Палітычны актывіст Зьміцер Дашкевіч заяўляе, што сёньняшнія лідэры апазыцыі ня любяць адзін аднаго, ацэньвае самастойнасьць вылучэньня Цапкалы і Бабарыкі і дае свой адказ на вечнае пытаньне «што рабіць».
Сьцісла
- Вылучэнцы на выбары — гэта ўтапісты, якія не разумеюць рэальнага стану рэчаў, слушна не ацэньваюць свае сілы, структуры рэжыму.
- Наша галоўная задача — застацца пры памяці і пры сілах у дзень, калі Лукашэнкі ня будзе.
- Палітычныя лідэры дваццаць гадоў раскідваюць камяні, а ня думаюць пра тое, каб іх зьбіраць.
- На праймэрыз сабраліся людзі, якія адзін аднаго даўно ня любяць (скажам дыпляматычна), адзін аднаму даўно не давяраюць.
- Лукашэнка і ягоны паліцэйскі рэжым ня здатныя на такую тонкую гульню.
— У Беларусі пачалася выбарчая кампанія. І нярэдка людзі, якія нават выступаюць за байкот ці няўдзел у выбарах, выкарыстоўваюць кампанію як нагоду для «кіпішу», пэўнай палітычнай актыўнасьці. Але вы апошнім часам, як выглядае, у сваёй грамадзка-палітычнай дзейнасьці канцэнтруецеся выключна на курапацкай варце. То бок і гэтыя выбары для вас пройдуць незаўважна?
— Гэта, вядома, ня выбары, і ніколі выбарамі не былі. Гэта палітычная кампанія. І гэтая кампанія істотна адрозьніваецца ад тых, у якіх апазыцыя спрабавала ўдзельнічаць раней. Самае галоўнае адрозьненьне — раней (было гэта ўтопіяй ці не) апазыцыя заяўляла, што яна змагаецца за ўладу. Асабіста я да 2010 году ў гэта верыў і быў перакананы, што калі б грамадзтва і палітыкі праявілі волю — гэтую ўладу можна было б узяць.
Але сёньня пра зьмену рэжыму людзі, якія зьбіраюцца балятавацца, нават не гавораць. Нехта «на разагрэў», нехта «ўмацаваць свае структуры» пад назвай «партыя». Што заўгодна, але толькі ня зьмена ўлады, зьмены ў краіне. Для чаго на гэта марнаваць час і сілы — вялікае пытаньне. Таму ня бачу ніякага сэнсу для сябе займацца гэтым глупствам.
— Аднак падчас гэтай кампаніі на авансцэну выходзяць новыя сілы, новыя ўдзельнікі — выхадцы з намэнклятуры і блогеры. Як вы ставіцеся да блогераў (напрыклад, Ціханоўскі, Сьпірын), якія заяўляюць пра свае палітычныя намеры?
— З аднаго боку, добра, калі чалавек «прачынаецца» і вырашае, што трэба нешта мяняць у краіне. Але ў большасьці сваёй гэта ўтапісты, якія не разумеюць рэальнага стану рэчаў, слушна не ацэньваюць свае сілы, структуры рэжыму. Таму шкада будзе людзей, якіх яны ўцягнуць, падвядуць пад рэпрэсіі, перасьлед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдацтва як праклён. Навошта беларусы ідуць у прэзыдэнты— Улада, аднак, убачыла ў іх пагрозы. Можа, ня столькі канкрэтна ў блогерах, колькі ў тых патэнцыйных пратэстах, якія яны могуць узначаліць. Ужо затрыманыя і пакараныя арыштамі ці штрафамі каля сотні чалавек, якія проста прыходзілі на сустрэчы з блогерамі ці выказвалі салідарнасьць. Улада робіць усё, каб спыніць пратэст у зародку — значыць, яна адчувае і баіцца, што ён можа стаць масавым?
— У аўтарытарным рэжыме любы рух, пратэст, калі яго дазволіць, калі даць яму разьвіцца, рана ці позна набярэ дастатковую вагу, каб кінуць выклік уладзе. Калі даць гэтым людзям свабодна выказвацца і зьбірацца, то гэта можа нарастаць і стварыць праблемы, тым больш у выбарчы час. Тым больш у сытуацыі, калі людзі пачынаюць абурацца ўладай ужо ня толькі на кухнях, а і ў грамадзкіх месцах. Я сутыкаюся з гэтым штодня, чаго я раней ня бачыў. Таму рэжым хоча перастрахавацца.
— А ў чым, у якой форме можа сябе праявіць гэтае нездавальненьне людзей уладай? Куды магчыма ім накіраваць сваю энэргію пратэсту, калі ў выбарах вы ня бачыце сэнсу ўдзельнічаць?
