Стала ўжо агульным месцам сьцьвярджаць, што патэнцыйныя кандыдаты, якія вылучаюцца на цяперашніх выбарах, робяць гэта дзеля сваёй будучай палітычнай пэрспэктывы. Маўляў, яны адэкватныя людзі, разумеюць, што перамагчы сёньня ім ніхто не дазволіць — але ідуць дзеля таго, каб заняць сваё «пачэснае месца» ў актыўнай і канкурэнтнай палітыцы наступных гадоў.
Нібыта лягічны аргумэнт, які, аднак, ня ўлічвае адной сумнай акалічнасьці. Каму зь беларускіх палітыкаў удзел у прэзыдэнцкіх выбарах у часы Лукашэнкі пайшоў на карысьць, каму яны сталі трамплінам для будучай пасьпяховай палітычнай кар’еры?
Нікому.
Усё наадварот. Кандыдатаў (нават патэнцыйных) у прэзыдэнты альбо саджалі (Чыгір, Марыніч, Казулін, у 2010-м — Вус, Міхалевіч, Някляеў, Саньнікаў, Статкевіч), альбо выбары станавіліся вяршыняй іхнай палітычнай кар’еры, пасьля чаго адбывалася падзеньне. «Адзіных» Ганчарыка і Мілінкевіча адразу пасьля галасаваньня апазыцыя «разьвенчвала», пазбаўляючы статусу «лідэра апазыцыі». І нават маладая Тацяна Караткевіч (у якой, здавалася б, усё наперадзе) пасьля выбараў сышла ў цень, і цяпер ад «Гавары праўду» ідзе іншы чалавек — а чамусьці не яна, у якой, магчыма, застаецца даволі вялікая пазнавальнасьць сярод насельніцтва.
Гэта ўвогуле нейкае беларускае правіла — акрамя Гайдукевіча і Лукашэнкі, ніхто яшчэ ў беларускай гісторыі ня быў кандыдатам у прэзыдэнты больш за адзін раз. Кандыдацтва як праклён.
Таму наконт матывацый цяперашніх вылучэнцаў застаюцца тры вэрсіі.
- Яны гэтага правіла не разумеюць. Цалкам дапушчальна для некаторых «анэкдатычных» прэтэндэнтаў.
- Яны гэтае правіла ведаюць, але пабыць кандыдатам для іх — ужо дастатковая мэта сама па сабе, прыгожы радок у біяграфіі. Урэшце, гэта таксама даволі адэкватная матывацыя.
- Яны ўсё разумеюць, але думаюць, што гэтым разам будзе ўсё па-іншаму. Што на фоне абяцаных Лукашэнкам зьменаў у Канстытуцыю пасьля гэтых выбараў будзе зусім іншае палітычнае жыцьцё, пропускам у якое стане іхнае кандыдацтва.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 гадоў на адной пасадзе, мае падзяку ад Лукашэнкі. Хто такі банкір Віктар Бабарыка, які ідзе ў прэзыдэнты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шукаў неўміручасьці, вячэраў з Дэ Ніра і ганіў міністраў. Нечаканыя факты пра Цапкалу, які ідзе ў прэзыдэнтыПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.