Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі 19 і 20 траўня разглядае рэшту заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў для вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. З 55 пададзеных раней адхілілі 10: Зялкоўскага, Ціханоўскага і 8 «кандыдатаў пратэсту». За 19 траўня разглядзелі 23 заяўкі, ухвалілі адну.
15 траўня былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі істаршыні ЛДПБ Алега Гайдукевіча, гомельскага фермера-блогера Юрыя Ганцэвіча, прадстаўніка АГП і «кандыдата пратэсту» Ўладзімера Няпомняшчых.
Адхіленыя заяўкі зьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага (замест яго новую заяву падала жонка, Сьвятлана Ціханоўская) і «суворага турыста» Віталя Зялкоўскага (ён не прыйшоў у ЦВК, абмежаваўся электроннай поштай), а таксама васьмі паплечнікаў Міколы Статкевіча — «кандыдатаў пратэсту» Анжалікі Жалязьняковай, Веранікі Мішчанкі, Аляксандра Грачышнікава, Вольгі Мікалайчык, Вікторыі Хатэнкі, Ігара Клешчука, Валянціна Фралова, Антаніны Вішняковай (яны ўжо падалі скаргу ў Вярхоўны суд).
Зарэгістравалі групу:
- прадпрымальніцы Натальлі Кісель (у ініцыятыўнай групе 147 чалавек).
Не зарэгістравалі групы:
- прадпрымальніцы Алены Ашыхмінай (абтэлефанавалі 10 чалавек са 120 з групы, 5 не адказалі, 1 ня змог назваць прозьвішчы тых, у чые групы запісаўся, 4 сказалі, што не давалі згоды на сваё ўключэньне; таксама знайшлі памылкі ў сьпісе каардынатараў і няпоўныя зьвесткі некаторых чальцоў ініцыятыўнай групы; Ашыхміна паабяцала патрабаваць са спасылкай на Канстытуцыю, каб яе рэгістравалі бяз збору подпісаў);
- беспрацоўнай Жанны Раманоўскай (у ЦВК выявілі, што 6 чалавек былі пазначаныя ў сьпісе двойчы, 4 памерлыя, у 16 несапраўдныя зьвесткі, засталося 82 — а неабходна ня менш за 100 чалавек у ініцыятыўнай групе).
- працаўніка Жодзінскага вадаканалу, «кандыдата пратэсту» Дзьмітрыя Кудраўца (паводле ЦВК, «большасьць апытаных» са сьпісу з 500 чалавек заявілі, што падпісваліся за Статкевіча, а Кудраўца ня ведаюць; група на 70% супала зь іншымі кандыдатамі , як сказала Ярмошына, з «бліжэйшага атачэньня Статкевіча);
- фэрмэра з Жлобінскага раёну, «кандыдата пратэсту» Пятра Карабанава;
- горадзенскага пэнсіянэра, «кандыдата пратэсту» Мікалая Саляніка, які ў студзені прыкоўваў сябе ланцугом у судзе;
- гаспадыні аграсядзібы ў Ляхавіцкім раёне, «кандыдаткі пратэсту» Тамары Патоцкай;
- мазырскага беспрацоўнага, «кандыдата пратэсту» Ўладзімера Неўмяржыцкага;
- жонкі Міколы Статкевіча, «кандыдаткі пратэсту» Марыны Адамовіч (у ейнай групе было заяўлена 173 чалавекі — паводле ЦВК, у 151 адсутнічалі сэрыя і нумар пашпарта, Адамовіч назвала гэта хлусьнёй; паводле Ярмошынай, спачатку Адамовіч падала сьпіс ініцыятыўнай групы з нумарамі пашпартоў, але пасьля падала новы сьпіс, у якім не было нумароў пашпартоў);
- лідзкай пэнсіянэркі, «кандыдаткі пратэсту» Рэгіны Беркус — яго і ягоных прадстаўнікоў не было на паседжаньні, таксама як не было названых ніжэй;
- віцебскага пэнсіянэра, «кандыдата пратэсту» Аляксандра Якушкова;
- гомельскага мэдыка, якая заяўляла пра «каранавірусны ціск» на яе, «кандыдаткі пратэсту» Алены Давыдавай;
- народжанага ва Ўкраіне аршанскага беспрацоўнага, «кандыдата пратэсту» Аляксандра Школьнікава;
- кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году, лідэра «Народнай грамады» Міколы Статкевіча, які мае непагашаную судзімасьць за «асабліва цяжкае злачынства» (ня мае права ўдзельнічаць у выбарах да 2023 году);
- сябра БНФ зь Віцебску, «кандыдата пратэсту» Ўладзімера Кійко (паводле ЦВК, у сьпіспе засталося 19 чалавек, дабраахвотны ўдзел якіх не абверглі);
- магілёўскага вахтара, «кандыдата пратэсту» Юрыя Новікава;
- баранавіцкага прадпрымальніка, «кандыдата пратэсту» Юрыя Чудзіновіча;
- рэчыцкага беспрацоўнага, «кандыдата пратэста» Сяргея Статкевіча;
- маладэчанскага электразваршчыка, «кандыдата пратэсту» Віктара Шорца;
- наваполацкага начальніка аддзелу інфармацыйных тэхналёгіяў, судзімага за «ўхіленьне ад сплаты крэдыторскай запазычанасьці», «кандыдата пратэсту» Юрыя Касача (паводле ЦВК, штраф ён за два гады не сплаціў, таму мае непагашаную судзімасьць);
- барысаўскага пэнсіянэра, «кандыдата пратэсту» Аляксандра Абрамовіча (цёзку першага старшыні ЦВК Беларусі);
- дубровенскай беспрацоўнай, «кандыдаткі пратэсту» Натальлі Стрэльчанкі;
- індывідуальнага прадпрымальніка зь Ельскага раёну, «кандыдата пратэсту» Аляксея Зуевіча.
«Маляваначка [па-расейску было сказана „очаровашка“] Жанна Мікалаеўна, так і хочацца зарэгістраваць, сама не дае, — заявіла Ярмошына пра Раманоўскую, якая ўжо спрабавала стаць кандыдаткай у 2015 годзе. — Узяла старыя сьпісы».
Наконт «кандыдатаў пратэсту» Ярмошына адзначыла: магчыма, чальцы іхных ініцыятыўных групаў давалі згоду камусьці з трох дзясяткаў патэнцыйных кандыдатаў, але прэтэндэнты абменьваліся зьвесткамі людзей бязь іхнай згоды і не інфармавалі іх пра ўключэньне ў свае ініцыятыўныя групы. Ярмошына дадала, што праца ЦВК праз «кандыдатаў пратэсту» была цяжкай — параўнала яе з працай мэдыкаў у «чумным бараку».
Ярмошына сказала, яе хацела заразіць каранавірусам «кандыдатка пратэсту»
На паседжаньні 19 траўня ніхто з боку ЦВК не насіў мэдычных масак, але многія «кандыдаты ў кандыдаты» прыходзілі ў масках. Марына Адамовіч гэтым абурылася, Ярмошына ж адказала ёй тым, што ў Адамовіч у групе нібыта быў хворы на каранавірус.
Паводле Ярмошынай, у складзе групаў «кандыдатаў пратэсту» была хворая на каранавірус, якая прыехала ў ЦВК асабіста і патрабавала пэрсанальнага прыёму ў кабінэце, «хацела плюнуць у мяне, каб дакладна».
Як сказала Свабодзе Марына Адамовіч, гаворка ідзе пра гомельскую лекарку і адну з «кандыдатак пратэсту» Алену Давыдаву. Тая не магла б «плюнуць у Ярмошыну», нават калі б хацела, кажа Адамовіч: заявы падавалі не старшыні ЦВК, а двум «драбнейшым чыноўнікам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты, лекарка Алена Давыдава заяўляе пра «каранавірусны ціск» на яеНа момант, калі Давыдава падавала заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы (14 траўня), станоўчага выніку тэсту на COVID-19 у яе не было (пра станоўчы вынік ёй па тэлефоне расказалі вечарам 15 траўня), і нават пры гэтым заяву яна падавала ў масцы. На паседжаньні 19 траўня Давыдавай не было.
Адамовіч дадае, што «каныдаты пратэсту» ня мелі шчыльных кантактаў з Давыдавай — яна іх заразіць не магла, у адрозьненьне ад чальцоў ЦВК, якія на паседжаньні 19 траўня не насілі масак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз каранавірус выбарчыя камісіі будуць фармаваць без назіральнікаў. ЦВК прыняла рашэньне аб скарзеПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.