У рэзыдэнцыі Пуціна паставілі дэзынфэкцыйны тунэль

Дэзынфэкцыйная камэра, ілюстрацыйнае фота

У рэзыдэнцыі прэзыдэнта Расеі ў Нова-Агарове паставілі тунэль для дэзынфекцыі. Пра гэта паведамляе сайт ураду Пензенскай вобласьці Расеі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Тунэль распрацавала пензенская кампанія. У ім на чалавека распыляюць дэзынфэкцыйную рошчыну.

Як паведамляў у канцы красавіка прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў, Уладзімір Пуцін праз пагрозу каранавірусу скараціў колькасьць вочных сустрэчаў і трымае сацыяльную дыстанцыю пры зносінах з памочнікамі і наведнікамі. Усе супрацоўнікі адміністрацыі і наведнікі прэзыдэнта праходзяць тэставаньне на COVID-19.

Акрамя гэтага, у канцы сакавіка Крэмль перавёў на дыстанцыйную працу работнікаў, старэйшых за 60 гадоў, і тых, чые абавязкі дазваляюць працаваць з дому, паведамлялі крыніцы РБК. З 15 чэрвеня рэжым дыстанцыйнай працы для большасьці супрацоўнікаў Крамля скончыўся, паведамілі суразмоўцы РБК.

З пачатку пандэміі ў Крамлі выявілі некалькі выпадкаў каранавірусу. Інфармацыю пра хваробу супрацоўніка пацьвярджаў Пяскоў. Паводле яго, заражаны не кантактаваў з прэзыдэнтам.

12 траўня з каранавірусам шпіталізавалі самога прэс-сакратара. Пасьля выпіскі з шпіталя Пяскоў заявіў, што першым пачуцьцём пасьля станоўчага тэсту была прыкрасьць: ён лічыў, што жорсткія карантынныя захады, якія выконваў ён і яго сям’я, дапамогуць унікнуць заражэньня, але так ня выйшла. Таксама перахварэў на каранавірус і прэм'ер-міністар РФ Міхаіл Мішусьцін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратар Пуціна заразіўся каранавірусам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Расеі заразіўся каранавірусам і самаізаляваўся

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