«Хюґе па-беларуску». «За ежай заўжды стаіць іншы сэнс», — аўтарка кніг

«Калі ты ясі нешта ў бацькоўскім доме — гэта таксама нешта большае за проста ежу, гэта і ўспаміны зь дзяцінства, і сілкаваньне маральнае».

Слова дацкай мовы «хюґе» (hygge) літаральна азначае ўтульнасьць. Але ва ўсім сьвеце яно зрабіла фурор як сынонім скандынаўскага паняцьця шчасьця. Пра hygge пішуць кнігі, здымаюць фільмы і спрачаюцца ў сацыяльных сетках. У гэтым праекце Свабода шукае, як будзе hygge па-беларуску. Беларусы, якія ўмеюць адчуваць шчасьце, дапамагаюць знайсьці адказ.
  • Герой: Зараслава Камінская
  • Месца: Менск
  • Адукацыя: вышэйшая, інстытут журналістыкі БДУ
  • Дзейнасьць: «чытач, які піша кнігі». Займалася рэклямай і маркетынгам. Цяпер у водпуску для догляду дзіцяці.
  • Узрост: 34 гады
  • Сямейнае становішча: мае мужа і дачку.
  • Даход: 405 рублёў «дэкрэтных» выплат

Зараслава — аўтарка дзьвюх кніг: «Русалкі клічуць», за якую атрымала прэмію «Дэбют», і «Калядны стол. Некулінарная кніга». Апошняя кніга складаецца зь невялікіх аповесьцяў пра ежу і шчасьце. Гаспадыня запарыла для гасьцей ліпавую гарбату і сьпякла тварожны пірог. Пасьля гутаркі яна гатуе адну з традыцыйных страваў сваёй сям’і — гарбузовую кашу.

Нядаўна ў Зараславы выйшла кніга пра ежу і шчасьце

Калі вы адчуваеце шчасьце?

«У мяне шчасьце двух відаў. Першае — калі ў цябе ўсё добра, твае блізкія здаровыя, ты маеш дзе жыць. І ёсьць шчасьце моманту, якое ты сам сабе ствараеш. Для мяне шчасьце — чытаць. Я пэўны час пабыла бяз кніг. Калі я пасьля гэтага адкрыла кнігу, гэта было сапраўды шчасьце. Для мяне шчасьце — пісаць, але для гэтага трэба яшчэ больш часу. Яшчэ шчасьце гатаваць і карміць кагосьці. Апошняе — калі ты маеш, з чаго, а яшчэ здольнасьці і каго карміць.

«Шчасьце — гатаваць і карміць кагосьці»

Мая другая кніга пра такія моманты — пра ежу і шчасьце. У ежы, мне здаецца, шмат агульнага са шчасьцем. Складана апісаць словамі шчасьце і прыгатаваную ежу. Бульба смажаная і кефір. Гэтае спалучэньне як апішаш?

Шчасьце як смак, які адчуваецца. Ёсьць інгрэдыенты. Бывае і ў жыцьці: ёсьць грошы, сям’я, нешта іншае, але толькі іх правільнае спалучэньне і дае шчасьце. Так і з рэцэптам. Думаю, ежы самой па сабе не існуе. Ты заўжды ўкладаесься энэргетычна, ня толькі фізычна.

Шчасьлівыя моманты — карміць тых, каго я люблю, бо ты падзяляеш адчуваньне еднасьці, калі ты можаш для кагосьці зрабіць тое, што ім падабаецца. Калі да мяне прыходзяць сяброўкі ў госьці, яны мне замаўляюць стравы, у якіх ёсьць гісторыя. Прыкладам, суп, які я гатавала, калі мы жылі ў адным пакоі ў інтэрнаце.

«Сяброўкі замаўляюць мне стравы, у якіх ёсьць гісторыя»

Я сама люблю есьці. Для мяне адныя з самых смачных страў — у бацькоўскім доме. Калі ты ясі нешта ў бацькоўскім доме — гэта таксама нешта большае за проста ежу, гэта і ўспаміны зь дзяцінства, і сілкаваньне маральнае. Мне здаецца, за ежай заўжды стаіць іншы сэнс, акрамя насычэньня голаду.

Звычайна, калі я ехала з дому [на вучобу ў Менск], то везла валізку кніжак і валізку зь ежай. Там былі дзеруны [так на ўкраінскі манер у сям’і называюць дранікі]. Іх дагэтуль гатуюць або муж, або бацькі. Для мяне лягчэй прыгатаваць «Напалеон», чым дзеруны. Адна зь любімых страў — пасмажыць хлеб без алею.

