Увечары 8 чэрвеня скончыўся 10-дзённы тэрмін знаходжаньня Сяргея Ціханоўскага пад вартай. У той жа дзень стала вядома, што яму афіцыйна выставілі абвінавачаньне, але ў чым, не паведамлялася.
Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў 9 чэрвеня ў Telegram, што Сяргея Ціханоўскага абвінавацілі паводле часткі 1 артыкулу 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Такое ж абвінавачаньне выставілі яшчэ сямі асобам, якія праходзяць у «справе Ціханоўскага». Яны ўсе ўзятыя пад варту з санкцыі пракурора. Паводле ч. 1 арт. 342 могуць прысудзіць штраф, арышт, абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абвінавачаньне вытхнулася». Юрыст пра крымінальную справу супраць Ціханоўскага«Паводле зьвестак сьледзтва, 29 траўня ў час пікету для збору подпісаў у Горадні было арганізавана правядзеньне незаконнага грамадзкага мерапрыемства, мітынгу, падчас якога ўчынены групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням міліцыі, — піша Сьледчы камітэт. — У выніку гэтых дзеяньняў пацярпелі два супрацоўнікі органаў унутраных справаў».
Цяпер, піша СК, «сьледчыя і іншыя працэсуальныя дзеяньні» працягваюцца, прызначанае правядзеньне «судова-мэдычных і іншых» экспэртыз.
Пра 900 тысяч даляраў, нібыта знойдзеных у Ціханоўскага на лецішчы, СК ня згадвае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра міліцыянта, які ўпаў на пікеце Ціханоўскай у Горадні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яна ня мела іншага выйсьця». Знаёмая ўдзельніцы затрыманьня Ціханоўскага расказвае пра ціск міліцыі на асуджаных за прастытуцыю
Аднаму зь фігурантаў «справы Ціханоўскага» пагражае да 6 гадоў турмы
Аднаму з затрыманых (каму, не ўдакладняецца) выставілі таксама абвінавачаньне паводле артыкулу 364 КК РБ — «гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў».
Паводле СК, пры дапамозе відэазапісаў зь пікету выявілі «яшчэ адну асобу», якая «чыніла гвалт у дачыненьні супрацоўнікаў міліцыі, якія дастаўлялі затрыманых у службовы транспарт».
Гэты артыкул прадугледжвае пакараньні ад арышту да абмежаваньня волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьня волі на тэрмін да шасьці гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэрор», затрыманьні, 900 тысяч даляраў за канапай. Як зьнішчаюць «Краіну для жыцьця»
Як затрымалі Ціханоўскага
Сяргея Ціханоўскага затрымалі на выбарчым пікеце ў Горадні 29 траўня. Пазьней у кватэры маці Ціханоўскага ў Гомлі і на яе лецішчы пад Гомлем, а таксама ў студыі Сяргея Ціханоўскага ў Гомлі прайшлі ператрусы — сьцьвярджалася, што на лецішчы нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Разам з блогерам затрымалі каля дзясятка сяброў ініцыятыўнай групы ягонай жонкі, а таксама выпадковых людзей, якія прыйшлі на пікет.
Тэрмін утрыманьня Ціханоўскага за кратамі працягнулі на яшчэ два месяцы — ён прабудзе пад вартай да 9 жніўня, дня прэзыдэнцкіх выбараў. Сам Ціханоўскі зьбіраўся ісьці ў кандыдаты ў прэзыдэнты, ды ягоную ініцыятыўную групу адмовіліся рэгістраваць (ён на момант рэгістрацыі быў пад арыштам). Зарэгістравалі ініцыятыўную групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай — Сяргей стаў кіраўніком ейнай групы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгразіў «нагадаць», як ва Ўзбэкістане расстралялі дэманстрантаў. Што было ў Андыжане?Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.