Улады Масквы паведамілі, што ў траўні ў расейскай сталіцы ад каранавірусу памерлі 2757 чалавек. Гэта амаль у паўтара разы больш, чым паведамляў раней фэдэральны апэратыўны штаб, паводле якога памерлі 1895 чалавек.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле інфармацыі Дэпартамэнту аховы здароўя Масквы, у статыстыку сьмерцяў ўключанылі спрэчныя выпадкі, у прыватнасьці сьмерць 433 чалавек, у якіх тэст на каранавірус быў адмоўным, аднак клінічныя прыкметы пасьля ўскрыцьця сьведчылі пра COVID-19.
Яшчэ 2503 чалавекі, паводле маскоўскай мэрыі, былі інфікаваныя каранавірусам, але «памерлі зь іншых прычынаў». У іншых краінах мэтадалёгія адрозьніваецца: шмат дзе такіх памерлых уключаюць у агульную статыстыку сьмяротнасьці ад COVID-19, як раіць Сусьветная арганізацыя здароўя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праблемныя тэсты і схаваныя пераносчыкі. Статыстыка каранавірусу ў кантэксьцеПадобную праўку ў Маскве рабілі ў канцы траўня: колькасьць памерлых з прычыны каранавірусу за красавік скарэктаваная з 639 да 1561 чалавека.
Міністэрства здароўя Беларусі не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія». Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што робіць нашая краіна?! Навошта заніжаць статыстыку?» Сын памерлага фэльчара хуткай дапамогі жорстка адказаў міністру КаранікуМасква — самы маштабны асяродак захворваньня ў Расеі. Ад 9 чэрвеня ў горадзе спыненыя так званы рэжым самаізаляцыі і электронных пропускаў. Пры гэтым раней яны падаўжаліся да 14 чэрвеня.
Рашэньне аб датэрміновым зьняцьці абмежаваньняў мэр гораду Сяргей Сабянін, як сьцьвярджаюць крыніцы Meduza, прыняў пасьля размовы з Уладзімірам Пуціным.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.