Мёрскі раённы суд аштрафаваў на 135 рублёў мясцовага актывіста БХД Сяргея Васільева. 27 траўня міліцыянты затрымалі Васільева ў цэнтры гораду з плякатам «Выбары без Лукашэнкі і Ярмошынай». Да сёньняшняга суду актывіста трымалі ў мясцовым пастарунку.
«Сяргей праводзіў свой пікет у вельмі людным месцы, там, дзе сустрэчу з жыхарамі ладзіў вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, — сказаў Свабодзе сустаршыня БХД Павал Севярынец. — Мяркую, плякат Васільева „Выбары без Лукашэнкі і Ярмошынай“ амаль за 2 гадзіны пікету пабачылі сотні чалавек, і ён шмат каму прыйшоўся па душы».
Актывіст Сяргей Васільеў — былы настаўнік гісторыі, якога звольнілі са школы ў Мёрах. Ужо некалькі гадоў Сяргей Васільеў спрабуе ўладкавацца па спэцыяльнасьці. Лічыць, што на працу яго не бяруць з прычыны апазыцыйнай дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскага аматара пэрформансаў аштрафавалі на тысячу рублёў за сустрэчу зь Ціханоўскім