Міністэрства здароўя адмовілася апублікаваць штомесячную статыстыку сьмяротнасьці

На сайце Petitions.by апублікавалі адказ на зварот аб рэгулярнай публікацыі статыстыкі сьмяротнасьці ў Беларусі ў параўнаньні зь мінулым годам. Зварот за гэта падпісаў 431 чалавек.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У звароце адзначалі надзіва нізкае суадносіны выяўленых выпадкаў і пацьверджаных сьмерцяў ад COVID-19 у Беларусі. Зь беларускай афіцыйнай статыстыкі на момант публікацыі пэтыцыі вынікала, што памерлі 0,51% інфікаваных, калі ў Нідэрляндах ці Швэцыі было звыш 12%.

Такая анамалія, пісаў аўтар пэтыцыі Ўлад Камароўскі, «спараджае ў часткі насельніцтва краіны шэраг сумневаў, здагадак і чутак аб утойваньні сапраўднай карціны таго, што адбываецца». Параўноўваць сьмяротнасьць зь леташняй прапаноўвалі «дзеля спыненьня гэтых панічных настрояў».

Першы намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Дзьмітры Піневіч адказаў на гэта адмовай. Паводле яго:

  • Аналіз статыстыкі правядуць па заканчэньні эпідэміі, бо пакуль паказьнікі і мэтады іх аналізу даюць «ацэначныя меркаваньні».
  • Выбар пазначанай прычыны сьмерці адпавядае Міжнароднай статыстычнай клясыфікацыі хваробаў (беларускія мэдыкі і родзічы памерлых ня раз заяўлялі, што гэта ня так. — РС).
  • Больш спрыяльнае разьвіцьцё сытуацыі з COVID-19 у Беларусі ў параўнаньні з краінамі Эўропы тлумачыцца высокай забясьпечанасьцю мэдычнымі кадрамі, разьвітай матэрыяльна-тэхнічнай базай, высокай забясьпечанасьцю «ложкавым фондам», пунктамі доступу кіслароду і апаратамі штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, дастатковым узроўнем лябараторнай дыягностыкі (у апытаньні Numbeo карыстальнікі паставілі беларускую сыстэму аховы здароўя на 25-е з 36 месцаў у Эўропе. — РС).
  • Айчынныя прадпрыемствы вырабляюць у прыярытэтным парадку лекі, неабходныя інфікаваным (лекаў менавіта ад COVID-19 не існуе, хаця ад асобных сымптомаў існуюць, таксама праводзяцца тэсты пэрспэктыўных сродкаў. — РС), антыбактэрыяльных сродкаў, інфузійных раствораў, сродкаў для інтэнсіўнай тэрапіі.
  • Міністэрства здароўя «наладзіла пастаянную сувязь са СМІ для інфармаваньня грамадзянаў (прадстаўнікі міністэрства больш за паўтара месяца не праводзяць прэсавых канфэрэнцый і не кантактуюць зь недзяржаўнымі СМІ. — РС).

У пытаньнях публікацыі статыстыкі сьмяротнасьці кампэтэнтны Нацыянальны статыстычны камітэт, дадаў намесьнік міністра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны тэлеканал АНТ заявіў, што пасьля параду 9 траўня не было ўсплёску каранавірусу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны тэлеканал АНТ заявіў, што пасьля параду 9 траўня не было ўсплёску каранавірусу

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