Сытуацыю з пашырэньнем эпідэміі COVID-19 Свабодзе пракамэнтаваў афіцыйны прадстаўнік эўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Джэймс Крэсуік. Паводле яго, САЗ працягвае адсочваць сытуацыю з эпідэміяй у Беларусі, а таксама абменьваецца ўсёй неабходнай інфармацыяй зь беларускімі ўладамі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Пра адсутнасьць брыфінгаў і прэс-канфэрэнцыяў з удзелам чыноўнікаў міністэрства
«Хоць брыфінгі для прэсы могуць быць эфэктыўным і дзейсным спосабам камунікаваць са СМІ, гэта не адзіны спосаб, — адказалі Свабодзе ў САЗ на пытаньне, ці не зьяўляецца брак прэс-канфэрэнцыяў і брыфінгаў з прадстаўнікамі Міністэрства аховы здароўя недахопам у інфармаваньні грамадзтва аб сытуацыі з каранавірусам. — Рашэньне, як пашыраць інфармацыю для СМІ, і частата такога пашырэньня цалкам залежыць ад краіны і яе ўладаў.
САЗ шчыльна працуе зь беларускім уладамі, каб надаць кансультацыі, але збор нацыянальных зьвестак і статыстыкі пра выпадкі COVID-19 у сфэры адказнасьці дзяржаваў, якія потым падаюць афіцыйную інфармацыю ў САЗ. Каб працаваць эфэктыўна, нам патрэбныя стасункі даверу з нашымі партнэрамі ў краіне».
Пра мэтазгоднасьць выбараў падчас эпідэміі
Як паведамляе афіцыйны прадстаўнік САЗ у Эўропе, у Беларусі фіксуюць так званыя выпадкі «перадачы інфэкцыі зь невядомай крыніцы».
«На 10 чэрвеня (момант звароту ў САЗ. — РС) Беларусь па-ранейшаму паведамляе пра заражэньні зь невядомай крыніцы (community transmission), і таму мы рэкамэндуем фізычнае дыстанцыяваньне прынамсі на 1 мэтар, а таксама раім, каб урад заахвочваў людзей насіць маскі там, дзе фізычнае дыстанцыяваньне захоўваць складана – у грамадзкім транспарце, у крамах і ў іншых закрытых і людных асяродках. Вядома ж, мы па-ранейшаму рэкамэндуем гігіену рук і дыхальную гігіену ўвесь час».
Паводле рэкамэндацыяў арганізацыі, гэта накладае пэўныя абмежаваньні на правядзеньне масавых мерапрыемстваў. У тым ліку, напрыклад, прэзыдэнцкіх выбараў.
«На думку САЗ, усе краіны, дзе адбываецца перадача інфэкцыі зь невядомай крыніцы, мусілі б падтрымаць рэкамэндацыі пра сацыяльнае дыстанцыяваньне і сур'ёзна разгледзець магчымасьць адкласьці ці абмежаваць вялікія мерапрыемствы, якія зьбіраюць разам людзей і маюць патэнцыял узмацніць хваробу, — адзначаюць у САЗ. — Кожнае рашэньне САЗ падтрымае праз выкарыстаньне сваіх інструмэнтаў, у прыватнасьці ацэнкі рызыкаў для масавых сходаў падчас COVID-19.
Калі ўлады Беларусі вырашаць праводзіць выбары, будзе важна заахвочваць мыцьцё рук, дыхальную гігіену і фізычнае дыстанцыяваньне, рэкамэндаваць выкарыстоўваць маскі ў грамадзкіх месцах, дзе фізычнае дыстанцыяваньне немагчымае».
Паводле прадстаўніка эўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ, арганізацыя рэгулярна атрымлівае ад беларускіх уладаў сьвежую статыстычную інфармацыю аб сытуацыі з COVID-19 у Беларусі. Аднак ніякім чынам «не ацэньвае яе і не вэрыфікуе».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.