«Мы ў адной лодцы і ўсе адначасова выйдзем з пандэміі», — кажа драматург, сцэнарыст і рэжысэр Андрэй Курэйчык. Ягоны бацька перахварэў на каранавірус у цяжкай форме, брат — у лягчэйшай. Сам Андрэй Курэйчык разам зь сям’ёй больш за два месяцы ў самаізаляцыі. Ён перакананы, што чалавецтва дасьць рады каранавірусу, і фармулюе станоўчыя наступствы пандэміі для чалавецтва.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Сьцісла
- Кіно сыдзе ў інтэрнэт, пандэмія падштурхнула гэты пераход. Дамінаваць будуць не кінатэатры, а стрымінгавыя сэрвісы кшталту Netflix.
- Пандэмія і тое, што будзе пасьля яе, дыктуе новы кантэкст адносін людзей, новае стаўленьне да жыцьця. Хто ў кіно першы зловіць гэтую хвалю, той і выйграе.
- Воспа, чума нікуды не сышлі, але нас не трывожаць, бо ўзровень разьвіцьця мэдыцыны дазволіў іх спыніць і лякалізаваць. З каранавірусам будзе тое самае.
- Або мы ўсе разам спрабуем спыніць гэтую заразу, або яе не спыніць. Тады Беларусь будзе значна даўжэй, чым эўрапейскія краіны, выходзіць з гэтай сытуацыі.
- Ён аказаўся з тых людзей, якія свае асабістыя інтарэсы і амбіцыі ставяць вышэй за справу ратаваньня жыцьцяў тысяч людзей. Цана ягонага кіраваньня для Беларусі будзе вельмі высокая.
- Дактары найбольш пакутуюць праз пачварную палітыку ўладаў — «давайце зьбяром як найбольш людзей разам і перазаражаем усіх».
- У любым разе пандэмія будзе мець шмат плюсаў, якія могуць перавешваць мінусы.
«Я разумеў, што да Беларусі гэтая хваля дойдзе вельмі хутка»
— Вашу сямʼю пандэмія закранула наўпрост. Як пачуваецца бацька пасьля каранавіруснай хваробы? Ці здаровыя самі, іншыя сямейнікі?
— Пакуль усё добра. І бацька ўжо «на свабодзе» пасьля 7 тыдняў цяжкай хваробы. У ягоным дыягназе — COVID-19 з пнэўманіяй цяжкага цячэньня. Цяпер пнэўманія сышла, засталіся наступствы, зьвязаныя з прыёмам вялікіх дозаў антыбіётыкаў, ёсьць праблемы з аналізам крыві, пячонкай, селязёнкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У бацькі рэжысэра Курэйчыка каранавірус. Ён адпачываў у санаторыі для міліцыянтаў— Як пандэмія зьмяніла ваш лад жыцьця? Дзе вы цяпер? Як абмежавалі кантакты?
— Я на самаізаляцыі ў сваім доме з пачатку сакавіка, калі вярнуўся з бэрлінскага кінафэстывалю. Тады ўжо закрываліся гарады ў Паўночнай Італіі, і ў Бэрліне ўсіх папярэджвалі пра вельмі хуткі распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі. Атрымаўшы гэтую інфармацыю і вярнуўшыся ў Беларусь, я разумеў, што да Беларусі гэтая хваля дойдзе вельмі хутка, і я максымальна скараціў сацыяльныя кантакты. Дзякуй Богу, мы жывём у сваім доме за горадам, і рэжым самаізаляцыі ня быў нечым экстраардынарным. Паступова гэта стала поўнай самаізаляцыяй. Я не выбіраюся нікуды. У доме нас двое дарослых і пяцёра дзяцей.
Пандэмія памяняла ня толькі мяне, але і ўвесь сьвет. Мы павінны проста прыняць, што пасьля гэтай пандэміі сьвет будзе іншым. Зьменіцца многае ў звыклых рэчах, якія падаваліся непахіснымі. Аказалася, што малы вірус гэта можа зьмяніць. Гэта тычыцца і формаў сацыяльных кантактаў, формаў працы, таго, што запатрабавана спажыўцом, шмат чаго. Раней я ня мог уявіць, што магу два месяцы не хадзіць у рэстараны ці кавярні зь сябрамі і знаёмымі. Аказалася, што магу, што можа быць зручнай дастаўка рэстараннай ежы.