— Фактычна вы задаяце пытаньне «Што рабіць?». Я пра гэта казаў і раней, у тым ліку і Свабодзе. Ёсьць шмат рэчаў, якія трэба рабіць, якія будуць нас збудоўваць, натхняць і рыхтаваць перамены. Мы можам паўсюль размаўляць па-беларуску. Мы можам прыйсьці ў Курапаты і падтрымаць варту. Апошнія гады было некалькі эпахальных падзей, якія засьведчылі, што нават у сьціснутых умовах, у якіх жыве цяпер грамадзянская супольнасьць, можна адзін аднаго натхняць і падтрымліваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Ноч расстраляных паэтаў» беларусы ахвяравалі амаль 5 тысяч даляраўНаша галоўная задача — застацца пры памяці і пры сілах у дзень, калі Лукашэнкі ня будзе. З пазытыўных рэчаў можна ўзгадаць БНР100, перапахаваньне Каліноўскага, Курапаты, калі высілкамі невялікай колькасьці людзей можна зрабіць рэчы, якія даюць сілу. На гэтым я б параіў сканцэнтравацца людзям, якія могуць гэта пачуць. На тых рэчах, якія будуць нас яднаць і натхняць. А не на тых, пасьля якіх мы крычым — «а, зноў асудзілі, пабілі, затрымалі». А потым — адзін зьехаў, другі закрыўся, і гэтак далей.
Энэргія ў народзе, якая цяпер закіпае, можа быць накіраваная ў пазытыўнае рэчышча. Праблема, што палітычныя лідэры дваццаць гадоў раскідваюць камяні, а ня думаюць пра тое, каб іх зьбіраць.
— Статусная апазыцыя правяла працэдуру праймэрыз, але яна скончылася ня вельмі ўдала, і ў якасьці прычыны названая пандэмія каранавірусу...
— Галоўная прычына, чаму так усё скончылася, у тым, што там сабраліся людзі, якія адзін аднаго даўно ня любяць (скажам дыпляматычна), адзін аднаму даўно не давяраюць. Але нехта ім сказаў — «рабяты, вам трэба зараз вось гэта правесьці». Гэта адпачатку была ўтапічная ідэя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Месца лідэра апазыцыі ў Беларусі — свабоднае». Што яшчэ паказалі праймэрызМы за 26 гадоў назіралі дзясяткі такіх кампаній, калі апазыцыя сядае за адзін стол, цалуюцца, абдымаюцца, іхныя твары на першых старонках незалежнай прэсы — «нарэшце аб’ядналіся». Але потым усё сканчаецца адным і тым жа.
Я даўно прыйшоў да высновы, што ня трэба нікога аб’ядноўваць, ні да кога ісьці. Трэба рабіць тое, што ты можаш рабіць. Калі гэта будзе годная справа, людзі цябе падтрымаюць. У 2016 годзе мы абаранялі Курапаты ад новага забудоўшчыка. Ні з кім не аб’ядноўваліся, за круглыя сталы не сядалі. Прыйшлі і проста леглі ў гэтыя лужыны — і потым там сабралася ўся апазыцыя. Таму ня трэба спрабаваць аб’яднаць вожыка, вужаку і жабу. Трэба рабіць годную справу, і людзі далучацца.
— У праймэрыз удзельнічаў і Павал Севярынец, які трошкі адрозьніваецца ад іншых апазыцыйных лідэраў і які, магчыма, бліжэйшы да вас паводле біяграфіі і палітычных поглядаў. Як вы ўспрынялі ягоны ўдзел у гэтай працэдуры?
— Я лічу, што гэта адпачатку была дурная ідэя, акт палітычнага самагубства. Чалавек стрэліў сабе ў нагу. Не хачу гэта больш камэнтаваць.
— Гэтая кампанія таксама адметная тым, што зьявілася некалькі патэнцыйных кандыдатаў (Цапкала, Бабарыка), якіх можна ўспрымаць як выхадцаў з кіроўнай эліты, з даволі высокім статусам. Ці лічыце вы іх вылучэньне самастойным рашэньнем альбо часткай паліттэхналёгіі ўлады?
— Зыходзячы з таго, што мы бачым у Беларусі 26 гадоў — я думаю, што Лукашэнка і ягоны паліцэйскі рэжым ня здатныя на такую тонкую гульню. Тым больш у сытуацыі, калі палітычная апазыцыя самазьнішчылася. І тут раптам для чагосьці трэба Цапкала... І безь яго намалююць любую яўку і працэнты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шукаў неўміручасьці, вячэраў з Дэ Ніра і ганіў міністраў. Нечаканыя факты пра Цапкалу, які ідзе ў прэзыдэнты— Мінулы, 2019 год прайшоў пад знакам «пагрозы незалежнасьці». Але цяпер гэтая тэма неяк забылася пад каранавірусам і прэзыдэнцкай кампаніяй. Ці застаецца гэтая тэма актуальнай, асабліва на фоне таго, што ў Беларусі, як некаторыя лічаць, пачынаецца сыстэмны крызіс?
— Пакуль Беларусь суседнічае з імпэрыяй, выклік для беларускай незалежнасьці заўсёды быў, ёсьць і будзе. Але я зыходжу з таго, што творца гісторыі — Бог. Беларусь — гэта парадокс гісторыі. Нас тут не павінна было быць, калі разважаць, колькі год нас выразалі, зьнішчалі, палянізавалі, русыфікавалі. Але мы тут ёсьць. І не для таго, каб раптам Беларусь зьнікла. Мы ёсьць, былі і будзем з пэўнымі выклікамі, да якіх трэба рыхтавацца.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.