Аўтар фільмаў «Звычайны прэзыдэнт» і «Плошча», рэжысэр-дакумэнталіст Юры Хашчавацкі больш за два месяцы жыве ў рэжыме самаізаляцыі ў сваёй кватэры ў Менску. Хашчавацкі разам з камандай здолелі наладзіць дыстанцыйную працу над сатырычнай перадачай «Экспэрт» на тэлеканале «Белсат». У размове са Свабодай рэжысэр разважае пра тое, як Youtube зьмяняе магчымасьці дакумэнтальнага кіно, і пра высокую цану, якую давядзецца заплаціць беларусам за «злачыннае невуцтва ўлады».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Сьцісла
- Я зразумеў, што ўсе мы можам сябе абараніць, не спыняючы працоўнага цыклю.
- І пішу кнігу пра тое, як рабіць дакумэнтальнае кіно — там шмат прыкладаў, як што рабілася, якія былі праблемы, як яны вырашаліся. Яна падобная да мэмуараў, але гэта падручнік, а не ўспаміны.
- Мне падаецца, што людзі будуць больш аддаваць увагі пытаньням жыцьця і сьмерці, і біялёгія стане адным з найгалоўных прадметаў.
- Часам гляджу на яго, і вочы пашыраюцца ад зьдзіўленьня — сквапнасьць, шалёная крывадушнасьць, бесьперапынная хлусьня.
«Сумныя навіны нас не абмінулі»
72-гадовы Юры Хашчавацкі ўжо больш як два месяцы самаізаляваўся разам з жонкай у кватэры ў Менску.
— Здароўе, дзякуй Богу, у мяне, жонкі, сына і ягонай сямʼі — у парадку, але сярод больш далёкіх родных ёсьць адзін, што памёр ад каранавірусу. Сумныя навіны нас не абмінулі. Мы з жонкай у групе рызыкі, нам за 70, пражылі вялікае жыцьцё. Трэба берагчыся. Сын настаяў, каб мы ізаляваліся. Зь ім, нявесткай і ўнучкай кантактуем толькі праз тэлефон. Мы жывём у сваёй кватэры ў Менску. Вокны адчыняем, і ёсьць сьвежае паветра. Жонка выходзіць толькі ў краму. Праўда, дзеці злуюцца на яе праз гэта, кажуць, што самі будуць нам ежу насіць, але яна ня можа сядзець на месцы, так што бегае.
— Ці ад самага пачатку вы ўсьведамлялі, наколькі ўсё сурʼёзна?
— Амаль ад самага пачатку. Праўда, недзе тыдзень на мяне ціснуў сын. Я яму казаў, што самаізаляцыя немагчымая, што ў мяне праца, якую нельга спыніць, што гэта вельмі важна. А потым падумаў і зразумеў, што мы спакойна можам працаваць дыстанцыйна. Я зразумеў, што ўсе мы можам сябе засьцерагчы, не спыняючы працоўнага цыклю. Мы паспрабавалі, і ўсё атрымалася. Цяпер мы ствараем сатырычную перадачу «Экспэрт» для «Белсату» цалкам на адлегласьці. Вядома, дыстанцыйная праца не заменіць рэальных кантактаў і стасункаў у творчых пытаньнях. Ёсьць нейкая дадатковая «хімія», калі сядзіш побач з чалавекам і глядзіш яму ў вочы. Але ўрэшце можна прывыкнуць і працаваць дыстанцыйна. Дзякуй Богу, тэхнічныя магчымасьці для гэтага ёсьць, і іх даволі шмат.
