У лякарнях з дыягназам COVID-19 і віруснай пнэўманіяй знаходзяцца 10 сясьцёр Сьвята-Елісавецінскага манастыра, у большасьці стан здароўя значна паляпшаецца. 20 хворых насельніц застаюцца ў манастыры. З 60 сясьцёр, якія захварэлі на каранавірус, палова выздаравела.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У бальшыні хвароба працякае ў лёгкай форме, у некаторых бессымптомна, паведаміла карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар манастыра манахіня Марыя (Якаўлева).
Хворыя сёстры жывуць у асобным корпусе манастыра і знаходзяцца пад пастаянным назіраньнем дактароў, выконваюць усе прадпісаньні.
Каранавірус выявілі ў манастыры пасьля Вялікадня. Адна з манахінь, у якой быў COVID-19, памерла, ёй было 83 гады, яна жыла на падвор'і.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памерла манахіня Сьвята-Елісавецінскага манастыра. У яе быў станоўчы тэст на каранавірусПаводле манахіні Марыі, манастыр зачынены на карантын да сярэдзіны траўня, «аднак пакуль у нас хворыя сёстры, то ўсё будзе цалкам залежаць ад рашэньня санітарна-эпідэміялягічнай службы і Міністэрства аховы здароўя».
«Нашых сьвятароў цяпер у шпіталях няма. У нашага айца Андрэя па выніках першага тэсту каранавірусу не было, цяпер ён здаў другі тэст. Адзін сьвятар, айцец Сергій, быў у шпіталі, але яго хутка выпісалі, бо ён не адчуваў сябе дрэнна. Цяпер ён дома на самаізаляцыі. Агулам тры сьвятары і адзін дыякан, у якіх быў станоўчы тэст, знаходзяцца на самаізаляцыі дома», — сказала манахіня Марыя.
Таксама захварэў на каранавірус 92-гадовы сьвятар айцец Васіль з Палесься. Ён ня клірык манастыра, але жыў у той час у манастырскім гатэлі.
«Яго выпісалі з бальніцы тыдзень таму. Дарэчы, ён ня быў на ШВЛ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У жаночым манастыры пад Менскам палова насельніц з COVID-19Паводле кіраўніцы прэс-службы, манахіню, якая захварэла першай і трапіла ў бальніцу яшчэ да Вялікадня, выпісалі тыдзень таму.
«Яна лекавалася ў бальніцы ў Глыбокім, куды пачалі класьці людзей з каранавірусам. Дакладна мы ня ведаем, але мы мяркуем, што яна магла там падхапіць гэты вірус. Потым яна прыехала сюды ў сярэдзіне Вялікага посту, за тыдні тры да Вялікадня. У Менску яе паклалі ў шпіталь, і пасьля Вялікадня дыягнаставалі каранавірус. Сёстры ў нас пачалі папросту валіцца, хварэць.
Калі палова сясьцёр хварэе, то гэта сыгнал. Мы разгубіліся і пачалі самі рабіць захады, якія маглі. Мы пачалі аддзяляць здаровых ад хворых і напісалі на сваім сайце тое, што ведалі на той момант. Мы дакладна тады ведалі, што ў дзьвюх манахінь каранавірус, бо яны ўжо былі ў шпіталі, і што захварэла многа іншых. Але ў нас яшчэ ня бралі тэстаў. У нас узялі тэсты толькі 24 красавіка, а 27-га мы даведаліся вынікі. Тады стала ясна, што каля 60 манахінь захварэлі на COVID-19, але ня ўсе сябе так дрэнна адчувалі. Мы выклалі тады інфармацыю на сваім сайце», — сказала яна.
Адна зь лекарак напісала ў Твітэры, што на мінулым тыдні ў яе лякарню паклалі манахінь, сьвятароў і іншых царкоўнаслужыцеляў з сымптаматыкай каранавірусу, што «цяпер бальніца мае максымальную сьвяшчэнную абарону».
Старшыня сынадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ протаярэй Сяргей Лепін сказаў карэспандэнту Свабоды, што ня можа ні пацьвердзіць, ні абвергнуць гэтую інфармацыю. Сярод сьвятароў і манахаў ёсьць хворыя на каранавірус, але дакладнай статыстыкай ён не валодае.
Але ці павялічылася колькасьць выпадкаў захворваньня на COVID-19?
«Я думаю, што зьменшылася, людзі пачынаюць выходзіць з самаізаляцыі, пачынаюць служыць тыя, хто пэўны час (некаторыя цягам месяца) не служыў. Ня так усё сумна. Але ніякіх лічбаў у прэс-службу не даводзілі. Я ведаю сьвятароў, якія цяпер лекуюцца, але назваць іх не магу, бо ёсьць лекарская таямніца. Усе людзі, якія трапляюць пад увагу мэдработнікаў з нагоды каранавірусу, правяраюцца, апытваюцца, выяўляецца іх кола сувязяў», — сказаў айцец Сяргей.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.