Сьцісла:
- «Расейская пагроза» існуе, бо імпэрыі паводле сваёй сутнасьці нясуць пагрозу суседзям;
- Які заўгодна вынік «выбараў» у Беларусі будзе выгадны Расеі;
- Расея для незалежнасьці Беларусі пагроза роўна настолькі, наколькі ёй дазволяць беларусы;
- Расейская пагроза гіпатэтычная, а Лукашэнка стаміў і раздражняе вялікую колькасьць людзей тут і цяпер.
Да дня асноўнага галасаваньня яшчэ два месяцы, а першы палітвязень зь ліку ўдзельнікаў гэтай кампаніі ўжо зьявіўся — гэта Сяргей Ціханоўскі. Што ня дзіўна, бо ён сымбаль пратэсту, стварае рэальную канкурэнцыю Лукашэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца: Ёсьць падставы для прызнаньня абвінавачаных у «справе Ціханоўскага» палітвязьняміНе зьдзіўлюся, калі другога рэальнага канкурэнта (прынамсі, прэтэндэнта на другі тур) Віктара Бабарыку заўчасна выключаць з гульні. Дзіўна іншае: абодвух прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта (Ціханоўскага апасродкавана, праз асобу жонкі Сьвятланы) афіцыйная прапаганда спрабуе дыскрэдытаваць як «прарасейскіх стаўленікаў».
Парадокс, але факт: Лукашэнка, які ў другой палове 1990-х быў гатовы ахвяраваць незалежнасьцю Беларусі дзеля зьліцьця з Расеяй у Савецкім Саюзе 2.0, цяпер спрабуе пужаць грамадзян «расейскай пагрозай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гэтай кампаніі Лукашэнка ўжо не зьяўляецца самым прарасейскім палітыкам, — палітолягПакуль пагрозу для самога сябе ўяўляе сам Аляксандар Лукашэнка. Калі ён такімі тэмпамі пачне кідаць за краты такіх асобаў, як Сяргей Ціханоўскі, а пад канец яшчэ жорстка разгоніць абураных людзей на вуліцах, то выбары могуць не прызнаць і па-за Беларусьсю. Прычым ня толькі на Захадзе, але і ў Маскве.
Хоць папраўдзе Расеі выгадна ўсё, што можа адбыцца зь Беларусьсю ў выніку сёлетняй выбарчай і — асабліва — пасьлявыбарчай кампаніі.
Пратэставыя настроі сыдуць на мізэр? Цудоўна, застанецца палітычны статус-кво. Лукашэнка хоць і непрыемны, але зразумелы партнэр для Расеі. Яго можа будзе і далей пакрысе заціскаць у кут непасільнымі пазыкамі, не баючыся, што Беларусь «разьвернецца на Захад».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбараў у Беларусі перамовы аб інтэграцыі адновяцца з новай сілай, — расейскі палітолягСытуацыя абвострыцца масавымі і трывалымі ў часе вулічнымі акцыямі пратэсту? Таксама добра. Напужаным Лукашэнкам можна яшчэ лягчэй маніпуляваць на сваю карысьць.
Лукашэнка пачне тэрор? Тут можна пад шумок паспрабаваць яго скінуць і паставіць свайго пратэжэ. «Інтэрнацыянальная дапамога» Расеі абкатаная ў Грузіі, Малдове і Ўкраіне.
А што на гэта самі беларусы?
Людзі, якія дваццаць гадоў хадзілі на акцыі пратэсту супраць Лукашэнкі пад нацыянальнай сымболікай і воклічам «Незалежнасьць!», цяпер зьбіраюць галасы за «прарасейскага» банкіра і дапамагаюць Ціханоўскаму зь ягоным «расейскім сьледам».
Для Лукашэнкі з Расеяй поўная нявыкрутка: хоць так, хоць гэтак. Вуглевадародаў наўзамен на пацалункі больш няма і ня будзе. Таму размаўляць з электаратам у стылістыцы «я вас забясьпечваю, а вы ня сунецеся ў палітыку» ужо не атрымаецца. А эканамісты прагназуюць на восень самы маштабны эканамічны крызіс за ўсю гісторыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масква будзе «актыўна назіраць» за выбарамі ў Беларусі, — расейскі паліттэхноляг«Бацькам» для «дзяцей-электарату» Лукашэнка быць ужо ня зможа. Прынамсі, «строгім, але справядлівым». Дый таго адданага электарату амаль не засталося, калі меркаваць па пярэстасьці публікі ў чэргах на подпіс «за» альтэрнатыўных кандыдатаў (а насамрэч супраць Лукашэнкі).
«Расейская пагроза» пры ўсёй сваёй імавернасьці пакуль застаецца гіпатэтычнай.
А Лукашэнка як начальнік стаміў велізарную колькасьць людзей ужо тут і цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт расейскага Інстытуту Прымакова: Бабарыка і Цапкала — частка гульні, якая завершыцца захаваньнем пазыцый Лукашэнкам«Расейская пагроза» будзе навісаць у паветры роўна столькі, колькі будзе існаваць Расея ў выглядзе імпэрыі. Але калі казаць пра «расейскую пагрозу» ў 2020 годзе, то ўсё залежыць толькі ад людзей. Наколькі мы, беларусы, самі дазволім ці не дазволім маніпуляваць нашай краінай.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.