Я цяпер пішу другую кнігу (першую ўжо скончыў). А першая — гэта фактычна падручнік пра тое, як рабіць дакумэнтальнае кіно — мае назіраньні, мая школа, як гэта ўсё робіцца. Паколькі ў нашай прафэсіі немагчыма навучыць толькі тэарэтычна, то ў гэтай кнізе шмат прыкладаў, як што рабілася, якія былі праблемы і як яны вырашаліся. У гэтым сэнсе яна падобная да мэмуараў, хоць гэта не мэмуары, а падручнік дакумэнтальнага кіно.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэжысэр Хашчавацкі: «Русский мир» у Беларусі — найперш прэзыдэнт і ўся ўлада«Найбольшыя зьмены падрыхтаваў Youtube, які дае магчымасьць любому чалавеку займацца дакумэнтальным кіно»
— Як мяняецца і як зьменіцца дакумэнтальнае кіно ў выніку пандэміі? Шмат людзей працуе дыстанцыйна, шмат чаго можна вырашыць кампутарнымі эфэктамі, а не рэальнай прысутнасьцю людзей. У якім кірунку гэта будзе разьвівацца?
— Пандэмія ўзьдзейнічае на дакумэнтальнае кіно гэтак жа, як і ўвогуле на ўсё грамадзтва. А грамадзтва зьменіцца вельмі сурʼёзна, яно ўжо мяняецца. Мне падаецца, што найбольшыя зьмены для дакумэнтальнага кіно падрыхтаваў Youtube, які дае магчымасьць любому чалавеку займацца дакумэнтальным кіно. І гэта адбылося нашмат раней за пандэмію. Цяпер у людзей зьявілася жыцьцёвая неабходнасьць працаваць з кампутарам — здымаць, мантаваць, кампіляваць, ствараць — і гэта пашыраецца паскоранымі тэмпамі. Мне падаецца, што неўзабаве будзе выбух усяго гэтага. Ён ужо адбываецца. Некалькі месяцаў людзі сядзяць дома, многім няма чаго рабіць, і яны пачынаюць займацца такой творчасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выратуюць дактары, а не чыноўнікі», — драматург Андрэй Курэйчык пра новы зьмест кіно, самаізаляцыю і цану кіраваньня ЛукашэнкіШто да зьменаў у грамадзтве, мне падаецца, што вельмі сурʼёзным чынам зьменяцца нашы прыярытэты ў рэальным жыцьці. Мы пачынаем шукаць адказы ў галінах, на якія асабліва не зьвярталі ўвагі, якія не былі асабліва модныя. Прафэсія доктара была, з аднаго боку, вельмі аўтарытэтнай, з другога боку — ня скажаш, што быў бум і ўсе хацелі стаць лекарамі. Мне падаецца, што цяпер людзі захочуць больш аддаваць увагі пытаньням жыцьця і сьмерці, лячэньня хваробаў. І біялёгія стане адным з найгалоўных прадметаў для вывучэньня. Мне падаецца, што чалавечы, цывілізацыйны шлях будзе палягаць у тым, каб удасканальваць ня толькі інтэлект, розум, але і фізычны арганізм таксама.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хашчавацкі: Лукашэнка хоча пераканаць самога сябе, што яго ўсе любяць«Улада даказала сваё злачыннае невуцтва»
— Вы вядомыя іранічным і сатырычным, часам рэзкім і драматычным поглядам на кіраўніцтва Беларусі. Як вы гледзіце на дзеяньні ўлады Беларусі ў кантэксьце пандэміі? «Экспэрт» — гэта жорсткая сатыра, а які ваш асабісты погляд як творцы?
— Улада даказала сваё злачыннае невуцтва. Уласна, для мяне тут нічога новага, я заўсёды ведаў гэта, але цяпер цана пытаньня стала значна большая. Гэта здароўе і жыцьцё людзей, да якога ставяцца такім злачынным чынам. Дзеля чаго? Грошай? Каб не дапамагаць людзям? Людзей проста кінулі ў кацёл пандэміі. Ня проста не абвяшчаецца карантын (трэба аддаць належнае, шмат беларусаў зразумелі, што гэта небясьпечна, і зрабілі захады самастойна), але на людзей ціснуць і прымушаюць рызыкаваць сваім жыцьцём, калі, напрыклад, зганяюць на парад. Глупства якое. Насамрэч усё гэта вельмі сумна. Улада робіць злачынства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хашчавацкі паказаў «Звычайныя выбары»Я заўсёды ведаў што гэтая ўлада крывадушная. Я бачу, што самы вялікі змагар з карупцыяй цягне сабе ўсё што можа — неверагодную колькасьць рэзыдэнцый, самалётаў, гелікоптэраў, машын... У нас жа сьціплая краіна, небагатыя людзі, якія многага ня хочуць і не патрабуюць лішняга. Яны хочуць нармальнага заможнага жыцьця. Я гляджу часам на яго, і вочы пашыраюцца ад зьдзіўленьня — сквапнасьць, шалёная крывадушнасьць, бесьперапынная хлусьня.
