Прыгоды рэйтынгу прэзыдэнта, або Які адсотак у Лукашэнкі

Хвосткі мэм пра надзвычай нізкі рэйтынг Лукашэнкі набыў вялікую папулярнасьць у беларускім грамадзтве. Ён грунтуецца на онлайнавых апытаньнях, праведзеных апошнім часам у шэрагу інтэрнэт-выданьняў. Але які ён на самай справе, ці праўда, што ён насамрэч настолькі нізкі?

Адразу ж прызнаюся чытачам, што Аляксандар Лукашэнка — ня той кандыдат, якому асабіста я аддаю перавагу. Таму сумневы ў справядлівасьці ўдалага ў паліттэхналягічным сэнсе мэму — не ад сымпатый да гэтага палітыка.

Але сумневы, тым ня менш, ёсьць.

Падобныя галасаваньні на розных інтэрнэт-рэсурсах праводзіліся і напярэдадні выбараў 2010 году. Тады ў гэтых онлайн-галасаваньнях перавага апазыцыйных кандыдатаў была таксама вялікая.

На сайце rupoll.com за Андрэя Саньнікава былі гатовыя галасаваць 47%, за Лукашэнку — малапераканаўчыя 7%. Апытаньне на tut.by паказвала тады такі набор фаварытаў: Раманчук — 32%, Саньнікаў — 22%, Лукашэнка — 13%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя канфіскавала больш за 400 цішотак з надпісам ПСІХОЗ%

Між тым рэпрэзэнтатыўныя апытаньні НІСЭПД паказвалі істотна іншыя лічбы. Паводле гэтых апытаньняў, за Лукашэнку ў верасьні 2010 году былі гатовыя галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах 39%, а ў ходзе апытаньня, праведзенага адразу пасьля сьнежаньскіх выбараў, 53% рэспандэнтаў сказалі, што прагаласавалі за яго. 53% — гэта не завоблачныя лічбы, якія агучвала кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, але гэта цалкам пераканаўчая перамога. Хоць у інтэрнэт-апытаньнях дзейны кіраўнік дзяржавы і прайграваў сваім канкурэнтам.

Тлумачэньне гэтаму крыецца ў падвойным эфэкце. Аўдыторыя СМІ, якія праводзяць інтэрнэт-апытаньні, — гэта ня ўсё грамадзтва. Да таго ж у інтэрнэт-апытаньнях удзельнічаюць тыя, хто хоча ў іх удзельнічаць. А гэта часьцей людзі, якія хочуць зьменаў, людзі з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Аднак і яны, пры ўсёй да іх павазе, ня ўсё грамадзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці трэба баяцца замены Лукашэнкі іншым прарасейскім лідэрам

Цяпер у Беларусі нельга праводзіць несанкцыянаваныя апытаньні грамадзкай думкі, нядаўна забаранілі нават онлайн-апытаньні на інтэрнэт-рэсурсах.

Тым ня менш падставы для нейкіх высноваў усё ж ёсьць. Нядаўна «Наша Ніва» апублікавала дадзеныя апытаньня, якое нібыта правёў інстытут сацыялёгіі НАН у сакавіку-красавіку гэтага году. «Наша Ніва» апублікавала толькі дадзеныя па Менску, вынікі адказаў на пытаньне пра давер прэзыдэнту — 24%.

Інстытут сацыялёгіі НАН гэтую інфармацыю не пацьвердзіў, але і не абверг. Можна ёй верыць ці ня верыць. Любыя альтэрнатыўныя онлайн-рэйтынгі ня надта рэпрэзэнтатыўныя зь дзьвюх пазначаных вышэй прычын: пляцоўка ў значнай ступені абумоўлівае меркаваньні тых, хто на яе ходзіць, да таго ж ініцыятыўна выказваюць свае меркаваньні людзі з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, а яны не складаюць большасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі аналітык пра тое, чаму «прыціснулі» Бабарыку і Ціханоўскага

Амэрыканскі палітык Эдлай Стывэнсан прэтэндаваў на пасаду прэзыдэнта ЗША ў 50-х. На адной сустрэчы з выбаршчыкамі экспансіўная дама падбегла да яго са словамі: «Усе разумныя людзі Амэрыкі будуць галасаваць за вас». «Дзякуй, мэм — адказаў Стывенсан, — але мне патрэбная большасьць».

Мінулае не заўсёды можна экстрапаляваць на сучаснасьць. Але яно карыснае для разуменьня маштабаў той ці іншай зьявы, сувязяў яе розных аспэктаў і дынамікі. Ніжэй прыводзіцца графік, які ілюструе дадзеныя апытаньняў НІСЭПД у 2005−2016 гадах.

У 2016 годзе ўлады зьнішчылі апытальную сетку інстытуту, пасьля чаго публічныя дадзеныя пра папулярнасьць беларускіх палітыкаў, у тым ліку і Лукашэнкі, сталі недаступныя для шырокай публікі.

Графік 1. Давер да прэзыдэнта Беларусі і гатоўнасьць галасаваць за Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах, у %

З графіку 1 вынікаюць некалькі высноў. Узровень даверу заўсёды крыху вышэйшы, чым электаральны рэйтынг, чым гатоўнасьць галасаваць за адпаведнага палітыка. Самым горшым для Аляксандра Лукашэнкі ў сэнсе даверу і грамадзкай падтрымкі быў 2011 год — рэзкая дэвальвацыя нацыянальнай валюты ў некалькі разоў. Аднак і тады ўзровень даверу да яго і ягоны электаральны рэйтынг былі ў раёне 20%. Гады выбараў — 2006, 2010, 2015 — былі для Аляксандра Лукашэнкі ня самымі горшымі часамі з пункту гледжаньня народнай падтрымкі. Паўтаруся, яна не была такой завоблачнай, як пра гэта паведамляла ведамства спадарыні Ярмошынай, але была і рэальна немалая, блізкая да 50%.

Наступны графік паказвае, якія былі суадносіны даверу да Аляксандра Лукашэнкі ва ўсёй краіне і ў сталіцы. Наколькі пэўныя дадзеныя, паведамленыя «Нашай Нівай», невядома, але вядома, як, паводле дадзеных НІСЭПД, суадносіліся ацэнкі Менску і ўсёй Беларусі.

Графік 2 Узровень даверу прэзыдэнту ўсяго насельніцтва Беларусі і жыхароў Менску, у %

Як бачым, давер да прэзыдэнта ў сталіцы заўсёды быў ніжэйшы, чым у краіне ў цэлым. Але пры гэтым траекторыі ўзроўняў даверу ў краіне і ў сталіцы супадалі: калі давер да прэзыдэнта падаў у краіне, ён падаў і ў сталіцы, і наадварот. На графіку відаць, што пасьля 2011 году разрыў паміж сталіцай і астатняй краінай крыху павялічыўся. Аднак сытуацыя цяперашняга году ўяўляецца падобнай да сытуацыі лета 2016 году. Тады, згодна з графікам 2, давер прэзыдэнту выказвалі 23,5% менчукоў (амаль столькі ж, колькі ў апытаньні 2020 году Інстытуту сацыялёгіі НАН, калі верыць «Нашай Ніве»). Пры гэтым у цэлым па краіне давер яму выказвалі тады 38,6%.

Калі зьвярнуцца да графіку 1, то варта заўважыць, што галасаваць за Аляксандра Лукашэнку як за прэзыдэнта тады былі гатовыя прыкладна 30%.

Усе параўнаньні ўмоўныя, можна ставіць пад сумневы і ранейшыя дасьледаваньні НІСЭПД, і паведамленьне «Нашай Нівы» наконт вынікаў апытаньня Інстытуту сацыялёгіі НАН, і прапорцыі, якія мелі месца ў апытаньнях НІСЭПД 4 гады таму.

Але асабіста мне гэтыя вылічаныя 30% уяўляюцца больш рэальнымі, чым піярныя 3% перадвыбарчай прапаганды. Сіла дзейнай улады — ня толькі ў падступных (асабістае меркаваньне) крымінальнай справе супраць Сяргея Ціханоўскага і пагроме «Белгазпрамбанку». Але і ў гэтых добрых 30% рэальнай народнай падтрымкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала: Лукашэнку на выбарах можа дапамагчы толькі цуд

З каго яны складаюцца? У Беларусі больш за 20% сялян. А ім Лукашэнка бліжэйшы культурна, мэнтальна, а яны, між іншым, таксама людзі, беларусы, выбаршчыкі. У краіне да чвэрці пэнсіянэраў. Для іх тэхналягічныя прарывы наўрад ці вельмі актуальныя. Вядома, у іх ёсьць дзеці, унукі, у якіх сваё жыцьцё. Але і яны яшчэ жывыя, і для іх Лукашэнка — маральнае апраўданьне іх доўгага і цяжкога жыцьця.

Ёсьць і корпус чыноўнікаў. У 1994 годзе Лукашэнка быў своеасаблівым «Робін Гудам». Як нядаўна трапна адзначыў былы кіраўнік НІСЭПД Алег Манаеў, цяпер Лукашэнка стаў «натынгемскім шэрыфам», галоўным чыноўнікам краіны. А гэтага чыноўніцкага саслоўя ў краіне, разам з раднёй, — добры мільён чалавек. Праўда, і Бабарыка, і Цапкала абяцаюць, што мааісцкага «агню па штабах» яны, калі стануць прэзыдэнтам, весьці ня будуць. Але хто ведае? Як казаў правадыр францускай рэвалюцыі Жорж Дантон, рэвалюцыя — гэта 100 тысяч вакансіяў. Многія беларускія «гасударавы людзі» гэтую максыму разумеюць скурай і баяцца, што тыя вакансіі — гэта іх цяперашнія месцы службы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка дзейнічае ў той жа парадыгме, што і Януковіч аж да канца 2013 году, — кіраўнік фонду «Ўкраінская палітыка»

Так што мэм пра надзвычай нізкі рэйтынг — гэта граматны піяр. Але па сутнасьці гэта няпраўда. І саміх сябе ня трэба цешыць ілюзіямі. Выбары 9 жніўня будуць цяжкой барацьбой. І ня толькі таму, што цяперашняя Беларусь — дыктатура, якая, як казаў паручнік Ржэўскі з анэкдоту, можа «ўсё апошліць». Але і таму, што за захаваньне цяперашніх парадкаў — вялікая частка беларускага грамадзтва, беларусаў. З розных прычын — ня толькі зь любові да Аляксандра Рыгоравіча.

Зь іншага боку, гэта выклік і Лукашэнку. Ён 26 гадоў пляваў на іншую Беларусь. Нават калі ён пераможа ў гэтым годзе (палітычна, а ня толькі па дадзеных спадарыні Ярмошынай), ці зможа ён пляваць на іншую, новую Беларусь?

Перадрук з парталу TUT.BY