Прэтэндэнтка ў кандыдаты на прэзыдэнты Натальля Кісель паведаміла Свабодзе, што яна ня ведае пра парушэньні ў зборы подпісаў, у якіх прызнаўся кіраўнік ейнай ініцыятыўнай групы Сяргей Штода.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
“У мяне ёсьць справаздачы, ёсьць справаздачы ў “Вайбэры”, прысланыя каардынатарамі. Гэты скрыншот выкладзены на маёй асабістай старонцы ў “Фэйсбуку” ў адкрытым доступе, пра тое, якую справаздачу далі людзі, колькі было сабрана ў якіх рэгіёнах. Там 108 тысяч. Пра парушэньні ў зборы подпісаў у мяне ніякіх фактаў няма, няма пацьвярджэньня парушэньням, пра якія пачалі гаварыць СМІ», — сказала Свабодзе Натальля Кісель.
Пасьля выхаду артыкулу Свабоды «Наша ніва» падлічыла, што калі ініцыятыўная група Кісель складаецца са 147 удзельнікаў, а подпісаў сабрана трохі больш за 108 тысяч, кожны зьбіральнік мусіў здабыць у сярэднім па 735 подпісаў. Калі ж «рэкардсмэны» зьбіралі па 500 подпісаў, як Штода сказаў Свабодзе, а астатнія яшчэ менш, дык лічбы ня сходзяцца. У яшчэ адной размове з журналістам «Нашай нівы» Сяргей Штода нецэнзурна аблаяў суразмоўцу, запатрабаваў, каб той зьмяніў публікацыю.
Сяргей Штода прызнаў у камэнтары Свабодзе, што ў зборы подпісаў удзельнічалі ня толькі сябры іх ініцыятыўнай групы, хоць гэта і забаронена выбарчым заканадаўствам. У інтэрвію «Нашай ніве» ён назваў лічбу 2500 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік ініцыятыўнай групы Кісель прызнаў, што яны зьбіралі подпісы з парушэньнем заканадаўстваНатальля Кісель сказала Свабодзе, што інфармацыі пра нецэнзурныя словы кіраўніка ініцыятыўнай групы яна камэнтаваць ня будзе.
“У мяне асабіста і маёй ініцыятыўнай групай не было з «Нашай нівай» ніякіх інцыдэнтаў, акрамя таго, што ўчора журналіст пазваніў раніцай зь невядомага нумару. Гэта была тэлефонная размова, у якой чалавек назваўся журналістам “Наша нівы”, сказаў пра тое, што ў яго ёсьць факты, што кіраўнік майго штабу абмацюкаў, калі яму задавалі пытаньні. І калі я не прынясу нейкіх прабачэньняў за свайго кіраўніку штабу, то ён з гэтай інфармацыяй будзе зьвяртацца ў міліцыю і апублікуе. Як гэта ацаніць -- шантаж ці пагроза? Ён папярэджвае, што запісвае мяне, а я чалавека ня ведаю, нумар тэлефона ня ведаю, сытуацыі ня ведаю», — сказала Кісель.
Раней Натальля Кісель удзельнічала ў дыскусіі ў праекце Свабоды «Толькі жанчыны» разам з прэтэндэнткамі ў кандыдаты на прэзыдэнта Ганнай Канапацкай і Вольгай Кавальковай.
Your browser doesn’t support HTML5
Яна адзначыла, што спачатку ўдзел у кампаніі быў не зусім па сваёй волі, ёй прапанавала гэта Асацыяцыя грузаперавозчыкаў.
“Я аказалася гатовая, і пакуль мы разам ідзём, ідзём камандай, крок за крокам. Гэтак і застаецца. Далей у вас, напэўна, будзе пытаньне... Хутчэй не зусім маё волевыяўленьне, гэтае рашэньне было хутчэй альтруізмам у чыстым выглядзе”, — сказала ўдзельніца выбарчай кампаніі.
- Натальля Кісель стала пятым прэтэндэнтам, які абвясьціў пра збор мінімальнай колькасьці подпісаў. Раней пра ўзяты бар’ер заявілі Аляксандар Лукашэнка (больш за 1 мільён), Ганна Канапацкая (100 тысяч), Віктар Бабарыка (285 тысяч), Валер Цапкала (120 тысяч). Збор подпісаў у падтрымку вылучэньня кандыдатаў працягнецца да 19 чэрвеня, потым Цэнтарвыбаркам будзе іх пералічваць і спраўджваць.
- Натальля Кісель, прадпрымальніца зь Менску, зарэгістравана ІП, працуе намесьніцай дырэктара ў кампаніі, якая займаецца грузаперавозкамі. Мае тры вышэйшыя адукацыі, палітычнага досьведу дагэтуль ня мела.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.