Што тычыцца працы, то я і так працаваў дыстанцыйна, бо жыву ў Менску, а мая праца — у Маскве з расейскімі кінакампаніямі. Тут у мяне мала што зьмянілася. Але мы змаглі арганізаваць працу нашай кінакампаніі Bez Buslou Arts на дыстанцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не магу бачыць гэтага лідэра». Кіраўнік «Свабоднага тэатру» пра пандэмію і бясьсільле палітыкаў
«Асноўны пошук кінакампаній — сюжэты, зьвязаныя з ізаляцыяй, тэмамі самоты»
— Мікалай Халезін прадказвае, што 40% тэатральнай індустрыі Лёндану ня выжыве праз пандэмію і трэба шукаць новыя фарматы, каб застацца. Што з вашай працай? Ці будзе для каго пісаць сцэнары? Ці будзе што ставіць? Як вы гледзіце на будучыню вашай прафэсіі? Якія фарматы ўжо асвойваеце?
— Кіно сыдзе ў інтэрнэт, гэты пераход павольна ўжо пачынаў адбывацца, цяпер пандэмія яго падштурхнула. Дамінаваць будуць не кінатэатры, як было раней, а стрымінгавыя сэрвісы кшталту Netflix. Людзі будуць атрымліваць фільмы са свайго тэлевізара, не ўстаючы з канапы. Для вытворцаў кіно, можа, гэта і плюс, таму што ня трэба траціцца на рэкляму ў кінатэатры, дзяліцца з кінатэатрам і гэтак далей. Тваё кіно наўпрост дойдзе да гледача, прычым практычна ва ўсім сьвеце адначасова. Ці забʼе гэта кінатэатры? Наўрад ці. Там усё роўна застанецца пэўны сэгмэнт гледачоў. Тое, што павялічыцца менавіта інтэрнэт-дастаўка кіно, гэта факт, які ўжо адбыўся.
— А ці зьменіцца сама вытворчасьць кіно? Як яна можа быць скарэктаваная з улікам сацыяльнага дыстанцыяваньня?
— Найхутчэй, зьменяцца тэмы, сам зьмест. Пандэмія і тое, што будзе пасьля яе, дыктуе абсалютна новы кантэкст адносін людзей, новае стаўленьне да жыцьця, да працы. Хто першы зловіць гэтую хвалю, той і выйграе. Цяпер асноўны пошук кінакампаній — сюжэты, зьвязаныя з ізаляцыяй, самаізаляцыяй, тэмамі самоты. Тэхналёгія здымак наўрад ці зьменіцца, бо гэта складана, а новыя сэнсы ўжо шукаюць. Я таксама думаў, як бы выказацца на гэтую тэму ў кінасцэнары, але яшчэ ня сеў пісаць, бо трэба завяршыць шэраг беларускіх і расейскіх праектаў.
«Гэта не такі складаны вірус, каб супраць яго нельга было зрабіць вакцыну і лекі»
— Нядаўна прадстаўнікі САЗ заявілі, што, праўдападобна, каранавірус застанецца з намі назаўсёды. Ці гатовыя вы прыняць гэта?
— Многія хваробы, напрыклад, воспа і чума, нікуды не сышлі, але нас не трывожаць, бо ўзровень разьвіцьця мэдыцыны дазволіў іх максымальна спыніць і лякалізаваць. Я думаю, што тут будзе тое самае, гэта не такі складаны вірус, каб супраць яго нельга было зрабіць вакцыну і лекі. Працы над гэтым вядуцца ў буйных фармацэўтычных кампаніях. Іншая справа, колькі гэта будзе каштаваць для краінаў, для грамадзянаў. Спадзяюся, што і вакцына, і лекі зьявяцца ўжо пры канцы гэтага году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мама ў шпіталі, пляменьнік захварэў на COVID-19 у войску, — Ганна Бонд аб працы ў самаізаляцыі і цкаваньні на парадзе— Вы жывяце разам зь дзецьмі, і гэта няпросты час і для вас, і для іх. Як вы ім тлумачыце, што цяпер адбываецца ў Беларусі і сьвеце?
— Дзеці прызвычаіліся да сацыяльнага жыцьця, да школы, да пазашкольных тусовак, ім вельмі складана зьмірыцца з тым, што зь сябрамі цяпер лепей не сустракацца. Але дзеці вельмі хутка прыстасоўваюцца. Інтэрнэт — гэта іх стыхія, і гэта дазваляе ім вельмі хутка мяняцца ва ўмовах зьменлівага сьвету. Ізаляцыя больш складаная для людзей старэйшага пакаленьня, бо ім важны асабісты кантакт.
«Каб я ня стаў рэжысэрам і драматургам, дакладна стаў бы шэф-кухарам і меў бы свае рэстарацыі»
— Вы кажаце, што замаўляеце ежу з рэстарацый. А ці гатуеце самі? Як харчуецеся? Многія цяпер пякуць хлеб, псыхолягі кажуць, што гэта своеасаблівае выйсьце з трывожнага стану.