«Спроба зрабіць сябе шчасьлівым пры дапамозе рэчаў ужо не працуе»

Ежа пераносіць у сьвет успамінаў. Калі ў вас ёсьць свой самы лепшы смак дзеруноў, усе іншыя вы параўноўваеце зь імі. Для мяне доўгія беларускія чыпсы асацыююцца са шляхам дадому, бо я раней набывала іх у цягнік.

Традыцыя маёй сям’і — гэта ежа і спосаб, якім яна гатуецца. Гэта тое, што дае адчуваньне сям’і. Гэтае спалучэньне смакаў нас [беларусаў] яднае. Калі я езьдзіла да бабулі ва Ўкраіну, там быў толькі белы хлеб. Я сумавала па чорным».

Як зьвязана шчасьце з вашай прафэсійнай дзейнасьцю?

«Гэта тэкставая дзейнасьць і стварэньне новага зь нічога. Момант творчасьці. Падабаецца стварэньне вобразаў. Ты ўзяў, стварыў і дадаў у гэтае жыцьцё.

«Ты ўзяў, стварыў і дадаў у гэтае жыцьцё»

Адзін з маіх любімых праектаў — гэта вагоны-бібліятэкі ў менскім мэтро некалькі гадоў таму. Або пасьля конкурсу пабудавалі паводле эскізу дзяўчынкі ялінку насупраць філярмоніі. Або бясплатна можна было патэлефанаваць Дзеду Марозу».

Адкуль вы ведаеце, што гэта шчасьце?

«Сьветла на сэрцы, спакойна, цішыня, напоўненасьць, адчуваньне таго, што ты можаш нешта зрабіць, на некага паўплываць, быць некаму карысным. Калі не адчуваеш няшчасьця — гэта шчасьце. Лягчэй, калі ты жывеш у шчасьці і толькі часам выпадаеш у няшчасьце, чым калі жывеш у няшчасьці і толькі некалькі яскравых момантаў шчасьця.

Мне здаецца, цяпер пошукі, як зрабіць сябе шчасьлівым, адыходзяць ад матэрыяльнага стымулу. Гэта пераход да новых ведаў, уменьняў, месцаў. Гэта ня тое, што абцяжарвае заплечнік або захоўваецца ў шафе. Спроба зрабіць сябе шчасьлівым пры дапамозе рэчаў, мне здаецца, ужо не працуе».

Якога смаку шчасьце?

«Цёплы хлеб — гэта шчасьце. Калі ты ў краме бярэш цёплы бохан, немагчыма вярнуць яго назад. Шчасьце адкусіць кавалачак, не дайшоўшы да дому. Смак смажанай на патэльні бульбы, са скарынкамі і прыгарачкамі, але і каб была мяккая. Самае смачнае, калі ты галодны, на прыродзе, доўга ішоў. Ня так важна тады, якая ежа. Калі вельмі халодна, то цёплая».

Як будзе «хюґе» па-беларуску?

«Стварэньне, супрацьстаяньне і часам нябачаньне. Праз хюґе можна супрацьпастаўляць варожаму сьвету. Гэта стварэньне свайго ўласнага сьвету, са сваімі правіламі ці адсутнасьцю правілаў, з тым, што ты любіш. Мне здаецца, хюґе — гэта пра маленькае змаганьне чалавека за сваё жыцьцё, а не грамадзкае, бо часта на грамадзкія працэсы ты ня можаш паўплываць».

«Калі ты можаш сабаку, калі ніхто ня бачыць, кінуць костку пад стол»

Які рэцэпт шчасьця?

«Мне вельмі падабаецца аповесьць зь „Дзяніскавых апавяданьняў“. У яго ёсьць пералік таго, што ён любіць. Калі ты прыходзіш пасьля дажджу і пераадзяваесься ў сухое, калі ты намёрзься і залез пад коўдру, калі ты можаш сабаку, пакуль ніхто ня бачыць, кінуць костку пад стол. Кожны можа натузаць рознага пра сябе».

Калі вы ўмееце быць шчасьлівымі і гатовыя гэтым падзяліцца, пішыце ў акаўнт любой з сацыяльных сетак Радыё Свабода або на электронную пошту radiosvaboda@gmail.com.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе па-беларуску». Горадзенскі гісторык: «Усё будзе Беларусь»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе па-беларуску». «Мы без прыроды робімся больш хворымі», — ляндшафтная дызайнэрка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе па-беларуску». Уласьнік кавярняў: «Шчасьце, вядома, мае смак кавы»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе» па-беларуску. Масажыстка: «Пах шчасьця — ён заўсёды розны»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе па-беларуску». Ультрамаратонец: «Я лётаў у снах у 50 год»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе» па-беларуску. Трэнэрка фэйсфітнэсу: «Нашым жанчынам не хапае амэрыканскай усьмешкі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Даніі — hygge, у швэдаў — lagom. А якая філязофія шчасьця ў беларусаў?