Такога кшталту нараканьняў шмат. У тым ліку „пагроза бясьпецы“. Вядома, ёсьць і пытаньні, якія мы недагледзелі за ўсяго паўгода працы пашыўнай вытворчасьці. Але ў такіх выпадках як робіцца? Прыйшлі з праверкай, нешта выявілі, сказалі выправіць цягам 10 дзён, але працуйце далей. А тут: днём 17-га прыйшлі, праз 3 гадзіны ўжо гатовы пратакол, каб у канцы дня спынілі вытворчасьць.
То бок ясна, што гэта палітыка. Вось вы прайдзіце па „Гарызонце“, паглядзіце, у якім стане гэтая старая будыніна, якую проста трэба зносіць як мага хутчэй. Чапляцца да нас на фоне таго, што там ёсьць, — гэта проста сьмешна», — лічыць Павал Белавус.
3% шкодзяць, 97% падтрымліваюць
І ўсё ж Павал Белавус верыць, што бізнэс, які ён пачаў і разьвівае, ня згубіцца.
«Паўгода як мы самі шыем, але можам знайсьці месцы, дзе гэта будуць рабіць за нас, такіх месцаў шмат у Менску. У нас на вытворчасьці працуюць 5 чалавек, так, яны страцяць працу, але знойдзем што іншае. Цяпер важна не спыніцца зусім, надалей працаваць. Не праз такое праходзілі!
Нагадаю, што 9 гадоў таму, калі мы стварылі Арт Сядзібу, першыя 3 гады з нас проста ня злазілі. Мы заселімся — нас высяляюць, і гэтак зноў і зноў. Што толькі нам не спрабавалі зрабіць, але мы трымаемся. Бо за намі людзі, за намі калясальная салідарнасьць. Вы не ўяўляеце, колькі зараз нам піша людзей, колькі падтрымліваюць.
Вось учора да нас прыходзілі з санстанцыі, дык ужо некалькі чалавек з гэтай сыстэмы нам сказалі, што падрыхтуюць усе дакумэнты, дапамогуць абсалютна бясплатна. Былы супрацоўнік падатковай прапанаваў пракансультаваць, і таксама бясплатна. Дзясяткі людзей пішуць, звоняць, прыходзяць і прапануюць дапамогу. Вось адкуль уражаньне, што тых, хто шкодзіць нам пад дзьвярыма, — 3%, а 97% — гэта тыя, хто падтрымліваюць. Дык чаго некаторыя крыўдзяцца? Гэта ж такая рэальнасьць».
Павал Белавус паведаміў, што часова ў кампаніі зьнялі з вытворчасьці рэчы з дызайнам «Псіхо3%», але пакінулі ў продажы стыкеры з такім надпісам цаною 5 рублёў. «Мы прапануем людзям, якія хочуць нас падтрымаць, набываць гэтыя стыкеры, а мы ўжо патрацім гэтыя грошы на паслугі адвакатаў, юрыстаў, на вырашэньне іншых пытаньняў, якія будуць узьнікаць у сувязі з нашай дзейнасьцю».
Калі зьявіцца сьвятло ў краме Symbal.by?
У жыльлёва-эксплюатацыйным участку № 2 Савецкага раёну Менску не пагадзіліся, што тыя штучныя перашкоды, якія чыняцца працы крамы Symbal.by, — гэта выкананьне загаду зьверху. Чаму за два дні майстры не аднавілі падачу сьвятла ў краму? ЖЭУ пракамэнтаваў гэтак:
«Без дамовы мы ня можам заходзіць у шчытавую і рамантаваць сьвятло. Бо нас потым спытаюць: на якіх падставах вы туды пайшлі? Мы разумеем, што крама засталася безь сьвятла, але ня можам. Уласьнік памяшканьня мусіць заключыць новую дамову на абслугоўваньне», — сказала Свабодзе юрыст ЖЭУ Аксана Зявалка.
У выпадку заключэньня новай дамовы, паабяцалі ў ЖЭУ, сьвятло ў краме Symbal.by можа зьявіцца ў панядзелак 22 чэрвеня.