— Я заўсёды любіў гатаваць і ўмею гэта. Думаю, каб я ня стаў рэжысэрам і драматургам, я б дакладна стаў шэф-кухарам і меў бы свае рэстарацыі. Гэта мой улюбёны занятак. Я гляджу розныя кулінарныя шоў, спрабую гатаваць стравы розных кухняў сьвету. Гэта была, ёсьць і будзе рэляксацыя для мяне. Цяпер для гэтага больш часу і магчымасьцяў. Я люблю гатаваць стэйкі, францускія стравы з тушэньнем мяса, розныя кітайскія стравы, сушы ўмею рабіць. У мяне выходзіць цудоўная піца. Шмат чаго гатую цяпер на грылі і ў міні-вяндлярні.
«Як мядзьведзі ўпадаюць у сьпячку і на падскурным тлушчы цяжкія часы перажываюць, так і я»
— Ці хапае грошай? Ці маеце падушку бясьпекі?
— Праз пандэмію штомесячныя даходы зьменшыліся. Старыя праекты яшчэ ёсьць, а новых замоваў практычна няма. Усе кінакампаніі спынілі вытворчасьць і чакаюць, калі ўсё адновіцца, што будзе запатрабавана ў новым сьвеце.
Я маю запас трываласьці, і ён даволі вялікі. Я заўсёды траціў менш, чым зарабляў, у мяне невялікія патрэбы і выдаткі. Цяпер у часе ізаляцыі яны ўвогуле зьменшыліся, і гэта дазваляе мне спакойна перажываць гэты пэрыяд. Як мядзьведзі ўпадаюць у сьпячку і на падскурным тлушчы цяжкія часы перажываюць, так і я. Самыя мае вялікія выдаткі былі на падарожжы. За апошнія да пандэміі паўгода ў мяне былі Нямеччына, Нідэрлянды, Італія, Амэрыка. Цяпер няма ніякіх падарожжаў увогуле. Вызваліліся грошы. Рэстаранаў няма, адзеньня не купляю, іншыя вялікія пакупкі цяпер ня маюць сэнсу. Я трачу 30–40% у месяц ад таго, што было да пандэміі.
«Мы ў адной лодцы ў гэтай пандэміі»
— Вы вельмі эмацыйна выказваецеся ў Фэйсбуку пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Што вас раздражняе найбольш, калі заходзіце ў сацыяльныя сеткі?
— Найбольш мяне раздражняе неразуменьне сурʼёзнасьці пандэміі асобнымі людзьмі. Мы ў адной лодцы ў гэтай пандэміі. Гэтая лодка павінна праплыць максымальна хутка і эфэктыўна, і мы ўсе адначасова з гэтага выйдзем. Не атрымаецца адным сядзець на самаізаляцыі, а іншым працягваць жыць як і раней, бо ня хочацца ізалявацца. Або мы ўсе разам спрабуем спыніць гэтую заразу, або яе не спыніць. І тады Беларусь будзе вельмі доўга, значна даўжэй, чым эўрапейскія краіны, выходзіць з гэтай сытуацыі. Калі Беларусь будзе доўга выходзіць, то гэта больш працяглы эканамічны крызіс. Мы будзем неўязнымі, бо ніякая краіна ня ўпусьціць людзей зь дзяржавы, дзе адбываецца эпідэмічны выбух віруснай інфэкцыі. Гэта рэальна праблема для ўсіх. Мяне гэтае кавід-дысыдэнцтва раздражняе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крэмль рыхтуе сабе «новага Лукашэнку». Шчырая гутарка зь Мілінкевічам пра пандэмію і палітыкуУ палітыцы іншая гісторыя. Пачынаюцца выбары. З аднаго боку, я вельмі паважаю пэўных кандыдатаў, Цапкалу і Бабарыку, якія пайшлі на гэтыя выбары. З другога боку, я цудоўна разумею, што сумленных выбараў няма, і гэта, па вялікім рахунку, вялікая паслуга прэзыдэнту Лукашэнку ў справе легітымацыі ягонай улады.
«Тое, што павінна рабіцца толькі за кошт дзяржавы, у нас робіцца ў асноўным валянтэрамі»
— Вы трапна выказаліся пра адну лодку. Яе стырнавы, выбіралі мы яго ці не, але ён у гэтай лодцы, і ад яго вельмі шмат чаго залежыць.
