Пра тое, што перад выбарамі будзе абвешчаны новы склад ураду, кіраўнік дзяржавы заявіў сёньня на нарадзе з урадам і сваёй адміністрацыяй.
Называць гэта нязьменнай традыцыяй не выпадае, прынамсі калі казаць пра кіраўнікоў ураду. Напрыклад, Сяргей Сідорскі ўзначальваў урад і да выбараў 2006 году, і яшчэ 4 гады пасьля, Андрэй Кабякоў замяніў Міхаіла Мясьніковіча на пасадзе прэм’ера ў канцы 2014 году, за 9 месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, і быў адпраўлены ў адстаўку толькі ў 2018 годзе.
Канстытуцыйнай неабходнасьці ў зьмене ўраду няма. Паводле Канстытуцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў урад складае свае паўнамоцтвы перад новым кіраўніком дзяржавы (нават калі пераабраны ранейшы). Так што, прынамсі фармальна, пасьля выбараў у любым выпадку адбудзецца прызначэньне новага складу Савету міністраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не хацеў бы агалошваць асаблівасьці ўгоды». Як і хто набыў дом Цапкалы?Навошта рабіць гэта да выбараў? Відавочна, для таго, каб абазначыць новы курс або карэкцыю ранейшага. Лінію палітыкі ў Беларусі вызначае прэзыдэнт, якому ўласьцівае і ручное кіраваньне канкрэтнымі гаспадарчымі пытаньнямі. Але ёсьць нюансы, ад асобы кіраўніка ўраду сёе-тое залежыць. І ня столькі ў сэнсе палітыкі, колькі ва ўнутрыэлітнай расстаноўцы сіл.
Варта сказаць, што асаблівых ляўраў на пасадзе прэмʼера Сяргей Румас не здабыў. Ці таму, што Аляксандар Лукашэнка яму ня даў магчымасьці сябе праявіць, ці зь іншых прычын, але пакуль нейкімі вялікімі зьдзяйсьненьнямі прэмʼерства Румаса адзначана не было.
Наўпрост нездавальняючай ацэнкі рабоце ўраду і яго кіраўніка прэзыдэнт не даваў, але апошнім часам важныя ўрадавыя рашэньні агучваюцца ў мэдыйнай прасторы даволі часта не прэмʼерам, а ягонымі намесьнікамі. Магчыма, гэта вынік нежаданьня Лукашэнкі залішне ўзмацняць аўтарытэт фармальна другой асобы ў дзяржаве, а можа, ускосна, і ацэнка ягонай працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як блогер Ціханоўскі зьбіраў подпісы ў Слуцку. ВІДЭА, ФОТАНа пэрыяд, калі Сяргей Румас узначальваў урад, прыпалі вострыя эканамічныя канфлікты з Расеяй і «прасяданьне» эканомікі праз пандэмію каранавірусу. Ягонай віны ў гэтым няшмат, але адбывалася гэта пры ім. На яго, хоць бы часткова, можна гэтыя нягоды і сьпісаць.
Да прызначэньня прэмʼерам Сяргей Румас меў рэпутацыю памяркоўнага рыначніка. Гэта спарадзіла пэўныя надзеі, што яго прэмʼерства стане пэрыядам рэформаў.
Дакладна гэтаксама цяпер можа адбыцца ня менш знакавае прызначэньне на гэтую пасаду чалавека з рэпутацыяй вельмі «цьвёрдай рукі». Што таксама можа спарадзіць у адных асьцярогі, а ў іншых надзеі, што «вакханалія» (як некалі назваў Лукашэнка выбары) будзе ня надта «вакхічнай» і пэўна ўжо нядоўгай. І што потым мала нікому не падасца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улада мяне менш баіцца, чым апазыцыя», — вялікае інтэрвію зь Віктарам БабарыкамТакія сыгналы можа пасылаць і будзе пасылаць і сам кіраўнік дзяржавы. Але пры гэтым Сяргею Румасу роля «дзяржыморды» ня вельмі пасуе, яна для яго не арганічная. Дык вось і могуць замяніць яго на пэрсанажа больш грознага. Ці на такога, які мае адпаведную рэпутацыю.
А то тут то ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі неяк вельмі жвава народ сабраўся, то да пікету Святланы Ціханоўскай на Камароўцы ў Мінску ламануўся — улада можа прыйсьці да высновы, што народу, публіцы, варта нагадаць, што ў паслабленьняў ёсьць мяжа, і яна даволі блізкая. Прызначэньне прэмʼера ці ключавых міністраў з адпаведнай рэпутацыяй можа зрабіць гэтае папярэджаньне асабліва пераканаўчым.
Перадрук з парталу TUT.BY
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.