«Эўразьвяз быў у палоне сваіх ілюзій наконт Лукашэнкі», — палітоляг

Аркадзі Мошэс

Палітоляг Аркадзі Мошэс, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў, тлумачыць, чаму цяперашнія брутальныя дзеяньні беларускай улады сталі нечаканасьцю для многіх у Эўразьвязе, і заяўляе, што прорва паміж новым сучасным беларускім грамадзтвам і старым анахранічным рэжымам будзе толькі расьці.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Сьцісла:

  • Грамадзтва рухаецца зусім ня ў тым кірунку, у якім рухаецца прэзыдэнт.
  • Беларускае грамадзтва разьвіваецца, становіцца сучасным, а рэжым фактычна не эвалюцыянуе.
  • Рэжым пойдзе на тое, каб не дапусьціць пратэстаў у момант абвяшчэньня вынікаў выбараў.
  • Існуе цэлы слой людзей, якія так ці іначай выйгралі — у асабістым і службовым, кар’ерным пляне — ад перазагрузкі адносінаў зь Менскам.
  • Калі б у Крамлі маглі зваліць Лукашэнку — яны б даўно гэта зрабілі.

— Выбарчая кампанія ў Беларусі (два самыя прыкметныя і рэйтынгавыя кандыдаты затрыманыя і цяпер за кратамі, арыштаваныя звыш сотні актывістаў і ўдзельнікаў штабоў кандыдатаў, у месцах зьняволеньня фактычна катуюць затрыманых) праходзіць зусім ня так, як чакалі эўрапейскія палітыкі. Чаму Лукашэнка пайшоў па гэтым шляху, разумеючы, што гэта прынясе яму відавочныя замежнапалітычныя мінусы?

— Гэта, вядома, зусім не такая кампанія, на якую разьлічваў Эўразьвяз. Але Эўразьвяз апынуўся ў палоне сваіх ілюзій, у якім ён заставаўся ад пачатку цяперашняй стадыі перазагрузкі адносін зь Менскам, ад 2015 году. Эўрапейцам здавалася, што існуюць нейкія прычыны, абмежаваньні, дамоўленасьці, у рамках якіх Менск будзе паводзіць сябе іначай. Гэта сьведчыць пра недахоп аналітыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьмены палохаюць толькі слабых» — уплывовыя эўрадэпутаты прапанавалі Лукашэнку два сцэнары

Бо цалкам было відавочна, што беларускі палітычны працэс разьвіваецца цыклямі. Грамадзтва рухаецца зусім ня ў тым кірунку, у якім рухаецца прэзыдэнт. Наступае пэўны момант, калі гэтыя траекторыі разыходзяцца вельмі далёка — і рэжыму даводзіцца ісьці на жорсткія захады, бо іначай улада можа выпасьці з рук.

Цяпер адбываецца чарговая хваля. У іншых эканамічных умовах і без пандэміі грамадзкі пад’ём, магчыма, не дасягнуў бы такога ўзроўню, як цяпер. Рэжым разумее, што яму даводзіцца дзейнічаць з усёй уласьцівай яму жорсткасьцю, каб рэпрэсаваць актывістаў і запалохаць тых, хто вагаецца. А пасьля 9 жніўня (калі ўдасца захавацца ва ўладзе) рэжым будзе вырашаць свае замежнапалітычныя праблемы, зыходзячы з таго, што «пераможцаў ня судзяць».

Мне ня вельмі зразумела, чаму хтосьці чакаў іншых паводзін. Калі з аднаго боку пытаньне ўлады, а з другога — нейкія візыты ў Менск заходніх палітыкаў, нейкія канфэрэнцыі і форумы — зразумела, што выбар будзе рабіцца на карысьць захаваньня ўлады і яе абароны ўсімі даступнымі сродкамі.

— Але аглядальнікі маглі меркаваць, што ўсё пройдзе спакойна і бясьпечна для Лукашэнкі, як у 2015-м.

