Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 22 чэрвеня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку пашырэньня COVID-19.
Увесь травень і пачатак чэрвеня штодня давалі практычна аднолькавую статыстыку: плюс восем-дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за содні. У другой дэкадзе чэрвеня афіцыйная статыстыка стала часам паказваць спад колькасьці «актыўных выпадкаў» (за кошт вялікай колькасьці выпісаных) і меншую колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніякага спаду няма і бліжэйшым часам ня будзе», — каардынатар кампаніі #ByCovid19, які перахварэў на каранавірусПаводле міністэрства, на 22 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 59 023 чалавекі з станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 351 памёр, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 37 923 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 518 выпадкаў (апошні раз было менш 22 красавіка) і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі толькі 257 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» павялічылася на 256 чалавек (хоць да таго спадала 6 дзён запар) — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 20 749;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 876 639 тэстаў (гэта 14 936 на дзень, зь іх станоўчыя 3,47%);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.
Днём раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра пацьверджаныя 58 505 выпадкаў COVID-19 (плюс 569 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 346 чалавек (плюс 3 за дзень), выпісалі здаровымі 37 666 чалавек (плюс 917 за дзень).
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра каранавірус: «Самае страшнае, каб пад гэты шумок нас не прыбралі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усясьветны банк гатовы даць грошы на лячэньне COVID-19 і заклікае ўлады Беларусі забясьпечыць дыстанцыяваньнеМісія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей.
Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» наконт выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка не скасаваў вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, цісьне рукі пры сустрэчах. Прэзыдэнцкія выбары праз каранавірус ня сталі пераносіць, адмовіліся рабіць дыстанцыйнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ведалі, куды ішлі». Беларускія мэдыкі масава адказалі Качанавай у сацыяльных сетках ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.