Журналіста Алеся Асіпцова асудзілі на 10 сутак арышту. Ён трымае галадоўку

Алесь Асіпцоў пасьля суду ў Магілёве

Суд у Магілёве над журналістам Алесем Асіпцовым пачаўся 12 траўня каля 9.30. Вырак — 10 сутак арышту. Асіпцоў трымае галадоўку ад 9 траўня.​

Пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Алесь Асіпцоў быў затрыманы за нібыта адміністрацыйнае правапарушэньне, але за якое, не было вядома да самага суду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ распачаў збор грошай для арыштаваных журналістаў 

На працэс у суд Кастрычніцкага раёну не пусьцілі дачку журналіста Яніну і актывістаў, якія прыйшлі яго падтрымаць.

Суд адбываецца ў кабінэце судьдзі, быццам усе залі занятыя і ў сувязі з эпідэміялягічнай сітуацыяй. Сама судьдзя Натальля Ясенка была бяз маскі.

Судзьдзя Натальля Ясенка бяз маскі

Дачка Асіпцова Яніна сядзіць каля дзьвярэй залі суду. Ёй не хапіла месца з-за абмежаваньня на прысутнасьць толькі аднаму чалавеку з падтрымкі

Асіпцоў перад судом распавёў, што яго затрымалі, калі ён фатаграфаваў людзей, якія зьбіраліся зладзіць акцыю «Антыпарад».

Паводле журналіста, да яго падышоў міліцыянт і паведаміў, што ён мусіць прайсьці зь ім, бо на яго заведзеная адміністрацыйная справа. Пазьней Алесь Асіпцоў даведаўся, што справу супраць яго завялі за ўдзел у сустрэчы 5 траўня каля крамы «Гіпа» з прыхільнікамі блогера Сяргея Ціханоўскага (самаго блогера на сустрэчы не было).

Сьведкі-міліцыянты «ня памятаюць», ці быў Асіпцоў у масцы

Сьведка міліцыянт Яўген Жукаў расказаў, што ўвечары 5 траўня на паркоўцы каля крамаў «Гіпа» і «5 элемэнт» зьехаліся аўтамабілісты. У сустрэчы бралі ўдзел каля 50 чалавек, зазначыў сьведка. Паводле яго, людзі абмяркоўвалі сытуацыю ў краіне, «казалі, што ўсё дрэнна», а закончылася акцыя словамі «Далоў вусатага таракана».

Сьведка Жукаў

«А гэты таварыш быў сярод іх», — сказаў сьведка пра Алеся Асіпцова, але дакладна апісаць ягоны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі так і ня змог.

«На яго зьвяртаць увагу задача ня ставілася, таму я за ім не сачыў. Ён сам не мітынгаваў, але выказваў згоду з тым, што там адбывалася», — сказаў пра журналіста міліцыянт Жукаў. Паводле сьведкі, у Асіпцова ён ня бачыў журналісцкага бэджа з пасьведчаньнем.

Асіпцоў спытаў у сьведкі, ці быў ён на сустрэчы ў мэдычнай масцы.

«Цікавае пытаньне. Трэба падумаць», — сказаў сьведка. Раней ён заяўляў, што добра бачыў твар Алеся Асіпцова і таму цяпер пазнаў яго ў судзе.

На фоне — сьведкі ў справе Асіпцова

Ня змог дакладна адказаць на пытаньне пра маску ў Асіпцова і другі сьведка, міліцыянт Аляксандар Сераштан.

«Па-мойму, не», — сказаў сьведка. Нічога пэўнага пра ўдзел журналіста ў сустрэчы, якую ён назваў «мітынгам», міліцыянт таксама ня змог паведаміць.

«Усе кантактавалі адзін з другім, ён таксама, але з кім дакладна ён кантактаваў, сказаць не магу», — паведаміў сьведка.

Дакладнае месца, дзе знаходзіўся Алесь Асіпцоў, сьведка вызначыць ня змог. «Сярод людзей». Між тым, паводле журналіста, ён трымаўся на адлегласьці 10-25 мэтраў ад кола людзей, бо назіраў за падзеямі і здымаў іх на фота.

Асіпцоў не прызнаў віны, працягнуў галадоўку

Алесь Асіпцоў віны не прызнае: ён заяўляе. што працаваў на той сустрэчы як журналіст, меў журналісцкае пасьведчаньне, насіў журналісцкі бэдж, прафэсійную тэхніку і рэдакцыйнае заданьне. Паводле Асіпцова, яго везьлі ў аддзел міліцыі з парушэньнем нормаў санітарыі, ён выказваў пратэст, а потым абвясьціў галадоўку.

Асіпцоў размаўляе з роднымі пасьля выраку

Пасьля выраку — 10 сутак арышту — Асіпцоў заявіў, што працягне галадоўку.

З 21.00 9 траўня Алесь Асіпцоў на знак пратэсту не прымае ежу, у судзе ён сказаў, што адчувае сябе блага. Аспіцоў дадаў, што максымальнае пакараньне яму толькі дадасьць гучнасьці гэтай незаконнай, на яго думку, справе. Судзьдзя не задаволіла хадайніцтва Асіпцова і ягонага адваката аб правядзеньні працэсу ў судовай залі.

Пасьля суду Алесь сказаў, што не разьлічваў на справядлівы прысуд, а гэты вырак прыцягнуў увагу да адсутнасьці свабоды слова ў Беларусі і, у прыватнасьці, у Магілёўскай вобласьці, дзе ў гэтыя дні ён стаў ужо трэцім асуджаным да арышту журналістам-фрылянсэрам.

«Галадоўку спыняць ня буду, далей усе будзе залежаць ад майго здароўя», — сказаў Асіпцоў.

Калегі і сябры пажадалі журналісту вытрымкі. Алесь Асіпцоў напісаў скаргу на пастанову Кастрычніцкага раённага суду Магілёва, бо лічыць прыцягненьне яго да суду незаконным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 25 сутак. Затрыманых перад парадам асудзілі на штрафы і арышты

Алесь Асіпцоў зьнік 9 траўня — у гэты дзень у Бабруйску прайшоў несанкцыянаваны «антыпарад», на які заклікаў блогер Сяргей Ціханоўскі. Перад акцыяй затрымалі шэраг журналістаў.

Калі зьнік Асіпцоў, ягоныя калегі і родзічы тэлефанавалі ў бабруйскія УУС і РАУС, а таксама ў ДПС — там не далі ніякай дакладнай інфармацыі пра Алеся, а жонцы параілі пісаць заяву аб зьнікненьні. Дачка журналіста прасачыла тэлефон бацькі праз адмысловую праграму — апарат знаходзіцца ў Бабруйску, на вуліцы Гогаля, 18. Гэта аддзел міліцыі Ленінскага раёну Бабруйску.

11 траўня стала вядома, што Асіпцоў чакае суду не ў Бабруйску, а ў магілёўскім ізалятары, і там ён быў зь вечара 9 траўня. Суд прызначылі толькі на 12 траўня — патлумачылі адкладаньне працэсу загружанасьцю судзьдзяў.


Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Буракова асудзілі на 10 сутак арышту за тое, што нібыта ўдзельнічаў у акцыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Глыбоцкі журналіст пасьля прысуду трапіў у рэанімацыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьніклы ў Берасьці праваабаронца «Вясны» знайшоўся ў кобрынскім ізалятары