У відэазвароце, запісаным на выпадак затрыманьня, Віктар Бабарыка заклікаў правесьці рэфэрэндум аб вяртаньні Канстытуцыі 1994 году. Ён упэўнены, што ўдасца за два месяцы сабраць 450 тысяч подпісаў для правядзеньня рэспубліканскага рэфэрэндуму.
Бабарыка прапанаваў правесьці рэспубліканскі рэфэрэндум аб вяртаньні Канстытуцыі Беларусі 1994 году. Паводле словаў патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, у Беларусі трэба мяняць дзейны канстытуцыйны лад. Раней Бабарыка лічыў, што гэта павінен зрабіць прэзыдэнт.
«Пасьля гэтага месяца я лічу, што гэта не абавязкова роля прэзыдэнта. Я хачу абвясьціць новую ініцыятыву, і я вельмі цешуся, што вы мяне ў гэтым падтрымаеце. Я прапаную правесьці агульнарэспубліканскі рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і паспрабаваць яе вярнуць, узяўшы за ўзор Канстытуцыю 1994 году. Дзе ўжо было прадугледжана і абмежаваньне прэзыдэнцкіх тэрмінаў, і падзел трох галін улады, і самае галоўнае — было права народу на вызначэньне свайго лёсу», — сказаў Бабарыка.
Паводле Бабарыкі, для рэалізацыі гэтага пляну неабходна сфармаваць ініцыятыўную групу больш за 100 чалавек, сфармуляваць неабходныя зьмены і сабраць 450 тысяч подпісаў. Каардынатарка ініцыятыўнай групы Бабарыкі Марыя Калесьнікава сказала, што гэта рэальная лічба, бо на 19 чэрвеня штаб Бабарыкі сабраў і вэрыфікаваў 434 985 подпісаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.