«Я люблю глядзець, як разьвіваюцца сэрыялы»
— Вы не выходзіце з дому каля двух месяцаў. Як праходзіць ваш дзень? Як зьмянілася паўсядзённае жыцьцё?
— Хаджу па пакоях. Добра, што кватэра вялікая. Шмат чытаю. З раніцы ўключаю кампутар і раблю поўны аналіз сытуацыі, прагледзеўшы вялікую колькасьць матэрыялаў. Я пішу кнігу, гэта займае шмат часу, бо для гэтага патрэбны сурʼёзны настрой, які трэба сабе стварыць. Кантактую са сваёй памочніцай дыстанцыйна.
Гляджу сэрыялы. Люблю дэтэктыўныя, камэдыйныя і фэнтэзі-сэрыялы. Цяпер гляджу камэдыйны сэрыял Get Shorty («Дастаць карантыша»), які пачынаецца як вясёлая камэдыя і перарастае ў сурʼёзнае кіно. Вельмі рэкамэндую. Я люблю глядзець, як разьвіваюцца сэрыялы. Мне цікава бачыць, як паступова, ад сэзону да сэзону паляпшаецца ігра актораў. Часта бывае наадварот, але я люблю сэрыялы, у якіх разьвіваюцца сцэнарныя ідэі, дадаюцца новыя павароты, і акторы пачынаюць граць усё лепей.
— Добра памятаю фільм Вольгі Мікалайчык «Кіно і катлеты» да вашага 65-годзьдзя. Там вы гатавалі «сіненькія» (баклажаны. — РС) і катлеты. Што гатуеце на карантыне? Драматург Мікалай Халезін падчас пандэміі адмовіўся ад моцнага алькаголю. А як вы?
— На карантыне я не гатую. У нас побач добрая кулінарыя, і нам з жонкай гэтага хапае. Цяпер можна не займацца гатаваньнем.
Што да алькаголю, то я даўно перайшоў толькі на віскі, бо гарэлка стала нашмат горшай. Хоць я заўсёды сьмяюся і кажу, што ў старасьці ўсё ня так, усё горш — раней дзяўчаты былі прыгажэйшыя і хвалі вышэйшыя. Але ў гарэлкі сапраўды якасьць вельмі пагоршылася. Таму я перайшоў на віскі. Пасьля добрага віскі не бывае пахмельля. Усім рэкамэндую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не магу бачыць гэтага лідэра». Кіраўнік «Свабоднага тэатру» пра пандэмію і бясьсільле палітыкаў— А жонка што любіць піць больш?
— А яна ня пʼе і ніколі не піла. Немагчыма ўгаварыць. На Новы год часам вып’е палову келіха шампанскага, і то зь вялікім напружаньнем.
— Хто тады вам кампанію складае? Ці яна не патрэбная?
— Кампанія дыстанцыйная ў мяне заўсёды ёсьць. Зь сябрамі мы ўжо даўно навучыліся чокацца аб тэлефон, так што ніякіх праблемаў няма. Гэта ж не галоўнае ў жыцьці.
— Што цяпер для вас самае галоўнае ў жыцьці?
— Самае галоўнае — здароўе сямʼі. І творчая праца — кніга і тая сатыра, якую мы робім. А таксама стасункі з маімі сябрамі і калегамі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