Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьмены палохаюць толькі слабых» — уплывовыя эўрадэпутаты прапанавалі Лукашэнку два сцэнары


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту Андрус Кубілюс, Анна Фатыґа, Міхаэль Ґалер, Анджэй Галіцкі, Сандра Калніетэ, Мірыям Лексман, Зыгфрыд Мурэшан, Радослаў Сікорскі, Віёля фон Крамон-Таўбадэль у адкрытым звароце заклікалі кіраўніка Беларусі прыслухацца да голасу грамадзтва.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Да чаго заклікаюць эўрадэпутаты

«Падзеі ў Беларусі цягам апошніх тыдняў прадэманстравалі, што грамадзяне Беларусі хочуць пераменаў. Гэта пацьвярджаецца і аб’ектыўнымі апытаньнямі — людзі хочуць зьмены ва ўрадзе, зьмены ў палітыцы. Гэта відавочны сыгнал, які пасылае грамадзянская супольнасьць Аляксандру Лукашэнку і сябрам Беларусі ў Эўропе», — гаворыцца ў заяве.

Эўрадэпутаты адзначаюць, што перамены ў Беларусі сапраўды патрэбныя, і яны не павінны палохаць ані беларускіх грамадзян, ані ўлады Беларусі, і Эўразьвяз гатовы дапамагчы Беларусі на яе шляху да гэтых непазьбежных зьменаў.

У звароце падкрэсьліваецца, што толькі Беларусь можа ўзяць на сябе адказнасьць за тое, каб ператварыць гэтыя зьмены ў рэальнасьць. Зьмены могуць тычыцца лідэрства альбо палітыкі, якая праводзіцца ўладамі.

«Гісторыя ўсясьветнай палітыкі дае шэраг прыкладаў, калі шматгадовыя лідэры мудра слухалі мірна выказаныя грамадзянамі патрабаваньні пераменаў і самі ініцыявалі радыкальныя зрухі ў сваёй палітыцы, каб адпавядаць гэтым патрабаваньням. Цяпер Беларусь у сытуацыі, калі магчымыя абодва альтэрнатыўныя сцэнары разьвіцьця», — адзначаецца ў заяве.

Эўрадэпутаты пішуць, што назіраюць як ніколі раней актыўны ўдзел грамадзянскай супольнасьці ў падтрымцы альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзыдэнты. Паводле іх, існуе відавочны падзел паміж тымі, хто хоча захаваць статус-кво, і тымі, хто шукае рэальных пераменаў.

«Зыходзячы з гэтага, 9 жніўня беларускі народ можа зрабіць сапраўды стратэгічны выбар: працягваць па-ранейшаму — альбо выбраць мудры шлях пераменаў. Абодва рашэньні беларускага народу былі б аднолькава законнымі і паважанымі пры ўмове, што яны прымаюцца на свабодных і сумленных выбарах», — гаворыцца ў заяве.

Што прапануюць Лукашэнку

Аднак, як адзначаюць эўрадэпутаты, ці будзе ў беларускага народу магчымасьць выбіраць на свабодных і справядлівых выбарах — гэта шмат у чым залежыць ад асабістага рашэньня Аляксандра Лукашэнкі: ці будзе ў яго мудрасьць пачуць патрабаваньні сваіх суграмадзян, ці ён вырашыць здушыць надзею на перамены недэмакратычнымі адміністрацыйнымі спосабамі або нават сілай.

У выпадку, калі Аляксандар Лукашэнка абярэ першы варыянт, яму было б дастаткова абапірацца на асноўныя прынцыпы:

  • а) спыніць перасьлед палітыкаў, грамадзкіх і апазыцыйных актывістаў, патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі, і вызваліць арыштаваных, у тым ліку Паўла Севярынца і іншых;
  • б) дазволіць рэгістрацыю кандыдатаў, якія сабралі неабходную колькасьць подпісаў, без наўмысных адміністрацыйных перашкод;
  • в) забясьпечыць аднолькавыя ўмовы агітацыі, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі, для ўсіх кандыдатаў;
  • d) гарантаваць свабодны, справядлівы і празрысты працэс выбараў;
  • е) паабяцаць публічна прызнаць вынікі выбараў незалежна ад таго, якія яны будуць;
  • f) нарэшце, паабяцаць, што калі ён пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах, то забясьпечыць свабодныя і дэмакратычныя парлямэнцкія выбары.

Паводле эўрадэпутатаў, такая пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі дасьць магчымасьць спадзявацца на зьмену палітыкі ў Беларусі, магчыма, бязь зьмены асобы ва ўладзе.

І гэта, паводле аўтараў заявы, таксама створыць умовы для таго, каб ЭЗ адчыніў дзьверы і Беларусь атрымала праз праграму супрацоўніцтва і падтрымкі «Ўсходняе партнэрства» дадатковыя выгады, якія неадкладна патрэбныя Беларусі ў часы пандэміі і эканамічнага спаду.

Што будзе, калі зноў прымяніць сілу

У выпадку, калі Аляксандар Лукашэнка зноў праігнаруе голас суграмадзян, як гэта было дагэтуль, і абярэ другі варыянт, эўрадэпутаты абяцаюць рэзкую рэакцыю дэмакратычнай супольнасьці ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі асабіста, яго палітычнага атачэньня і рэпрэсіўных структураў.

«Рэпрэсіі, запалохваньне і арышты (у тым ліку дэмакратычнай апазыцыі) — ня спосаб правесьці выбары ці абʼяднаць краіну, гэта проста цынічныя крокі, накіраваныя на ўтрыманьне ўлады любой цаной. Аляксандар Лукашэнка павінен разумець, што ЭЗ не пацерпіць падобных дзеяньняў і што яны будуць мець наступствы, уключаючы магчымыя мэтанакіраваныя санкцыі супраць групаў, фізычных і юрыдычных асобаў, і будуць мець уплыў на рашэньні ЭЗ адносна фінансавай дапамогі Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

Эўрадэпутаты спадзяюцца, што гэтым разам такія захады не спатрэбяцца, бо кожная ўлада павінна слухаць голас грамадзтва, якое патрабуе пераменаў, а тыя, хто ня хоча чуць, застануцца на ўскрайку гісторыі.

«Беларусь — моцная і важная эўрапейская дзяржава. Моцныя дзяржавы не баяцца пераменаў. Зьмены палохаюць толькі слабых», — такімі словамі завяршаюць заяву эўрадэпутаты.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG