Зьніклага гомельскага відэаблогера Za Belarus знайшлі ў ізалятары — асуджаны на 15 сутак

Відэаблогер Іван Рэмязоўскі, кадр з трансьляцыі 7 траўня

У Гомлі асудзілі на 15 сутак арышту відэаблогера Івана Рамязоўскага, аўтара Youtube-каналу «Za Belarus», піша Праваабарончы цэнтар «Вясна». Выйсьці на волю ён мае 23 траўня.

Івана Рамязоўскага затрымалі на наступны дзень пасьля акцыі ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага — тады 7 траўня шэраг прыхільнікаў Ціханоўскага затрымалі і адпусьцілі, але Рамязоўскага забралі зноў. Суд над ім прайшоў 8 або 11 траўня.

Увесь час Рамязоўскі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Пры тым у ізалятары доўгі час адмаўлялі, што блогер знаходзіцца там — прызналі толькі тады, калі мясцовыя актывісты прыйшлі ў апорны пункт пісаць заяву аб зьнікненьні.

У тым жа ізалятары адбываюць пакараньне за «несанкцыянаваныя мерапрыемствы» сама меней тры чалавекі:

  • аўтар каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі, затрыманы 6 траўня і асуджаны на 15 сутак за сьнежаньскую акцыю пратэсту супраць «паглыбленьня інтэграцыі» Беларусі і Расеі;
  • Аляксей Саламашанка, арыштаваны 7 траўня на 15 сутак за ўдзел у акцыі «кармленьня галубоў»;
  • Юры Ўласаў, затрыманы 7 траўня і асуджаны на 15 сутак за акцыю ў падтрымку Ціханоўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Частку затрыманых з каманды блогера Ціханоўскага вызвалілі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 313 сутак арышту і 13041 рубель штрафу на 45 пакараных пасьля параду 9 траўня. Сьпіс