— Так маглі меркаваць людзі, якія ня вельмі разьбіраліся ў сытуацыі ў Беларусі. Я не выключаю, што менавіта так яны яе і ўяўлялі, і менавіта так аргумэнтавалі сваю пазыцыю эўрапейскім лідэрам. Але сёньня не 2015-ы. Тады падзеі 2010 году, брутальнасьць, якая была тады праяўлена, былі яшчэ блізкія ў памяці людзей. Да таго ж за гэтыя гады грамадзтва пабачыла, што захаваньне ва ўладзе Лукашэнкі ні да якіх добрых пераменаў не вядзе. Што галасаваць за Лукашэнку — гэта магчымасьць атрымаць чарговы дэкрэт аб дармаедах і гэтак далей. Беларускае грамадзтва разьвіваецца, становіцца ўсё больш сучасным і праэўрапейскім, яно не ізаляванае ад сусьветных плыняў інфармацыі. А рэжым практычна не эвалюцыянуе, ён спадзяецца на старыя і заўсёдныя інструмэнты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук: Беларусі трэба мець прабеларускіх кандыдатаў

Многія эўрапейцы нічога гэтага ня бачылі. І сапраўды, шмат хто зь іх думаў, што паўторыцца карціна 2015 году. Але ў Беларусі ўтварыліся два асяродкі пратэсту. Пратэст нізавы, які здолеў падхапіць і сфармуляваць Ціханоўскі. І пратэст часткі эліты, які сымбалізуе Бабарыка і ў нечым нават Цапкала.

І калі гэта абазначылася, рэжым вырашыў адкінуць усю прыстойнасьць і паводзіць сябе як раней і заўсёды.

— Гэтыя розныя траекторыі разьвіцьця грамадзтва і ўлады, калі яны сутыкнуліся — што можа адбыцца?

— Шчыра кажучы, ня хочацца разважаць у рамках найгоршага сцэнару, але варта быць гатовымі да новай хвалі рэпрэсій, прытым прэвэнтыўных. Думаю, рэжым пойдзе на тое, каб не дапусьціць пратэстаў у момант абвяшчэньня вынікаў выбараў. Таму ціск на актывістаў, нават патэнцыйных, будзе нарастаць ужо цяпер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка заклікаў правесьці рэфэрэндум аб вяртаньні да Канстытуцыі 1994 году. ВІДЭА

— 18 чэрвеня ў МЗС Беларусі былі запрошаныя заходнія амбасадары. І, напэўна, там прадстаўнікі афіцыйнага Менску пераконвалі заходнікаў, што цяперашнія арышты — гэта спроба ўтрымаць краіну ад умяшаньня Расеі, што ўсе асноўныя альтэрнатыўныя кандыдаты — гэта стаўленікі Крамля, і што Менск не жадае пагаршаць адносіны з Захадам. Наколькі заходнія палітыкі могуць купіцца на такую рыторыку?

— Некаторыя зь іх, цалкам магчыма, могуць купіцца на такую рыторыку. Бо гэта моцна не супярэчыць таму, што яны чулі ад сваіх аналітыкаў і нават палітыкаў цягам апошніх пяці гадоў. Гэта тая вэрсія, якую ў кантэксьце цяперашніх адносін Захаду і Расеі прасьцей за ўсё прыняць.

Другое — існуе цэлы слой людзей, якія так ці іначай выйгралі — у асабістым і службовым, кар’ерным пляне — ад перазагрузкі адносін зь Менскам. Зараз, калі адбудзецца абвастрэньне адносін Беларусі з Захадам, гэтым людзям давядзецца адказваць на складаныя пытаньні і мець цяжкія размовы са сваім начальствам. Павераць ці не — ня так і важна. Важна тое, што існуе даволі шмат людзей, якія і надалей, нягледзячы ні на што, жадаюць праводзіць палітыку нармалізацыі адносін зь Менскам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 56% не задаволеныя тым, як працуе дэмакратыя ў Беларусі, — апытаньне «Ўсходняга партнэрства»

Мы нават цяпер бачым, як неахвотна Эўразьвяз мяняе сваю рыторыку — «выражэньне заклапочанасьці» пакуль нічым не падмацоўваецца. За больш жорсткую палітыку адносна афіцыйнага Менску выказваецца толькі група дэпутатаў Эўрапарлямэнту. Адзінага фронту мы пакуль ня бачым. Так, лабісты і агульны кантэкст адносін Захаду з Расеяй зрабілі сваю справу.

— Ці можна сказаць, што ў Маскве паціраюць рукі, назіраючы за тым, што ў гэтыя дні робіць Лукашэнка? Бо калі праводзіць паралелі з тым жа 2010 годам, то пасьля таго разгрому Менск апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі і пазыцыі Расеі ў Беларусі ўзмацніліся. Ці ня можа адбыцца тое самае і цяпер?

