Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя склала каля 270 пратаколаў на ўдзельнікаў пікетаў і акцыяў салідарнасьці 19 чэрвеня


Партал TUT.BY атрымаў інфармацыю з МУС, колькі чалавек было затрымана ўчора ў сёньня ўначы.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«У дачыненьні да грамадзян складзеныя каля 270 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях, у асноўным за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў, а таксама непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў», — распавялі парталу ў МУС.

У ведамстве дадалі, што па законе «удзельнікі масавага мерапрыемства абавязаныя захоўваць грамадзкі парадак і выконваць усе законныя патрабаваньні арганізатараў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў i прадстаўнікоў грамадзкасьці, якія выконваюць абавязкі па ахове грамадзкага парадку».

Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна» у Менску было затрымана больш за 150 чалавек.

Па ўсёй краіне ўчора прайшлі апошнія пікеты па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама акцыі салідарнасьці са зьняволенымі палітычнымі актывістамі і прэтэндэнтам на прэзыдэнта Віктарам Бабарыкам. Каля 19.00 міліцыянты сталі папярэджваць, што акцыі незаконныя, і заклікалі ўдзельнікаў разысьціся. Потым пачалося адцісканьне людзей з наступным затрыманьнем.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG