На нарадзе 25 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра «актывізацыю рознага кшталту фэйкавых інфармацыйных каналаў», піша БелТА.
«Я заўважыў, што ў так званых фэйкавых каналах, Telegram-каналах і іншых яны апошнім часам чапляюць уладу за што папала, — казаў Лукашэнка. — Разьдзьмуць могуць там скандал зь нявыплатай у нейкай канкрэтнай арганізацыі — лекарам, настаўнікам і гэтак далей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Tut.by: звольнілі галоўнага доктара хуткай дапамогі Бабруйску, дзе не далі БТ зьняць «прыгожы сюжэт» пра даплатыЛукашэнка заявіў, што прасіў старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву, каб тая абтэлефанавала ўсіх старшыняў аблвыканкамаў «і проста па-чалавечы папярэдзіла іх: калі ёсьць нейкая праблема, яе трэба вырашыць на месцы».
Адносна скаргаў бабруйскіх мэдыкаў на нявыплату прэміяў Лукашэнка заявіў, што «калі яны сапраўды працуюць і зьвязаныя з гэтымі эпідэмічнымі працэсамі, дык трэба падтрымаць людзей», але адзначыў, што нельга ставіць у роўныя ўмовы тых, хто выконвае «чыстую» і «брудную» працу.
На думку Лукашэнкі, «аўтары фэйкаў» зусім не турбуюцца пра лекараў, а «галоўнае — хайпануць». Ён заявіў, што «мы зь імі разьбяромся», «прыйдзе час — мы ўсіх паставім на месца». Пры тым забараніў ім «закрываць рот». Журналістам, якія падаюць інфармацыю «ня чэсна», «трэба адказваць, як гэта было зь Першым каналам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь сапраўды на другім месцы ў сьвеце па тэстах на COVID-19 на душу насельніцтва, як сказаў Лукашэнка?Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.