— Магчымае пагаршэньне адносін Захаду зь Менскам яшчэ не адбылося. Захад будзе вельмі актыўна сачыць за тым, наколькі брутальна будуць здушаныя пратэсты пасьля выбараў. Але калі пратэсты будуць здушаныя яшчэ да выбараў — то радыкальна ў адносінах можа нічога і не адбыцца. Ну, будуць прыпыненыя перамовы наконт прадстаўленьня нейкіх фінансавых сродкаў Менску, якіх той і так не атрымлівае. Адменяць нейкія візыты — Лукашэнка бяз гэтага перажыве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цыганкоў, Чалы, Шрайбман: аглушальныя выбары ці як заўжды?

Але нават калі пагаршэньне адносін Менску з Захадам рэальна адбудзецца... Калі Лукашэнка застанецца ва ўладзе — наўрад ці ў Маскве будуць вельмі моцна паціраць рукі. Розьніца з 2010 годам палягае ў тым, што тады была нейкая дамоўленасьць паміж Менскам і Масквой. Тады ў Лукашэнкі была свабода манэўру значна большая, і ён рэальна выбіраў. Тады гэтая дамоўленасьць з Масквой купіла яму 10 гадоў ва ўладзе.

А сёньня Маскве складаней. Калі б яны маглі зваліць Лукашэнку — яны б даўно гэта зрабілі. Ня вельмі атрымліваецца. Узмацненьне ўплыву ідзе, але апошняга шчаўчка не адбываецца. У Расеі шмат сваіх праблемаў, ад палітычных да эканамічных. Лукашэнка і адносіны зь Беларусьсю — не прыярытэт у сёньняшняй расейскай палітыцы.

— Калі Віктар Бабарыка вылучыўся ў прэзыдэнты, то сярод процьмы самых разнастайных вэрсій былі і дастаткова рэалістычныя. Напрыклад, разважалі пра тое, ці ня можа яго вылучэньне быць вынікам пэўнай дамоўленасьці паміж Масквой і Захадам. Пры гэтым і сам Бабарыка паўтараў фразу, што не гуляе ў тыя гульні, у якіх ня можа выйграць.

— Безумоўна, гэта вэрсія — вынік аналітычных развагаў, якія павінны мець пад сабой пэўнае абгрунтаваньне. Ці магчымая ў прынцыпе дамоўленасьць паміж Масквой і Захадам наконт лідэра нейкай постсавецкай краіны? Так, перад намі ёсьць прыклад Малдовы, дзе гэта адбылося. Ці можа спадар Бабарыка задавальняць у якасьці кампрамісу і Расею, і Захад? Так, безумоўна, бо гэта новы твар, які прадугледжвае новыя магчымасьці, чалавек, які разьбіраецца ў эканоміцы. Так што супярэчнасьцяў у гэтай вэрсіі я ня бачу, але ведаць, ці праўда гэта, я, вядома, не магу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі ня Плошча, то што? Адказваюць Вольга Севярынец, Ірына Халіп і Наста Шпакоўская

— Калі ў выніку гэтай выбарчай кампаніі тыя розныя шляхі разьвіцьця грамадзтва і ўлады, пра якія мы казалі, той уздым і палітызацыя, якая назіраецца ў Беларусі, не прывядзе да зьмены ўлады — то якая будучыня чакае краіну? Ці будзе ўлада шукаць кампраміс, ці яна будзе імкнуцца замарозіць грамадзтва, як пасьля 2010 году?

— Вельмі цяжкае пытаньне. Больш верагоднай мне падаецца сытуацыя чарговага дэжавю. Адбудзецца тое, што мы ўжо бачылі, закручваньне гаек, рэпрэсіі, запалохваньне, міграцыя часткі незадаволеных, замарожваньне і нават пагаршэньне эканамічнай сытуацыі. І задаволіцца такой пэрспэктывай значная частка беларусаў не захоча. Мы бачым зьмену грамадзкіх настрояў і па стаўленьні да рынкавай эканомікі, і да дылемы «жорсткая рука ці дэмакратыя», і гэтак далей.

Прорва паміж новым сучасным грамадзтвам і старым анахранічным рэжымам будзе толькі расьці. Казаць пра сцэнар рэвалюцыі і Майдану на сёньня не выпадае. Рэжым мае рэсурс, апарат падаўленьня, ён можа абаперціся на людзей, якія атрымліваюць выгоды ад працягу існаваньня гэтай сыстэмы.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.