Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ заклікаў улады Беларусі спыніць затрыманьні журналістаў


Затрыманьне карэспандэнткі Свабоды Аляксандры Дынько на пікеце ў Менску 19 чэрвеня
Затрыманьне карэспандэнткі Свабоды Аляксандры Дынько на пікеце ў Менску 19 чэрвеня

Улады Беларусі павінны забясьпечыць журналістам магчымасьць выконваць сваю працу, асьвятляць важныя падзеі, не асьцерагаючыся затрыманьня. З такой заявай выступіў прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Арлем Дэзырэ.​

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Арлем Дэзырэ выказаў занепакоенасьць з нагоды затрыманьняў журналістаў у Беларусі 19 чэрвеня падчас асьвятленьня пікетаў для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. «Журналісты адыгрываюць важную ролю ў асьвятленьні падзеяў, якія маюць грамадзкі інтарэс, асабліва зьвязаных з выбарамі», — падкрэсьліў прадстаўнік АБСЭ.

«Перашкоды дзейнасьці прэсы нэгатыўна адбіваюцца на свабодзе СМІ і вольным пашырэньні інфармацыі, што выклікае сур’ёзную занепакоенасьць», — гаворыцца ў заяве.

19 чэрвеня ў розных гарадах Беларусі затрымлівалі журналістаў, якія асьвятлялі акцыі салідарнасьці з удзельнікамі прэзыдэнцкай кампаніі. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Менску, Гомлі, Магілёве і Бабруйску затрымалі супрацоўнікаў «Радыё Свабода», Reuters, «Эўрарадыё», tut.by, Onliner.by, «Белсату», а таксама журналістаў-фрылансэраў. Празь некалькі гадзінаў прадстаўнікоў СМІ вызвалілі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG