У Беларусі па-ранейшаму ўжываюць гідроксіхлёрахін супраць канаравірусу. WHO прызнала, што ён можа нашкодзіць

Прэпарат, які прымаў Дональд Трамп і маглі ўжываць беларускія мэдыкі, не дапамагае супраць каранавірусу, але можа павысіць рызыку сьмерці сярод пацыентаў з COVID-19, паведамляла 25 траўня Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO).

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У Беларусі працягваюць ужываньне хлёрахіну і гідроксіхлёрахіну для хворых на COVID-19, паведамілі 2 траўня агенцтву БелТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

«Распараджэньнем Міністэрства аховы здароўя скасаваны набор пацыентаў для лячэньня хлёрахінам і гідроксіхлёрахінам у амбуляторнай практыцы, — паведамілі ў міністэрстве. — Тэрапія ажыцьцяўляецца толькі ў стацыянарных умовах пад строгім мэдычным кантролем.

Пасьля падыходы да выкарыстаньня хлёрахіну і гідроксіхлёрахіну будуць скарэктаваныя з улікам канчатковай пазыцыі WHO і найбольш аўтарытэтных профільных мэдычных асацыяцыяў у гэтым пытаньні».

Якіх заяваў або дакумэнтаў чакае міністэрства і калі будзе прымаць рашэньне, не паведамляецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гідроксіхлёрахін не дапамагае ад каранавірусу, WHO спыніць выпрабаваньні

Рашэньне аб спыненьні выпрабаваньняў гэтых прэпаратаў у WHO прынялі пасьля публікацыі дасьледаваньні ў мэдыцынскім часопісе Lancet, якое паказала, што яны могуць павысіць рызыку сьмерці сярод пацыентаў з COVID-19. Дасьледаваньне «Лянцэта» паказала, што абодва прэпараты могуць выклікаць патэнцыйна сур'ёзныя пабочныя эфэкты, у тым ліку сардэчную арытмію. Ніводзін з прэпаратаў не дапамог пацыентам, шпіталізаваным з COVID-19, паводле дасьледаваньня, у якім прагледзелі запісы пра 96 000 пацыентаў у сотнях шпіталяў.

Галоўная навуковая супрацоўніца WHO Сумія Свамінатан заяўляла, што «Салідарныя дасьледаваньні» разглядалі толькі ўзьдзеяньне гідроксіхлёрахіну, а не хлёрахіну. Паводле яе, рашэньне аб прыпыненьні рэгістрацыі на выпрабаваньні з выкарыстаньнем гідроксіхлёрахіну было «часовым захадам».

Гідроксіхлёрахін звычайна выкарыстоўваецца для лячэньня артрыту, але шэраг палітыкаў, у тым ліку прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп, падтрымлівалі выкарыстаньне прэпарату ў якасьці сродку ад вірусу, падахвочваючы ўрады сваіх краін закупляць яго.

Лекаў і вакцынаў ад новага каранавірусу ў сьвеце пакуль не знайшлі. Некаторыя экспэрымэнтальныя сродкі паказваюць станоўчыя вынікі, некаторыя — адмоўныя. У Беларусі публікаваўся сьпіс экспэрымэнтальных сродкаў, якія дазволена ўжываць пры пэўных умовах для лячэньня COVID-19.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым у Беларусі спрабуюць лекаваць COVID-19. Дакумэнт Мінздароўя

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