— Ён аказаўся з тых людзей, якія свае асабістыя інтарэсы і амбіцыі ставяць вышэй за справу ратаваньня жыцьцяў тысяч людзей. Цана ягонага кіраваньня для Беларусі будзе вельмі высокая. А вось рэакцыя грамадзтва на пандэмію — адэкватная. Людзі збольшага разумеюць і ўсьведамляюць увесь жах таго, што адбываецца, стараюцца дапамагаць і фактычна выконваюць функцыі дзяржавы, дапамагаючы лекарам са спэцвопраткай і сродкамі абароны. Тое, што павінна рабіцца толькі за кошт дзяржавы, у нас робіцца ў асноўным валянтэрамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой сабачка ня шпіц!» Ганна Канапацкая пра жыцьцё ў час пандэмііДактары цяпер на перадавой, яны найбольш пакутуюць праз пачварную палітыку ўладаў — «давайце зьбяром як найбольш людзей разам і перазаражаем усіх». У выніку разграбаць усе даводзіцца дактарам. Пры гэтым іх яшчэ і запалохваюць, прымушаюць расьпіскі пісаць пра неразгалошваньне, іх звальняюць, калі яны раптам выступяць у СМІ. Дактары — гэта каштоўны кляс грамадзтва, які цяпер пад самым вялікім ціскам. Я вельмі рады, што актывісты падтрымліваюць дактароў. Сам я купіў карціну на аўкцыёне ў падтрымку беларускіх дактароў.
— Чаму новаму навучыліся ў часе пандэміі?
— Асвоіў многія кампутарныя тэхналёгіі, якіх раней ня ведаў. Больш заняўся садам, сельскай гаспадаркай. У мяне зьявіўся цэлы батанічны сад з больш як 30 відамі новых расьлін і кустоў. Я больш праводжу часу зь дзецьмі, адпаведна, больш пэдагагічных навыкаў зьявілася.
— Якое кіно гледзіце ў ізаляцыі? Ці зьмяніліся густы?
— Усё як і раней. Імкнуся глядзець навінкі, але іх меней цяпер выходзіць. Найбольш уразіў «Да́у» Ільлі Хржаноўскага. Гэта сапраўды вялікая, маштабная і складаная праца. Чытаю шмат сцэнараў, якія мне прысылаюць, нягледзячы на крызіс, а таксама шмат публіцыстыкі і навукова-папулярнай літаратуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кінарэжысэр Андрэй Кудзіненка: Для мяне самаізаляцыя — ідэальны варыянт
«Калі пачынаюцца такія пандэміі, выратуюць дактары, а не чыноўнікі»
— Які станоўчы вынік пандэміі для вас?
— У любым разе пандэмія будзе мець шмат плюсаў. Вялікі мінус — гэта эканамічны крызіс для ўсяго сьвету, страта працы і даходаў для многіх. Будуць і плюсы, і яны могуць пераважваць.
- Першы плюс — чалавецтва вымушана ўсьвядоміць, што мы недафінансоўвалі сыстэмы аховы здароўя і не аддавалі ім належнай увагі, што здароўе чалавека патрабуе значна большых інвэстыцый і ўкладаньняў. Ва ўсім сьвеце ідзе апгрэйд усіх шпіталяў, закупляюцца сучасныя апараты, па-іншаму плацяць дактарам. І ў нас надбаўкі, якія, праўда, не даходзяць да дактароў, тым ня менш іх вымушаныя былі ўвесьці. Гэта разуменьне таго, што сыстэма аховы здароўя важнейшая за войска і процьму чыноўнікаў. Калі пачынаюцца такія пандэміі (а гэта не апошняя пандэмія), выратуюць дактары, а не чыноўнікі. Я вельмі спадзяюся, што ў разы павысяцца адлічэньні на сыстэму аховы здароўя ў сьвеце, а гэта дазволіць перамагчы вельмі шмат хваробаў, акрамя каранавірусу.
- Другі плюс — дыстанцыйная праца. Яна дазволіць людзям працаваць у Менску, пражываючы ў Берасьці ці Віцебску. Гэта створыць больш мабільны рынак працы. Цяпер ты можаш працаваць у любой краіне сьвету дыстанцыйна і атрымліваць за гэта грошы. Гэта кампэнсуе страту працоўных месцаў.
- Трэці плюс — разуменьне сацыяльнага дыстанцыяваньня. Узьнікаюць вельмі слушныя нормы паводзінаў людзей, калі мы паважаем асабістую прастору і дыстанцыю. Гэта карысна для многіх. Плюсаў шмат, насамрэч. А эканоміка адновіцца. Яна заўсёды падымалася пасьля падзеньня. Не было такога крызісу, каб цягам наступнага году эканоміка не аднавілася. Людзі ўсё роўна хочуць спажываць, вырабляць, займацца бізнэсам. Гэта ўсё хутка вернецца на ранейшы ўзровень.
-
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працую па скайпе і перажываю за каранавіруснае вар’яцтва ў Беларусі — рэжысэр Уладзімер Шчэрбань зь Лёндану
-
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