Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курэйчык выклаў цэлы «Партызан-фільм» у вольны доступ. Відэа


На Youtube-канале супольнасьці «БезБуслоў Артс» зьявілася поўная мастацкая кінастужка «PARTYzan-фільм» рэжысэра Андрэя Курэйчыка, прэм’ера якой прайшла летась 23 сьнежня. У шырокі пракат фільм выйшаў 29 сьнежня.

Іранічная камэдыя, як сьцьвярджаецца, рабілася «пра беларусаў і сіламі беларусаў», таксама як папярэднія фільмы Bez Buslou — «Вышэй за неба» і «ГараШ». «PARTYzan-фільм» распавядае пра «беларускую мару» — зарабіць вельмі шмат грошай.

Прыкінуўшыся кінапрадусарамі, двое хлопцаў бяруцца здымаць некалькі сцэнаў фільму пра вайну для маскоўскай кінагрупы. Але пляны разбураюцца, героям пачынае пагражаць ці турма, ці сутыкненьне з бандытамі. У кадрах, што паказалі на прэзэнтацыі, шмат алькаголю, даляраў, гумару і беларускай музыкі.

Як распавядае Андрэй Курэйчык на Facebook, камэдыя ўвайшла ў лік пераможцаў расейскага кінафэстывалю «Ўсьміхніся, Расея». Журы адзначыла, што фільм «прадэманстраваў рэдкую жанравую шматграннасьць, абʼяднаўшы элемэнты камэдыі палажэньняў, рамантычнай камэдыі, сатыры і трагікамэдыі». Паказ Курэйчык называе першай прэм’ерай беларускай незалежнай паўнамэтражнай камэдыі ў Расеі за шмат год.

«Хоць фільм выключна беларускі, іранізуе над гранямі беларускага быцьця, ён аказаўся зразумелым і цікавым расейскаму гледачу. Заля сьмяялася. А песьні на беларускай мове выклікалі аплядысмэнты», — распавядае Курэйчык.

Фільм быў даволі пасьпяховым у беларускіх кінатэатрах, але Курэйчык наракае на перашкоды з боку чыноўнікаў:

«Пракат карціны быў практычна сарваны кіраўніком дэпартамэнту кіно міністэрства культуры РБ Ірынай Беляковай, якая пагражала беларускім кінэматаграфістам ня даць пракатнае пасьведчаньне фільму, а калі яго ўсё-ткі атрымалася атрымаць, адклікала яго на другім тыдні пракату, пасьля чаго моладзевая камэдыя была адпраўленая на камісію па процідзеяньні парнаграфіі, дзе атрымала ўзроставы цэнз 18+.

Пасьля бюракратычнай цяганіны пракатнае пасьведчаньне ўдалося вярнуць, але кантракты з кінатэатрамі былі сарваныя. Пасьля звароту кінагрупы да прэмʼер-міністра Андрэя Кабякова, скандальная чыноўніца была звольненая з Міністэрства культуры, а месца дырэктара дэпартамэнту заняў Аляксандр Рыдван».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG