У сваім выступе Хашчавацкі крытыкаваў дзейную ўладу і ўзгадаў, што чатыры гады таму яго кандыдацкі выступ увогуле не выпусьцілі ў эфір.
У канцы прамовы кандыдат ад АГП абвінаваціў беларусаў у бязьдзейнасьці, маўляў яны наракаюць, што «слабая апазыцыя», але самі нічога не зрабілі ні ў 1996 годзе, калі зьнішчаўся парлямэнт, ні ў 1999, калі зьнікалі вядомыя палітыкі, ні ў 2010, калі кандыдатаў у прэзыдэнты пасадзілі ў турму:
«Чаму цэны ў крамах растуць з такой шалёнай хуткасьцю? Чаму з такой шалёнай хуткасьцю расьце колькасьць рэзыдэнцыяў прэзыдэнта і выдаткі на ўтрыманьне арміі чыноўнікаў? Чаму кожны з вас безабаронны перад бясчынствам мянтоў? Чаму ад бясплатнай мэдыцыны плакаць хочацца? Чаму так дорага абыходзіцца адукацыя нашых дзяцей? Я перакананы — вы думаеце пра гэта кожны дзень. Але вы нічога ня робіце, каб усё гэта зьмяніць. Вы нічога не зрабілі ў 1996 годзе, калі зьнішчаўся парлямэнт, вы нічога не зрабілі ў 1999, калі сталі зьнікаць вядомыя палітыкі, вы нічога не зрабілі ў пачатку 2000-х, калі Лукашэнка падманам прысвоіў сабе права абірацца пажыцьцёва, вы нічога не зрабілі калі ў 2010 амаль усіх кандыдатаў у прэзыдэнты пасадзілі ў турму. І пасьля гэтага вы кажаце, што ў нас слабая апазыцыя? Гэта не апазыцыя слабая — гэта вы, дарагія мае суайчыньнікі, слабыя. Пара станавіцца моцнымі. Пара навучыцца падтрымліваць адно аднаго. Пара вярнуць сабе пачуцьцё ўласнай годнасьці. А пачаць трэба з таго, што вярнуць украдзеныя ў вас сумленныя і свабодныя выбары. А што рабіць далей — мы ведаем», — сказаў Хашчавацкі.
Юры Хашчавацкі вылучаецца па Сьвіслацкай акрузе № 94 у Менску.
Сярод яго канкурэнтаў — першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.