20 чэрвеня людзі стыхійна выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў. Міліцыя і «людзі ў цывільным» затрымалі, паводле афіцыйных зьвестак, каля 270 чалавек. Жорсткія затрыманьні адбыліся ў Ганцавічах, што ў Берасьцейскай вобласьці.
Каля двух дзясяткаў чалавек выйшлі на «ланцуг салідарнасьці». Паводле зьвестак журналіста незалежнай газэты «Ганцавіцкі час», які вёў стрым, затрымалі ня менш за 10 чалавек з выкарыстаньнем грубай фізычнай сілы. У жывым эфіры затрымалі двух журналістаў «Ганцавіцкага часу» і «Першага рэгіёну», якія вялі стрым: Сяргея Багрова і Аляксандра Пазьняка.
Фрагмэнт трансьляцыі з затрыманьнем журналістаў >> Асьцярожна, шмат нецэнзурнай лексыкі з боку праваахоўнікаў
Як паведамляў праваабарончаму цэнтру «Вясна» галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» Пятро Гузаеўскі вечарам 20 чэрвеня, ён пабачыў у РАУС Аляксандра Пазьняка, якога яшчэ не дапыталі пасьля трох гадзінаў з моманту затрымання.
«У Аляксандра пад левым вокам гематома. Ён расказаў, што яго закавалі ў кайданкі пры затрыманьні, білі, жорстка прэсавалі, пагражалі — карацей, поўны набор. Што тычыцца апэратара і рэдактара Сяргея Багрова, сваякі затрыманых, якія сабраліся каля РАУС, казалі, што чулі праз адчыненае вакно, што адзін зь міліцыянтаў крычаў на яго: „Гэта ўсё празь цябе, гэта ты трансьляваў гэтае відэа!“ Потым апэратар крычаў — відаць, яго таксама білі», — расказаў Пятро Гузаеўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца «Вясны» зьвярнуўся ў МУС: ганцавіцкія міліцыянты выйшлі за межы сваіх паўнамоцтваў
На журналістаў склалі пратаколы за «непадпарадкаваньне», зьбілі яшчэ аднаго затрыманага, суды ў панядзелак
Галоўны рэдактар напісаў заяву на імя начальніка міліцыі аб тым, што Багроў і Пазьняк — штатныя супрацоўнікі газэты, зарэгістраванай у Міністэрстве інфармацыі, яны выконвалі свае абавязкі згодна закону «Аб сродках масавай інфармацыі» і мелі права знаходзіцца ў месцы масавага мерапрыемства, таму іх затрымалі незаконна.
Паводле Гузаеўскага, дакладная колькасьць затрыманых невядомая. На раніцу 21 чэрвеня выпусьцілі толькі аднаго. Перадачы не прымаюць у сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Астатніх будуць судзіць у панядзелак. Вядома таксама, што зьбіты яшчэ адзін з затрыманых, які прыбыў на месца падзеяў сярод апошніх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ заклікаў улады Беларусі спыніць затрыманьні журналістаўНа журналістаў склалі пратаколы за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі». У сувязі з затрыманьнем журналістаў галоўны рэдактар зьбіраецца пісаць скаргі.
«А іхныя дзеяньні — маўляў, журналісты „перашкаджаюць адміністрацыйнаму працэсу“ — дык хай перачытаюць у працэсуальна-выканаўчым кодэксе, зь якога моманту пачынаецца адміністрацыйны працэс: з моманту складаньня пратаколу ці іншага працэсуальнага дакумэнту», — дадае Гузаеўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца Радыё Свабода: Міліцыя ставілася да нашых журналістаў як да злачынцаўПаводле сьведкаў, начальнік міліцыі Віталь Куляшоў, калі даваў загад аб затрыманьнях, падпарадкоўваўся нейкаму «таварышу капітану», расказаў Гузаеўскі. Ён мяркуе, што да таго моманту ганцавіцкай міліцыі ў горадзе давяралі. Учора людзей сабралася няшмат, і яны не чынілі беспарадкаў, таму жорсткія затрыманьні са здушэньнем каленам абуральныя.
«Гэта за што? Гэта праваахоўнікі? Гэта цяпер такі імідж у нашай ганцавіцкай міліцыі?» — пытаецца Гузаеўскі.
У сацыяльных сетках тым часам зьвярнулі ўвагу на момант затрыманьня аднаго з жыхароў Ганцавічаў: супрацоўнік у форме ДАІ душыў чалавека каленам — гэта нагадвае прыём, ужыты супраць Джорджа Флойда ў ЗША, сьмерць якога стала прычынай масавых пратэстаў супраць паліцэйскага гвалту. Пра стан гэтага затрыманага ў Ганцавічах зьвестак няма.