Што паказаў этап рэгістрацыі прэтэндэнтаў. Разбор ад Карбалевіча

Віктар Бабарыка пасьля падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў Цэнтральную выбарчую камісію, 15 траўня 2020 году

Гэтая кампанія павінна даць адказ, ці перафарматавалася культавае беларускае пытаньне «Хто, калі ня Ён?» у новы слоган: «Любы, толькі ня Ён».

Сьцісла:

  • Выбарчая кампанія жорстка мадэруецца ўладамі. Любыя спробы перавесьці кампанію ў фармат вулічнага пратэсту будуць жорстка перапыняцца.
  • Лукашэнка будзе глядзець, як далей стануць разьвівацца падзеі, як пойдзе збор подпісаў.
  • Упершыню з выбараў 2006 году на самым старце вызначыўся фаварыт кампаніі сярод апанэнтаў дзейнага кіраўніка. Гэта Віктар Бабарыка.
  • Нерэгістрацыя ініцыятыўных групаў асноўных кандыдатаў трактавалася б як вялікая несправядлівасьць.

Такім чынам, з 55 ініцыятыўных групаў зарэгістравалі толькі 15. Адбракавалі 40 групаў — яшчэ адзін рэкорд сёлетняй выбарчай кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК зарэгістравала групы Бабарыкі, Цапкалы і яшчэ 13 патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, 40 прэтэндэнтам адмовілі

Яшчэ адной асаблівасьцю беларускіх выбараў стала тое, што кампанія жорстка мадэруецца ўладамі. Магчыма, упершыню гэта выявілася на самым яе старце. ЦВК відавочна кіруецца не законам, а палітычнай мэтазгоднасьцю. На гэтым пачатковым этапе сцэнар уладаў цалкам зразумелы. Адсеклі радыкальную частку апанэнтаў рэжыму (каманды Сяргея Ціханоўскага і Міколы Статкевіча). Тым самым улады паказалі, што любыя спробы перавесьці кампанію ў фармат вулічнага пратэсту будуць жорстка перапыняцца. А ўсім астатнім далі магчымасьць зьбіраць подпісы.

Што тычыцца далейшай тактыкі ўладаў, то, думаю, пакуль яна дакладна не сфармуляваная. Лукашэнка будзе глядзець, як далей стануць разьвівацца падзеі, як пойдзе збор подпісаў.

Упершыню з выбараў 2006 году на самым старце вызначыўся фаварыт кампаніі сярод апанэнтаў дзейнага кіраўніка. Гэта Віктар Бабарыка. Здаецца, гэта стала нечаканасьцю для ўсіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны

Напярэдадні было шмат развагаў, ці зарэгіструюць Бабарыку ды іншых заўважных фігурантаў выбарчай кампаніі. Калі б іх не зарэгістравалі, то, у прынцыпе, можна было б казаць, што выбары скончыліся, так і не пачаўшыся. Ва ўсялякім разе, так бы гэта бачылася з гледзішча масавай сьвядомасьці. І гэта выглядала б як вялікая несправядлівасьць. Бо менавіта ідэяй справядлівасьці, а не, напрыклад, адпаведнасьцю закону, кіруецца абывацель у краінах з неразьвітай палітычнай сьвядомасьцю.

Іншы момант. Ужо шмат гадоў, зь першых прэзыдэнцкіх выбараў, Лукашэнка ўдала прэзэнтуе вобраз Пераможцы, які рэгулярна перамагае як замежных (Захад, Уладзімір Пуцін), так і ўнутраных ворагаў.

У 1994 годзе ён перамог такіх магутных праціўнікаў, як Вячаслаў Кебіч, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч. У 2001 годзе адолеў адзінага кандыдата апазыцыі Ўладзімера Ганчарыка. У 2006 годзе — таксама адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча, а заадно і марпеха Аляксандра Казуліна. У 2010 годзе Лукашэнка перамог цэлую каманду кандыдатаў (сярод іх былі Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў), прыхільнікі якіх нават пабілі дзьверы ў Доме ўраду. У 2015 годзе давялося перамагаць жанчыну — Тацяну Караткевіч, якую дзейны кіраўнік не лічыў сур’ёзным супернікам. Але ён жа не вінаваты, што іншых апазыцыя ня выставіла.

І калі цяпер не зарэгістраваць фаварыта Віктара Бабарыку, то вобраз Пераможцы будзе разбураны. Бо каго ж перамагаць? Не дзяжурнага ж кандыдата Алега Гайдукевіча.

У выпадку нерэгістрацыі Бабарыкі Лукашэнка б паўстаў у вобразе Слабака, які спужаўся сур’ёзнага апанэнта. У асяродзьдзі абывацеля адразу сказалі б: «Бацька» ўжо ня той, зьдзьмуўся. Прыкладна так бы ацанілі гэты ход і сярод кіроўнай намэнклятуры. Дый замежныя суб’екты, найперш Расея, таксама палічылі б, што палітычная вага беларускага кіраўніка зьнізілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15 ініцыятыўных групаў — гэта шмат? Колькі было на ранейшых выбарах у Беларусі і колькі «выходзіла ў фінал»

Урэшце, у выпадку нерэгістрацыі для абывацеля стала б зусім відавочным, што, акрамя ўлады, Лукашэнку больш нічога не цікавіць. Голая ўлада без аніякіх дамешкаў. Што ўшчэнт разбурыла б рэшткі вобразу «народнага прэзыдэнта».

Цяпер, калі стаў зразумелы стартавы склад удзельнікаў кампаніі, можна рабіць прагнозы. Пакуль відавочна, што жалезныя прэтэндэнты на праход у наступны этап кампаніі — Аляксандар Лукашэнка і Алег Гайдукевіч. Ну, і Віктар Бабарыка, які змог сабраць ініцыятыўную групу з 9 тысяч чалавек. А вось здольнасьць усіх астатніх прэтэндэнтаў сабраць 100 тысяч подпісаў — пад вялікім пытаньнем.

Гэтая кампанія павінна даць адказ, ці перафарматавалася культавае беларускае пытаньне «Хто, калі ня Ён?» у новы слоган: «Любы, толькі ня Ён».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.