Сяргею Ціханоўскаму працягнулі арышт да дня выбараў. Што гэта азначае для выбарчай кампаніі? Ці зможа Сьвятлана Ціханоўская стаць лідэрам пратэсту? Ці адбудзецца Плошча без Сяргея Ціханоўскага? Як на яго выключэньне з палітычнай кампаніі адрэагуюць прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта, найперш Віктар Бабарыка і Валер Цапкала?
Наступствы зьняволеньня Ціханоўскага да дня выбараў абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.
Сьцісла:
- Тыя, хто прагназаваў, што выбарчая кампанія пойдзе паводле сцэнару 2010-га, памыліліся хіба што ў адным: дзесяць гадоў таму кандыдаты і кіраўнікі іх штабоў былі арыштаваныя пасьля галасаваньня ці на наступны дзень, цяпер жа арышты пачаліся за два месяцы.
- Момант арышту Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў выбраны вельмі ўдала: дэмакратычны Захад заклапочаны пандэміяй, эканамічным крызісам, а ЗША — яшчэ і масавымі выступамі. У такой сытуацыі ўвага да падзеяў у Беларусі будзе меншая.
- Арышт кіраўніка штабу Сьвятланы Ціханоўскай ускладняе яе становішча як прэтэндэнткі ў прэзыдэнты.
- Сьвятлане Ціханоўскай давялося літаральна цягам некалькі дзён ператварацца з хатняй гаспадыні ня проста ў грамадзкую дзяячку, а ў палітыка, які прэтэндуе на ролю кіраўніка дзяржавы. Апошнія дні паказалі, што яна здольная вучыцца, але цяпер невядома, у якой ступені ёй удасца весьці выбарчую кампанію.
- Таксама цяжка меркаваць, ці здолеюць іншыя кандыдаты пераключыць на сябе пратэставыя настроі электарату Сяргея Ціханоўскага і ці захочуць яны гэта рабіць.